У панядзелак прэс‑канфэрэнцыю даў надзвычайны і паўнамоцны пасол Расеі Аляксандар Сурыкаў. Дыплямат адказаў на шэраг пытаньняў адносна «саюзнай дзяржавы», цэнаў на газ, пэрспэктывы будаўніцтва расейцамі АЭС у Беларусі.

Расейскі дыплямат упэўнены, што пытаньне з падпісаньнем канстытуцыйнага акту павінна хутка вырашыцца: «Асноўным крытэрам выніковасьці нашай сумеснай працы, безумоўна, зьяўляецца паляпшэньне жыцьця грамадзян Беларусі і Расеі. У кіраўніцтва Беларусі і Расеі няма альтэрнатывы, як далей нарошчваць эканамічныя плоскасьці, а гэта прывядзе нас да тых вынікаў, якіх мы чакаем у палітычнай плоскасьці».

На думку Сурыкава, для падпісаньня акту засталіся невялікія моманты, вырашыць якія «справа тэхнікі»: «Падчас падпісаньня адзінай мытнай дамовы, былі зафіксаваныя свае пункты гледжаньня па адзіным энэргетычным і транспартным прасторах. Гэта ня страта сувэрэнітэту, але перадача дзяржавай пэўных функцый. Трэба узаконьваць «саюзную дзяржаву» ў такі стане, як сёньня маем, альбо прыводзіць да іншага стану, то бок выбіраць адзінага прэзыдэнта, асобны парлямэнт і г.д. Якія чынам іх фарміраваць — справа тэхнікі».

Галоўнай задачай канстытуцыйнага акту Сурыкаў назваў фарміраваньне прававога поля, дзе не павінна быць сутыкненьня нацыянальных і саюзных структур.

Вось што сказаў А.Сурыкаў адносна пабудовы другой галіны трубаправоду «Ямал — Эўропа»: «Я ня лезу ў палітычны складнік гэтага пытаньня. Для мяне відавочна, што гэта эканамічнае пытаньне. Гэта вечнае сутыкненьне краін‑вытворцаў, транзытных краін і спажыўцоў. Мы ў любым выпадку скончым спачатку будаўніцтва «Nord Stream». У першую цяпер нас хвалюе менавіта ён».

Што да атамнай станцыі, то расейцы будуць «прыстрэльвацца да гэтай сытуацыі». «Мы разумеем, што будзе ці конкурс, ці асобнае рашэньне прэзыдэнта. «Атамбудэкспарт» рыхтуецца да гэтага. Яны нядаўна зрабілі АЭС у Кітаі, і зрабілі няблага. Хто пераможа на конкурсе? Той, хто прапануе найбольш танны і хуткі спосаб будаўніцтва. Пагадненьне па магчымым крэдытаваньні будаўніцтва АЭС і пастаўцы адпаведнай тэхнікі існуе. Такое пагадненьне яшчэ летам падпісаў беларускі віцэ‑прэм’ер Сямашка», — сказаў расейскі пасол.

Рост цэнаў на газ сёлета не павінен перавысіць 10 %. «Формула цаны можа прывесьці нас да росту і да 150 даляраў за тысячу кубамэтраў, але ў адпаведнасьці з дамовамі яна ня можа перавысіць 10 % ад цаны, якая была ў пачатку году — 119,5 даляраў», — кажа А.Сурыкаў.

На думку расейскага дыплямата, са зьменай улады ў Расеі ніякіх пераменаў у адносінах між Беларусьсю і Расеяй не прадбачыцца.

Зьміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0