Леанід Ковель

21‑гадовы беларускі нападаючы Леанід Ковель мае два дзейныя кантракты — з украінскімі «Карпатамі» з Львова і расійскім «Сатурнам» з Раменскага.

Пра гэта ў інтэрв’ю львоўскай газеце «Высокий замок» паведаміў агент футбаліста Аляксандр Кулішэвіч. Паводле яго слоў, Міжнародная федэрацыя футбола (ФІФА) павінна вырашыць, гульцом якога клуба з’яўляецца Л.Ковель.

А.Кулішэвіч пацвердзіў, што пад кантрактам футбаліста з «Карпатамі» на 2008—2011 гады стаіць подпіс самога Л.Ковеля.

«Ён лічыць, што не падпісваў кантракта з «ФК «Карпаты», што гэты бланк яму проста падсунулі. Ён на той момант думаў, што падпісваў пагадненне аб арэндзе. Я запытаўся ў Леаніда, навошта ён падпісаў кантракт, ён жа не мае права гэта рабіць без футбольнага агента. Леанід быў шакіраваны і сказаў мне, што не ведаў, за што распісаўся… Але з 1 студзеня 2008 года гэты кантракт набыў сілу», — канстатаваў А.Кулішэвіч.

Л.Ковель, паводле слоў агента, «цвёрда сказаў», што не вернецца ў «Карпаты», нават калі давядзецца адбыць дыскваліфікацыю (пры наяўнасці кантрактаў з двума клабамі гулец можа быць адхілены ад футбола на год).

31 студзеня «Карпаты» накіравалі скаргу ў ФІФА па справе Л.Ковеля. Сярод дакументаў — заключэнне Кіеўскага навукова‑даследчага інстытута судовых экспертыз аб сапраўднасці подпісу Л.Ковеля пад чатырохгадовым кантрактам з «Карпатамі».

Гулец мінскага «Дынама» Л.Ковель быў аддадзены ў арэнду «Карпатам» з 26 лютага па 31 снежня 2007 года, за што ўкраінскі бок заплаціў 70 тыс. долараў. 21 лістапада «Карпаты» пералічылі ў Мінск яшчэ 430 тыс. долараў, каб выкупіць трансфер футбаліста. Кіраўніцтва львоўскага клуба заявіла, што ў перыяд арэнды Л.Ковель падпісаў чатырохгадовы кантракт, які ўступіў у сілу 1 студзеня гэтага года. «Дынама» засумнявалася ў сапраўднасці дакумента і заявіла, што «Карпаты» выкупілі толькі палову трансферных правоў.

Цяпер гулец знаходзіцца ў «Сатурне», з якім заключыў пяцігадовае пагадненне. У сваю чагу «Карпаты» выставілі гульца на трансфер і просяць не менш як 3 млн. долараў.

12 студзеня «Дынама» вярнула львоўскай камандзе 430 тыс. долараў, аднак генеральны дырэктар «Карпат» Аляксандр Яфрэмаў заявіў, што банк не прыняў плацёж, паколькі «мінскі клуб не здолеў належным чынам сфармуляваць сваё плацёжнае даручэнне».

Дзьмітры Уласаў, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0