11.02.2008 / 16:26

Канфлікт «Газпрому» і Ўкраіны дасягнуў піку абноўлена 1

«Газпром» пагражае з аўторка на чвэрць скараціць падачу газу ва Ўкраіну, калі за панядзелак Украіна не расплаціцца з запазычанасьцямі па бягучых плацяжах. Юлія Цімашэнка заявіла, што поўны ўзаемаразьлік адбудзецца толькі ў тым выпадку, калі Расея адмовіцца ад сыстэмы пастаўкі газу праз пасярэднікаў і пяройдзе да прамых дамоваў. Дадаўся камэнтар экспэрта Тацяны Манёнак

«Газпром» пагражае з аўторка на чвэрць скараціць падачу газу ва Ўкраіну, калі за панядзелак Украіна не расплаціцца з запазычанасьцямі па бягучых плацяжах. Пра гэта ў панядзелак заявіў прэс-сакратар старшыні праўленьня ААТ «Газпром» Сяргей Купрыянаў.

Купрыянаў суправадзіў свой ультыматум прывычнай статыстыкай: 1 млрд 700 млн кубамэтраў расейскага газу «аселі» на Украіне за студзень — люты 2008 году, даводзіў ён у жывым эфіры радыёстанцыі «Эхо Москвы». Пры гэтым, паводле ягоных словаў, «увесь гэты аб’ём спажываецца насельніцтвам Украіны і прадпрыемствамі камунальнай гаспадаркі без аніякіх дакумэнтаў».

У сувязі з гэтым у выпадку, калі ніякіх дамоўленасьцяў па аплаце за газ з украінскім бокам дасягнута ня будзе, з ранку аўторка «Газпром» скароціць пастаўкі газу на Украіну на чвэрць, заявіў Купрыянаў. Пры гэтым ён удакладніў, што будуць абмежаваныя толькі пастаўкі расейскага газу, а транзыт газу з Цэнтральнай Азіі будзе ажыцьцяўляцца ў поўным аб’ёме.

Пазыцыя ўкраінскага ўраду засталася нязьменнаю: Юлія Цімашэнка прапаноўвае поўны ўзаемаразьлік, але толькі ў тым выпадку, калі Расея адмовіцца ад сыстэмы пастаўкі газу праз пасярэднікаў і пяройдзе да прамых дамоваў.

Схема паставак туркменскага газу па газпромаўскіх газаправодах, але праз пасярэдніцкую кампанію «РосУкрЭнэрга» была навязаная Ўкраіне ў 2005 годзе. «РосУкрЭнэрга» — структура настолькі таямнічая, што дагэтуль ніхто да канца ня ведае, хто за ёю стаіць. Меркавалася, што яе прыбыткамі распараджаюцца асобы, блізкія да Пуціна.

Сёлетні газавы канфлікт нагадвае ранейшыя сутыкненьні Расеі з Украінай і Беларусьсю. Хоць Масква завярае краіны Эўрасаюзу, што абмежаваньне паставак іх не закране, у Эўропе нарастае занепакоенасьць.

Урад Цімашэнкі перажывае найбольшае выпрабаваньне. Ад яго здольнасьці процістаяць шантажу залежыць яго трываласьць, а разам з тым — і трываласьць эўрапейскага выбару Ўкраіны.

***

«Газпром» перанёс тэрмін магчымага скарачэньня паставак газу ва Ўкраіну з 10:00 да 18:00 12 лютага 2008, паведаміў афіцыйны прадстаўнік газавага холдынгу Сяргей Купрыянаў.

Паводле яго, такая дамоўленасьць дасягнутая ў рамках сёньняшняй сустрэчы кіраўніцтва НАК «Нафтогаз» Украіны і «Газпрама». Пра падрабязнасьці сустрэчы С. Купрыянаў паведаміць адмовіўся, паведамляе РБК‑Україна.

***

Тацяна Манёнак: Масква баіцца нашага гешэфту з Украінай

Аглядальнік газэты «Белорусы и рынок» Тацяна Манёнак пракамэнтавала канфлікт паміж Украінай і расейскім «Газпрамам», а таксама распавяла пра пэрспэктывы беларуска‑ўкраінскага супрацоўніцтва ў сфэры транзыту.

Тацяна Манёнак: «Украінскі бок ня мае адзінства — Юлія Цімашэнка поўная рашучасьці прыбраць усіх пасярэднікаў з сфэры транзыту газу, Віктар Юшчанка гатовы размаўляць з пасярэднікам, які задаволіць умовы Ўкраіны. Апошняе слова за Юшчанкам, які заўтра наведае Маскву. «Газпрам» відавочна не жадае паглыбленьня канфлікту, пра што сьведчаць і саступкі, прапанаваныя Ўкраіне, і адцягваньне магчымага скарачэньня паставак газу. У Маскве чакаюць вынікаў візыту ўкраінскага прэзыдэнта. «Газпрам» выказаў гатоўнасьць працаваць без пасярэднікаў, але мае і свае ўмовы — эканамічная мэтазгоднасьць наўпроставых паставак, доступ да ўкраінскіх спажыўцоў газу, доля ў газа‑транспартнай сыстэме краіны.

Што да беларуска‑ўкраінскіх газавых стасункаў, то варта зазначыць, што пэўныя перамовы вяліся цягам апошніх гадоў. Паміж краінамі былі апрабаваныя адпаведныя захады і яны мелі эфэкт — маю зьвесткі, што Расею гешэфты Беларусі і Ўкраіны ў сфэры транзыту вельмі напалохалі. Але пакуль мы бачым, што кожны бок аддае перавагу паасобным перамовам з Расеяй. Беларусь відавочна кіруецца дамоўленасьцямі, дасягнутымі напрыканцы 2006 году і пакуль гэты курс застаецца нязьменным. Тое, што цана газу для Беларусі на І квартал гэтага году была агучаная пасьля візыту да нас Уладзімера Пуціна, яшчэ раз сьведчыць, што пытаньне вырашалася ў палітычнай плоскасьці. Беларускі бок карыстаецца перадвыбарчай сытуацыяй у Расеі вельмі актыўна. Гэта зьвязана з ростам цаны на нафту і, адпаведна, непазьбежным ростам цаны газу. Па папярэдніх зьвестках па стане на 1 студзеня 2009 г. расейскі газ будзе каштаваць для нас каля $203 за тыс. куб. м. На апошніх перамовах, што адбыліся з санкцыі кіраўніка расейскага ўраду Віктара Зубкова, беларуская дэлегацыя выступала за перагляд гэтай лічбы. Перамовы пакуль скончыліся безвынікова і маюць аднавіцца ў сакавіку. Ня выключана, што і тут не абыдзецца без палітычнага аспэкту.

Такім чынам, беларускі бок кіруецца кароткатэрміновымі пэрспэктывамі атрыманьня ад «Газпраму» саступак — фіксаваньня няхай і на кароткі тэрмін цэнаў, «пэрсанальнай» формулы разьліку цаны на газ і г. д. Урад карыстаецца тым, што расейцы не гатовыя да газавай вайны на два фронты, але і сам не намагаецца раззлаваць манаполію, зважаючы на багаты выбар у апошняй спосабаў уплыву на нашую эканоміку. На жаль, нашая энэргетычная залежнасьць, і без таго татальная, яшчэ больш паглыбляецца, і ў кароткай пэрспэктыве не выпадае чакаць на супольную з украніцамі стратэгію дачыненьняў з манапалістам».

Запісаў Сямён Печанко

Мікола Бугай

0
Хрун Маржоў / Адказаць
12.02.2008 / 01:33
Ёсць інфармацыя што адзін з кіраўнікоў Росукрэнерга - сваяк Юшчанкі. Вось і думайце, пра што насамрэч гэты канфлікт...
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру