Прычынай аварыі касмічнага грузавіка «Прагрэс М-27м» стала разгерметызацыя бакаў акісляльніка і гаручага трэцяй ступені ракеты-носьбіта, паведаміў кіраўнік Роскосмоса Ігар Камароў.

Паводле яго слоў, разгерметызацыя бакаў прывяла да няштатнага раздзялення трэцяй ступені ракеты-носьбіта.

«У выніку няштатнага раздзялення карабель апынуўся на арбіце з адхіленнем на 40 кіламетраў вышэй», — растлумачыў Камароў.

Між тым, кіраўнік палёту расійскага сегмента МКС Уладзімір Салаўёў паведаміў, што з-за аварыі «Прагрэсу» экіпаж МКС затрымаецца на арбіце яшчэ на месяц.

Ракета «Саюз» з грузавым караблём «Прагрэс» стартавала з Байканура 28 красавіка. Падчас аддзялення карабля ад трэцяй ступені ракеты Цэнтр кіравання палётамі перастаў атрымліваць тэлеметрычную інфармацыю.

Цэнтр кіравання палётамі не змог аднавіць сувязь з грузавіком, пасля чаго прызнаў яго страту. У мінулую пятніцу «Прагрэс» згарэў у шчыльных слаях атмасферы над Ціхім акіянам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?