23.05.2015 / 07:33

Лявон з Гатава і спалены Мінск 4

Прычынай страшнага пажару, які спустошыў Мінск у 1835-м, магла быць помста. Піша гісторык-архівіст Зміцер Дрозд.

Менск праз 35 гадоў пасля пажару. Верхні горад. Гравюра Напалеона Орды. 1870 год.

180 гадоў таму, у аўторак 28-га мая 1835 года, у двары Мінскага дзявочага бернардынскага кляштара (цяпер гэта праваслаўны Святадухаўскі сабор) было тлумна: буяніў п'яны манастырскі селянін Лявон Пясляк. Спачатку ён напаў на габрэя, які запатрабаваў ад Лявона вярнуць даўгі, потым пачалася — і перайшла ў бойку — сварка з кляштарным дворнікам Ігнатам Васілеўскім. Як пасля сведчыў апошні, Пясляк «тры разы кідаўся на мяне з паленам, але я, вырываючы іх, бараніўся».

30-гадовы Лявон ужо трэці год знаходзіўся пры кляштары і быў за частыя п'янкі, скандалы і распусту на дрэнным рахунку ў ігуменні Саламеі Чаплінскай. Пясляк ужо быў неаднаразова пакараны, гэтым разам яму не сышло з рук. На наступны дзень, у сераду, паліцэйскія, пакліканыя па загадзе ігуменні, далі Лявону 60 розаг.

І, напэўна, гэта падзея не засталася б у гісторыі Мінска, калі б на наступны дзень не здарылася катастрофа: 30 мая з даху Бернардынскага манастыра пры моцным ветры (які адзін з відавочцаў нават назваў «бурай»), перакідаючыся з даху на дах, пачаў распаўсюджвацца адзін з самых моцных пажараў за ўсю гісторыю горада.

8-га чэрвеня менскі губернатар князь Сяргей Давыдаў (дарэчы, ён прыехаў у Мінск на новую пасаду ўсяго за некалькі дзён да здарэння — 22 мая) стварыў спецыяльную следчую камісію.

Следчыя пачалі агляд са злашчаснага даху. І знайшлі дзіўнае. 

«Усе коміны цэлыя і трывалыя… Толькі з 4-га коміна ад касцёла, гэта значыць з кухні, у 5-ы бачныя чатырохкутныя дзіркі, вышынёю ад каменных сцен у два аршыны, паміж гэтымі комінамі ляжыць раскіданая цэгла і частка згарэлай дошкі. Гэта даказвае, што з 5-га ў 4-ы комін праведзеная была ўпоперак труба на драўлянай дошцы. Паміж комінамі відаць закапцелыя знакі, што ад зямлі стаяла драбіна».

Той Лявон Пясляк не толькі вёў скандальны лад жыцця, быў азлоблены і абяцаў адпомсціць за пакаранне, але і займаўся якраз тым, што завецца цяпер супрацьпажарнай бяспекай, добра ведаў уладкаванне печаў і труб і меў магчымасць пранікнуць на дах. Падчас апытання сведак 65-гадовая шляхцянка Караліна Матусевіч паведаміла, што чула, як Лявон Пясляк «выхваляўся, што вам гэта пакаранне дарма не пройдзе, не дарую ні манашкам, ні старэйшай, ні дворнікам — задаволеныя ўсе будуць». Лявон быў затрыманы, неаднаразова дапытаны, з ім было праведзена некалькі вочных ставак, але не прызнаўся ў падпале.

У ходзе следства ўсплылі цёмныя старонкі з біяграфіі Песляка. Ён прызнаўся, што «ў 1831 годзе, быўшы пасланы ад манастыра для расійскай арміі ў Царства Польскае з аўсом і сухарамі, па здачы дастаўленага, калі даведаўся, што Варшава ўпакораная і дазволена суткі яе рабаваць, то ён, маючы 20 чалавек рамізнікаў пад сваім загадам, адправіўся ў наваколле Варшавы на цэлыя суткі для рабавання, і ў нейкім панскім двары забралі пяць штук рагатай худобы. У іншых жа месцах забіралі, дзе маглі знайсці, харчовыя запасы і гарачае віно, але прытым нікога не забілі і не знявечылі… Вяртаючыся з Царства Польскага, з-за адсутнасці пісьмовага віду быў на мяжы затрыманы і дастаўлены ў горад Беласток, дзе прабыўшы два тыдні ў астрозе». Магчыма, прызнацца Пясляк вырашыў, бо баяўся, што стане вядомы факт яго знаходжання ў турме. Але ў паліцыі быў і яшчэ адзін вельмі важкі аргумент, аб якім — крыху ніжэй.

Адкрыліся і іншыя нядобрыя падрабязнасці. Следчых зацікавіў яго, як выказаліся б цяпер, цяжкі псіхалагічны стан, які стаў прычынай штодзённых п'янак, а таксама крыніца сродкаў на бясконцыя застоллі. 40-гадовая сялянка, удава Аўдоцця Францішка, якая служыла пры кляштары, паказала, што, калі пажар трохі сціх перад заходам сонца, Лявон паклікаў яе на гарэлку ў шынок габрэя Ёселя. У карчме яна заспела Лявона з нейкім чалавекам, якога яна не ведае. Следчыя хутка знайшлі сабутэльніка. Сталяр Восіп Навіцкі паказаў, што «Лявон, быўшы п'яны моцна, паўтараў, што ён сабе зробіць смерць пасля таго, што здарылася».

Непахвальную характарыстыку Лявону дала і яго маці — сялянка вёскі Гатава Аўдоцця Мікалаеўна, 67 гадоў. Яна распавяла, што ў пятніцу пасля пажару прыйшла з вёскі да Лявона ў манастыр, і «калі папрасіла ў яго хлеба, то адказаў ёй: «Не дам табе хлеба, ідзі з Богам, Бог яшчэ ведае, што са мною будзе і калі ўбачымся». І дадаў: «Ідзі дадому, а то яшчэ скажуць, што я табе даю што-небудзь».

Пасля гэтых паказанняў сведак Лявону Песляку прыйшлося прызнацца, што «калі за п'янства і дрэнныя паводзіны быў пакараны, то, сапраўды, казаў, што гатовы пазбавіць сябе жыцця, што пасля пажару ў чацвер пад вечар хадзіў у шынок. Грошы ж меў ад продажу хлеба, што адпускаецца яму на ежу…»

Пераканаўчых доказаў віны Песляка ў падпале следчым так і не ўдалося знайсці. 27-га жніўня арыштанты Лявон і Аўдоцця былі дапытаныя апошні раз, і Лявон застаўся пры сваіх паказаннях. Мінскі павятовы суд вынес вырак: «селяніна Лявона Песляка, 30 гадоў, па прадмеце падпалу пакінуць у моцным падозранні і аддаць на парукі настаяцельніцы манастыра, а калі яна не пагодзіцца, саслаць у Сібір на пасяленне. За распуснае жыццё з Аўдоццяй аддаць на царкоўнае пакаянне».

Але гэта рашэнне не было зацверджана вышэйшай інстанцыяй. Мінская Палата крымінальнага суда пастанавіла: Песляка, не аддаючы на парукі, «аддаць у вайсковую службу, а ў выпадку няздольнасці саслаць у Сібір на пасяленне».

Быў у прысудзе і цікавы момант, які, магчыма, тлумачыць прычыну «гаварлівасці» Лявона Песляка. Як сцвярджаў Пясляк, мінскі паліцмайстар Сухаржэўскі загадаў паліцыянтам пакласці яго на зямлю і біць па пятах. Пясляк прызнаўся ва ўсіх сваіх грахах, але не ўзяў на сябе таго, у чым не быў вінаваты. А вось сам Сухаржэўскі ўжо 19-га чэрвеня падаў рапарт аб пераходзе на іншую працу. «Падпальшчык» пасля зацвярджэння прысуду адправіўся ў Сібір.

Зрэшты, былі падазраваныя і акрамя Песляка. Той жа паліцмайстар Сухаржэўскі данёс камісіі, што «падчас пажару насіліся чуткі аб падазрэнні на святароў каталіцкага вызнання, што яны быццам бы па злосці за знішчэнне манастыроў запалілі кляштар бернардынак, але гэтыя чуткі не мелі ніякай падставы».

Напэўна, калі б следства адбывалася сёння, паліцыя звярнула ўвагу на замежніка, які прыехаў у Мінск, — па поўнай выпадковасці (ці не?) яго бізнэсам быў продаж пажарных прыладаў. Цірольскі падданы, які прыбыў з Аўстрыі, Ёган Ройскітль (або Рышкітль) — «машыніст пажарных інструментаў» даваў паказанні следчым. Бо таксама быў на тым злашчасным даху. З іх вынікала, што ён прывёз «розныя ручныя трубкі для продажу па горадзе Мінску, калі здарыўся пажар у манастыры манашак бернардынак, куды прыйшоўшы і ўлезшы на гарышча, знайшоў, што з унутранага боку гарэў дах ужо на паўтары сажні».

Невядома, ці ўдалося замежнаму купцу прадаць што-небудзь са сваіх тавараў пасля пажару, але, як пераканаўча паказвалі матэрыялы следства, мінская пажарная каманда мела патрэбу ў сур'ёзных абнаўленнях свайго абсталявання.

Мінскія пажарныя, якія былі дапытаныя, пакінулі нам каштоўныя звесткі аб вартым жалю стане супрацьпажарнай бяспекі Мінска ў 1835-м. 

Мешчанін Ян Стаброўскі, які працаваў фурманам пры пажарнай, паказаў, што «коней пажарных ёсць дзевяць, труб — тры, бочак — дванаццаць». Аднак «з ліку бочак дзве толькі былі прыдатныя, а іншыя паламаныя».

Камісія сабрала агульную статыстыку па ўсіх пацярпелых: «Каменных манастыроў, казённых будынкаў і драўляных разам з каменнымі дамоў згарэла ўсяго 67».

Пажар не абышоўся без чалавечых ахвяр. Засведчаная гібель двараніна Франца Кулакоўскага, 60-ці гадоў, які задыхнуўся ад дыму, ратуючы з дому свае рэчы. Іншая ахвяра агню — Ружа Нартвінава «ў многіх месцах да косткі абгарэла», бо ляжала п’яная дома. Былі і параненыя: бернардынкі Ружа Матусевіч моцна выцяла спіну і галаву, а Ганна Корсак зламала плячо — яны скакалі з акон сваіх келляў на трэцім паверсе, калі падступіў агонь. Стражнік Андрэй Мароз «атрымаў моцны ўдар з запаленнем і значнай пухлінай галавы».

Пажар 1835 пакінуў без даху над галавой больш за 200 сем'яў, цалкам знішчыўшы 11 кварталаў, што ў значнай меры змяніла архітэктурны выгляд цэнтральнай часткі горада. Ужо 1-га верасня імператар выдаткаваў 25000 рублёў на бязвыплатную раздачу пацярпелым і 175000 рублёў на аднаўленне жытла з беспрацэнтнай растэрміноўкай на 12 гадоў. Акрамя таго, па губерні было сабрана ахвяраваннямі 18500 рублёў. Але ўсё гэта быў мізер, бо агульная сума шкоды, нанесенай пажарам Мінску ў 1835 годзе, склала гіганцкую суму, перавысіўшы мільён рублёў.

Ці быў вінаваты ў гэтым Лявон Пясляк? Хто ведае, яго след згубіўся ў Сібіры.

* * *

Зміцер Дрозд гісторык-архівіст, аўтар кніг «Землеўласнікі Мінскай губерні 1861—1900», «Землеўласнікі Мінскай губерні 1900-1917». Пасля Плошчы-2010 быў асуджаны за ўдзел у «масавых беспарадках» на тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Выйшаў на волю ў жніўні 2011.

Зміцер Дрозд

0
ДЗЯДЗЯ ВОВА / Адказаць
23.05.2015 / 10:41
Очень интересно.Спасибо ,Зміцер Дрозд.
0
Яўген / Адказаць
23.05.2015 / 11:40
Яшчэ адзін вельмі цікавы артыкул! Пабольш б такіх!
0
Менск / Адказаць
23.05.2015 / 15:32
Дзякуй за артыкул, вельмі цікава! І хай РПЦ вяртае нам наш кляштар. Пакарысталіся чужым, ды й годзе.
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру