У Беларусі разглядаецца магчымасць стварэння Міністэрства прамысловай палітыкі. Пра гэта паведаміў сёння на адкрыцці Беларускага прамысловага форуму намеснік міністра прамысловасці Павел Уцюпін.

«Пытанне стварэння Міністэрства прамысловай палітыкі Беларусі абмяркоўваецца цяпер на ўзроўні экспертаў. Пры гэтым размова ідзе аб тым, што яно, магчыма, будзе створана на базе Мінпрама», — сказаў Павел Уцюпін. Ён падкрэсліў, што не так важна, на чыёй базе будзе створана гэта міністэрства, важна тое, каб яно максімальна выконвала функцыі з пункту гледжання прамысловай палітыкі як унутры Беларусі, так і за яе межамі.

Павел Уцюпін удакладніў, што ў структуру Мінпрама ўваходзяць цяпер каля 250 прадпрыемстваў.

«Мінпрам ажыццяўляе ў тым ліку прадстаўніцкія функцыі дзяржавы ў органах кіравання падведамных прадпрыемстваў. Як правіла, гэта адкрытыя акцыянерныя таварыствы. З іншага боку, мы выпрацоўваем свае прапановы, якія знаходзяць потым адлюстраванне пры прыняцці рашэнняў на ўзроўні Савета Міністраў. Ёсць канцэрн «Белнафтахім», які такім жа чынам кіруе падведамнымі прадпрыемствамі. Такая сістэма дзейнічае і адносна легпрама, харчпрама, Мінбудархітэктуры», — сказаў ён. Намеснік міністра адзначыў, што ёсць ідэя, каб было створана Міністэрства прамысловай палітыкі, якое аб'яднае намаганні ўсіх прадпрыемстваў, канцэрнаў і ведамстваў. «Тады выпрацоўваліся б рашэнні, у якіх улічваліся інтарэсы ўсіх суб'ектаў гаспадарання», — адзначыў ён.

XIX Беларускі прамысловы форум адкрыўся сёння ў Мінску. У гэтым годзе ён праходзіць пад эгідай прамысловай кааперацыі на рынку ЕАЭС. У дзелавой праграме форуму больш як 15 мерапрыемстваў, галоўным з якіх стане пленарнае пасяджэнне з удзелам Еўразійскай эканамічнай камісіі. Таксама адбудуцца 12 міжнародных форумаў, традыцыйны конкурс зваршчыкаў Беларусі і 5-я біржа субкантрактаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?