09.05.2015 / 15:10

У БДУ створаная электронная база даных пра салдат і партызан, якія загінулі ці прапалі без вестак падчас Другой сусветнай вайны

У Беларускім дзяржаўным універсітэце распрацаваная першая электронная інфармацыйна-даведачная база даных пра салдат і партызан Беларусі, якія загінулі ці прапалі без вестак падчас Другой сусветнай вайны, паведамляе прэс-служба ВНУ. 

Ініцыятарам і распрацоўшчыкам электроннай базы выступіў гістарычны факультэт БДУ. Крыніцай інфармацыі паслужылі кнігі серыі «Памяць. Гісторыка-дакументальныя хронікі беларускіх раёнаў». 

Цяпер гісторыкі БДУ апрацоўваюць і ўносяць у базу даныя па Мінску і Мінскай вобласці — сістэма ўжо ўключае звесткі больш як пра 10 тысячах удзельніках вайны. «У хуткім часе супрацоўнікі і студэнты гістарычнага факультэта пачнуць напаўняць сістэмы звесткамі пра воінаў-землякоў іншых абласцей Беларусі. Акрамя таго, мяркуецца, што сюды ўвойдзе інфармацыя пра мірных жыхароў — ахвяр фашысцкага тэрору і салдатах, якія вярнуліся з фронту», — адзначылі ў БДУ. 

Навігацыя электроннага рэсурсу дазваляе весці пошук людзей па прозвішчы, імені, імені па бацьку, вобласці, раёну, гораду/вёсцы нараджэння і месцы смерці. 

База даных з'яўляецца адкрытай. Заўвагі пра недакладныя даныя, а таксама новыя звесткі, якія ўвайшлі ў кнігу «Памяці», можна паведамляць па спасылцы.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру