Гісторыя капітана Кіда ў свой час натхніла пісьменніка Роберта Стывенсана на напісанне «Выспы скарбаў».

Злітак вагой 50 кілаграмаў быў знойдзены на плыткаводдзі ля берагоў выспы Сэнт-Мары (Нусі-Бураха) на ўсход ад Мадагаскара.

Знаходка была перададзеная прэзідэнту Мадагаскара на спецыяльнай цырымоніі, у якой прынялі ўдзел брытанскія і амерыканскія дыпламаты.

Злітак быў знойдзены камандай даследнікаў на чале з вядомым падводным археолагам з ЗША Бары Кліфардам. Ён не сумняваецца, што знойдзены ім злітак захоўваўся на караблі, пабудаваным у XVII стагоддзі ў Англіі.

Аднак шэраг спецыялістаў заяўляе, што доказаў, якія пацвярджаюць сапраўднасць знаходкі, недастаткова і патрабуецца дадатковая экспертыза. Адзін з варыянтаў — адправіць узоры драўніны патанулага карабля ў Брытанію, каб вызначыць, ці сапраўды судна было пабудавана ў Англіі.

Пасол Вялікабрытаніі ў Мадагаскары Цімаці Смарт выказаў надзею, што ў любым выпадку знаходка Кліфарда павысіць папулярнасць дзяржавы сярод турыстаў.

Уільям Кід (паводле іншых звестак, яго звалі Робертам) нарадзіўся ў Шатландыі каля 1645 года.

У 1695 году капітан атрымаў ад брытанскага ўрада каперскі (карсарскі) патэнт, які дазваляў яму рабаваць гандлёвыя судны варожых Англіі дзяржаў.

У 1698 Кід напаў на армянскае судна «Кедахскі купец», якія ішлі пад французскім сцягам. Капітанам «Купца» быў англічанін Джон Райт. Пасярэднікам у гэтым плаванні была Англійская Ост-Індская кампанія. На борце знаходзіўся груз з Усходняй Індыі: атлас, муслін, шоўк, золата, срэбра.

З-за таго, што Кід напаў на судна, якое мела дачыненне да Ост-Індскай кампаніі, супраць яго былі вылучаныя абвінавачванні ў пірацтве. Акрамя таго, капітану прад'явілі абвінавачанне ў забойстве члена экіпажа яго судна падчас бунту ў 1697 годзе.

У 1701 Уільяма Кіда прызналі вінаватым і павесілі, прычым з другой спробы, паколькі ў першы раз вяроўка абарвалася. Паводле легенды, яму ўдалося схаваць значную частку нарабаванага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?