У хаце і на падворку Уладзіміра Собалева — узорны парадак.

У хаце і на падворку Уладзіміра Собалева — узорны парадак.

«Я просты мужык-беларус. Жыву і працую ў райцэнтры Лёзна. Нарадзіўся я ў вёсцы Замшына гэтага ж раёна, — напісаў у «Нашу Ніву» чытач газеты Уладзімір Собалеў, і вось што ён расказаў пра сябе. — Амаль усё дзяцінства маё прайшло ў лесе, які пачынаўся за агародамі нашай вуліцы, таму, відаць, я так люблю прыроду і неабыякава адношуся да балючых пытанняў экалогіі. 

Падчас службы ў войску я добра засвоіў што такое дысцыпліна і справядлівасць. Наш камбат, палкоўнік Ячмянёў Васіль Кірылавіч, поўнасцю зліквідаваў у нашай вайсковай частцы, такое паняцце як «дзедаўшчына». Ён, літаральна, мог зняць з сябе апошнюю кашулю, прадаць яе, але ягоныя падначаленыя заўсёды будуць сыта пакормлены, у адпаведнасці з надвор'ем па форме апрануты, будуць мець добрую вайсковую падрыхтоўку. Камбат быў вельмі строгі, але справядлівы. Яго баяліся нават афіцэры.

Па палітычнай частцы мяне добра «падкаваў» падпалкоўнік Бяляцкі Васіль Пятровіч.

Усё гэта, разам і паасобку, добра паўплывала на маё выхаванне і мае светапогляды. Каб быць прыкладам для іншых людзей, я, у свой час, стаў камуністам. Але калі, з цягам часу, разабраўся, што за самаадданасцю мільёнаў простых камуністаў хаваецца кагорта прайдзісветаў, то падаў заяву аб выхадзе з КПСС.

Не мог я заставацца ў баку і ад спраў па навядзенні правапарадку ў грамадстве. Спачатку быў простым дружыннікам, потым дружыннікам-аўтаінспектарам; потым і камандзірам сваёй дружыны. Калі працаваў у камунальнай гаспадарцы, то скалаціў дружыну з дэбашыраў і п’яніц, быў нават адзін дружыннік, які калісці сядзеў у турме. Такой дружыны больш ніхто і ніколі не створыць. А калі ў канцы года падводзілі вынікі прац дружын раёна, мая дружына заняла першае месца. Вось вам і дэбашыры.

Я люблю тое месца, дзе я зараз жыву. Даглядаю свой дом. Хоць і старэнькая хата, год перабудовы 1948, але амаль кожны жыхар райцэнтра ведае маю хату, добра ўпрыгожаную разьбой па дрэве. Сачу за парадкам не толькі ў сваім двары, але і на вуліцы, і на рачулцы, якая працякае непадалёк.

Засмучае толькі тое, што сучасныя людзі, у тым ліку і шматлікія перасяленцы, абыякава адносяцца да добраўпарадкавання таго асяроддзя, у якім яны жывуць.

І вось для таго, каб пазначыць тую акалічнасць, што этнічныя беларусы ў большасці сваёй добрасумленныя людзі (да якіх адношуся і я), я заказаў для сябе ў мінскай фірме «ААТ Лазер Графікс» праз прадстаўніцу ў Віцебску, невялічкую шыльдачку са словамі «Жыве беларус» (18 см х 82 см), якую хацеў бы павесіць у сваім двары. Але юрысты гэтай фірмы не дазволілі выраб такой шыльды. Па той прычыне, што я наперад (па-іншаму яны не працуюць) поўнасцю заплаціў грошы за выраб (157 тысяч рублёў, касавы квіток №248135, ад 04/05/2015), мне было прапанавана заказаць шыльдачку з іншым тэкстам.

Я хачу запытацца ў прэзідэнта: «Чаму я, этнічны беларус, не магу называць сябе беларусам на радзіме сваіх продкаў»?

Калі я не атрымаю адказу на гэта пытанне, то на маючыя адбыцца выбары прэзідэнта не пайду! Атрымліваецца так, што пры існуючай уладзе я «БАН» (без адпаведнай нацыянальнасці)», — з горыччу напісаў нам Уладзімір Собалеў.

«Наша Ніва» стала разбірацца. Патэлефанавалі ў «Лазер графікс». Там успомнілі такога заказчыка з Лёзна, а адмову патлумачылі вось як: «Не працуе цяпер абсталяванне, таму і не робяць таблічак», — сказалі спачатку. Але на наступны дзень звязаліся яшчэ раз і адказалі ўжо інакш: «У арганізацыі пакуль не было вытворчай магчымасці зрабіць такую таблічку, не было матэрыялаў. Мы былі на картатэцы і не маглі закупіць іх. Таму мы можам або вярнуць грошы яму, або яму трэба пачакаць неакрэслены перыяд часу», — патлумачыла начальніца аддзела продажаў віцебскага офіса арганізацыі Таццяна Смалей.

«Дык калі вы зможаце вырабіць гэтую таблічку?» — запыталіся мы.

«Мы пакуль не можам гэта сказаць», — ухіліліся ад адказу ў «Лазер графікс».

«Яны падманваюць! — абураецца Уладзімір Собалеў. — Яны мне адкрыта казалі, што ўзгаднялі тэкст шыльды ў Мінску, у галоўным офісе, і тыя не далі згоды. Я заказваў таблічку, каб з аднаго боку было напісана «Удачы», а з другога — «Жыве беларус»», то яны пагаджаліся вырабіць «Удачы», а «Жыве беларус» — не».

Сапраўды, апраўданні «Лазер графікс» шытыя белымі ніткамі. Мы патэлефанавалі ў розныя офісы кампаніі і запыталіся, ці можна вырабіць таблічку з назвай кампаніі ў аналагічным выкананні. Усюды была такая магчымасць — робяць за два-тры дні. 

Собалеў мяркуе, што ў кіраўніцтве кампаніі «Лазер графікс» сядзіць нейкі беларусафоб, і гэтым тлумачыцца ўся гэтая сітуацыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?