Прэзыдэнт Беларусі падпісаў восьмага лютага Ўказ № 70, якім былі ўнесеныя дапаўненьні й зьмены ў правілы прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спэцыяльныя навучальныя ўстановы. Згодна з новым законам, усталёўваюцца аднолькавыя ўмовы й скарачаюцца тэрміны падачы дакумэнтаў у ВНУ і ССНУ на бюджэтную і платную формы навучаньня.

Указ скасаваў унутраны экзамэн у ВНУ па прадметах, якія ўключаны ў цэнтралізаванае тэставаньне. Таксама дакумэнтам зьменшаная колькасьць катэгорый абітурыентаў, якія маюць права на пазаконкурснае залічэньне. Такое права засталося ў дзяцей‑сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама ў пераможцаў і прызёраў міжнародных і рэспубліканскіх прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў і фэстываляў, спартовых спаборніцтваў і некаторых іншых катэгорый.

Астатнія абітурыенты, якім раней давалася такая льгота, будуць тым ня менш карыстацца правам перавагі пры роўнай колькасьці балаў, набраных на ўступных іспытах. Дзецям‑інвалідам 1‑й і 2‑й групы дадзена права ўдзельнічаць у конкурсе на завочную ці вячэрнюю форму атрыманьня вышэйшай і сярэдняй спэцыяльнай адукацыі за кошт сродкаў бюджэту, перадае прэсавая служба прэзыдэнта Беларусі.

У конкурсе на атрыманьне вышэйшай адукацыі па спэцыяльнасьцях, па якіх выстаўляюцца асаблівыя патрабаваньні да спэцыялістаў, маюць права ўдзельнічаць асобы, якія прайшлі прафэсійна‑псыхалягічнае сумоўе ці тэставаньне ў ВНУ ў парадку, усталяваным міністэрствам адукацыі.

Вызначаны крытэры конкурснага адбору для асоб, якія паступаюць для атрыманьня другой вышэйшай адукацыі.

Таксама ўнесены зьмены й дапаўненьні, якія тычацца мэтавага набору на спэцыяльнасьці сельскагаспадарчага профілю, прыёму ў беларускія вышэйшыя і сярэднія спэцыяльныя навучальныя ўстановы іншаземных грамадзян ды іншыя.

«Гэты ўказ будзе спрыяць дасканаленьню прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спэцыяльныя навучальныя ўстановы, правядзеньню больш аб’ектыўнай уступнай кампаніі, нацэленай на адбор найбольш таленавітых і падрыхтаваных абітурыентаў», — лічаць у прэсавай службе прэзыдэнта.

Паводле Telegraf.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0