Аляксандар
Зьдзьвіжкоў

Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» заклікае да неадкладнага вызваленьня былога намесьніка галоўнага рэдактара газэты «Згода» Аляксандра Зьдзьвіжкова.

18 студзеня Зьдзьвіжкоў быў асуджаны на тры гады турмы за «падбухторваньне да расавай, нацыянальнай і рэлігійнай варожасьці».

Паводле «Amnesty International», Зьдзьвіжкоў ёсьць «вязьнем сумленьня», а перадрукаваныя ім з інтэрнэту ў газэце карыкатуры на прарока Мухамэда — «звычайная рэалізацыя свабоды на самавыяўленьне». Як падкрэсьлівае ў сваім звароце гэтая міжнародная праваабарончая арганізацыя, супраць прысуду журналіста нават выступіла кіраўніцтва аб’яднаньня мусульманаў Беларусі.

«Amnesty International» заклікае жыхароў розных краін сьвету, якія неабыякавыя да лёсу беларускага журналіста, даслаць яму лісты падтрымкі непасрэдна ў менскі сьледчы ізалятар, а таксама даслаць патрабаваньні аб вызваленьні Зьдзьвіжкова беларускаму прэзыдэнту, генэральнаму пракурору і міністру ўнутраных спраў.

Як вынікае са звароту «АІ», беларускім уладам трэба нагадаць пра міжнародныя абавязаньні гарантыяў права на свабоду выяўленьня, сходаў і арганізацыяў, пад якімі ў свой час падпісалася Беларусь.

Алена Струвэ, Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0