Андрэй Апановіч у складзе Litvintroll на Metal Crowd 2014. Фота з суполкі Litvintroll «УКантакце»

Андрэй Апановіч у складзе Litvintroll на Metal Crowd 2014. Фота з суполкі Litvintroll «УКантакце»

Беларускі гурт Litvintroll не здолеў дамовіцца з былым удзельнікам і ўладальнікам правоў на назву Васілём Верабейчыкавым. Але «тролі» будуць граць пад новай назвай, распавёў «Нашай Ніве» лідар гурту Андрэй Апановіч.

Новая назва не будзе «пераробкай» Litvintroll накшталт «Litvin Trolls» — гурт чакае вялікі рэбрэндынг. Цягам месяца будзе прадстаўленая новая назва і першы сінгл.

Сёння гурт актыўна рэпетуе з новым удзельнікам, імя якога пакуль таксама не раскрываецца.

«Будзе больш жорстка, без усякіх пафасаў. Больш металу будзе, — кажа Апановіч. — Фолк таксама застанецца. З гэтага пачыналі, так і будзе».

Пакуль Апановіч не ўпэўнены, ці прыйдзецца раскручваць гурт «з нуля», ці публіка пазнае «троляў» пад новай назвай. Гурт ужо мае шэраг прапаноў на некалькі канцэртаў, вядуцца перамовы.

Дамовіцца з Васілём Верабейчыкавым гурт больш не спрабуе. «Ён даслаў нам ліст афіцыйны ўсім па пошце, дзе ён даў нам зразумець, што нічога ў нас не атрымаецца», — кажа Апановіч.

***

Litvintroll быў заснаваны ў 2005 годзе ўдзельнікамі гурту «Стары Ольса» — дударом Андрэем Апановічам і бубначом Сяргеем Тапчэўскім. Дудар Васіль Верабейчыкаў быў дэ-факта дырэктарам гурту.

Гурт граў фолк-метал з тэкстамі на беларускай, польскай і англійскай мовах. Гурт запісаў два поўнафарматных альбомы. Часта выступаў на беларускіх фестывалях у якасці хэдлайнера, меў паспяховыя выступы ў бліжнім замежжы.

Ад імя гурту 10 красавіка 2015 года Верабейчыкаў паведаміў пра прыпыненне існавання Litvintroll.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?