Новы папяровы сябра «Гарбузік» падрыхтаваў для цікаўных, разумненькіх і актыўных маленькіх беларусаў найлепшыя спосабы прабавіць вольны час. Ён навучыць лічыць і выразаць аўтарскія выцінанкі Вольгі Бабурынай, майстраваць папяровыя замкі і рашаць касмічныя задачкі, апавядзе, як адрозніць правую руку ад левай і лёгка засвоіць новыя англійскія словы!

«Гарбузік» паўстаў колькі гадоў таму як бацькоўскі самвыдат для беларускамоўных дзетак, — кажа рэдактар альманаха Вольга Мазурава. — Мы дзяліліся на форумах dzietki.org уражаннямі наконт дзіцячых выданняў і аднойчы зразумелі, што для сваіх дзяцей можам і мусім зрабіць нешта сваё, вясёлае і радаснае.

Назву прыдумлялі ўсім сайтам (дагэтуль на «Нашых дзетках» можна знайсці галасаванку з варыянтамі, якія прапаноўвалі натхнёныя ўдзельнікі: «Сябрынка», «Весялiнка», «Чамучак», «Жэўжыкі», «Апалонік»…) Уласна «Гарбузік» прыдумала Крысціна Вітушка. Мы з Палінай Грынчанкай узяліся ўкладаць і рэдагаваць выданне, Ірына Бурносенка — вярстаць і рабіць дызайн, Алена Церашкова шчодра навыдумляла вершаў. Нехта маляваў гульні, нехта складаў рэбусы, нехта пераказваў дзіцячыя цікавосткі з іншых краін. Жаданні і просьбы нашых маленькіх чытачоў мы чулі адразу, гартаючы разам з імі старонкі новых нумароў. Загалоўнага персанажа — няўрымсліка Гарбузіка — урэшце стварыла мастачка Вольга Раманюк, яна ж намалявала для яго ўтульны і таварыскі свет».

«Бацькі, аб’яднаныя сайтам «Нашыя дзеткі», шчыра захаплялі мяне, — кажа сябра рэдакцыйнай калегіі альманаха і пісьменніца-казачніца Алена Масла. — Бо замест скаргаў на тое, што для беларускамоўных дзетак нічога няма, запачаткавалі і рабілі харошую справу. Калі з’явілася задума выдаваць альманах для дзяцей у Саюзе беларускіх пісьменнікаў, пачалі думаць над назвай, канцэпцыяй, магчымай камандай. Я прапанавала арганізацыі «ўсынавіць» «Гарбузіка». Пры альманаху створаная прадстаўнічая рэдкалегія з вядомых аўтараў. Упэўненая, кожны з творцаў паможа «Гарбузіку» чым зможа: і падкорміць яго ўласнымі выбітнымі творамі для дзяцей, і творчым калегам дарогу да выдання падкажа, і слоўца рэкламы не забудзецца сказаць у розных аўдыторыях».

«Гэты нумар «Гарбузіка» — такі сабе the best of папярэдніх нумароў, — кажа Анатоль Івашчанка, сябра рэдакцыйнай калегіі і малады беларускамоўны бацька. — Галоўнай задачай укладальнікаў было, каб гэты выпуск не ператварыўся ў стракаты вінегрэт, а выглядаў цэласным і канцэптуальным. І я лічу, што каманда з гэтай задачай справілася бліскуча! Нумар атрымаўся гарманічным і арганічным як па змесце, так і па афармленні.

Пры заяўленай ад пачатку арыентацыі на дашкалятаў і малодшыя класы, здаецца, што аўдыторыя ў «Гарбузіка» шырэйшая. Прынамсі, мая 9-гадовая дачка, узяўшы ў рукі гэты альманах, была ў захапленні. А цяпер яна з нажніцамі майструе макет Лідскага замка, каб засяліць туды яго гаспадара –— вялікага князя Гедыміна».

У каманды стваральнікаў вялікае мноства задумак: «Хочам рабіць выпускі як для дашкольнікаў, так і для малодшых школьнікаў, — дзеліцца планамі Вольга Мазурава, — А таксама разгорткі з настольнымі гульнямі. Тэматычныя выпускі (найбліжэйшы — «Цуды свету»). Самаробкі, галаваломкі, творы беларускіх аўтараў і пераклады сусветнай дзіцячай класікі, вершы і прозу, энцыклапедычныя старонкі, тэсты, конкурсы… Як той казаў, дай Бог чутае пабачыць!»

«Лічыцца, што каша з гарбузоў, гарбузянка, — спажыўная і карысная, — дадае Алена Масла. — Вельмі спадзяемся, што «Гарбузік» такую літаратурна-культурную кашу заварыць, якая натхніць творцаў тварыць, а дзяцей — чытаць сваё!»

 ***

Набыць карыснага і забаўляльнага «Гарбузіка» ўжо можна ў сталічных кнігарнях:

«Акадэмкніга» (пр-т Незалежнасці, 72); кнігарня «логвінаЎ» (пр-т Незалежнасці, 37А); «Кніжны салон» (вул. Калініна, 5); «Кнігарня пісьменніка» (вул. Казлова, 2); «Веды» (вул. К. Маркса, 36); «Светач» (пр-т Пераможцаў, 11); «Цэнтральны кніжны» (пр-т Незалежнасці, 19); «Кнігі & кніжачкі» (пр-т Незалежнасці, 14); Кніжная выстава-кірмаш «Мир книг» (вул. Янкі Купалы, 27); «Эўрыка» (вул. Куйбышава, 75).

А таксама ў інтэрнэт-крамах knihi.by і prastora.by.

Неўзабаве шукайце дзіцячы альманах і ў рэгіёнах!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?