Група дэпутатаў накіравала на разгляд Сойма папраўкі да заканадаўства, якія патрабуюць забараніць выкарыстанне георгіеўскай стужкі на публічных забаўляльных і святочных мерапрыемствах. Парламент Латвіі прыступіць да разгляду ідэі ў чацвер.

Як зазначаюць аўтары ў анатацыі да дакумента, аранжава-чорная стужка «з кожным годам усё болей з'яўляецца праслаўленнем імперыялізму Расіі і стала адзіным знакам адрознення для тых людзей, якія жывуць пад уплывам прапаганды Расіі, а таксама жадаюць тэрытарыяльнага пашырэння Расіі на межах былога СССР».

Яны таксама нагадваюць, што стужачку выкарыстоўвалі «і ў працэсе акупацыі Крымскага паўвострава», а таксама яна часцяком з'яўлялася галоўным сродкам апазнавання «сваіх» для «тэрарыстычных і бандыцкіх груповак Усходняй Украіны».

«Прымаючы пад увагу змест гэтай ідэалогіі і той факт, што расійская прапаганда мае вялікі ўплыў на тэрыторыі былога СССР», група дэпутатаў патрабуе абмежаваць публічнае выкарыстанне, згодна з іх фармулёўкай, «сімвалічнай прысутнасці варожай у адносінах да бяспекі Латвіі таталітарнай ідэалогіі».

Першапачаткова ідэя наконт абмежавання выкарыстання георгіеўскай стужачкі была пададзена дэпутатам Вейка Сполітысам. Палітык хацеў, каб публічнае нашэнне гэтага сімвала разглядалася як адміністрацыйнае парушэнне і штрафавалася. Як патлумачыў сам Споліціс, стужачка «стварае напружанне, бо гэты элемент стаў сімвалам Расіі, які непрымальны ў дэмакратычным грамадстве».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?