Больш за 300 чалавек узялі ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП) у Баранавічах (Брэсцкая вобласць). Пра гэта БелаПАН паведаміў член каардынацыйнага савета Баранавіцкага кааператыўнага рынку Мікалай Чарнавус.

Паводле яго слоў, удзельнікі акцыі сабраліся ў парку, што непадалёк ад будынка гарвыканкама. Яны патрабавалі адмены пункта 1.1 указа прэзідэнта № 760, згодна з якім з 1 студзеня 2008 года ІП могуць наймаць на працу толькі блізкіх сваякоў.

М.Чарнавус паведаміў, што перад пачаткам акцыі былі затрыманы два члены незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт» Яраслаў Грышчэня і Вадзім Бягені; у аднаго з іх была рэзалюцыя мітынгу. Згодна з адміністрацыйным пратаколам, маладыя людзі «нецэнзурна выказваліся» ў грамадскім месцы.

Паводле слоў М.Чарнавуса, прадстаўнік Баранавіцкага гарвыканкама, які выйшаў да мітынгоўцаў, запрасіў індывідуальных прадпрымальнікаў на сустрэчу 13 лютага. Ён паабяцаў, што ў гэты дзень у гарвыканкаме для іх будзе арганізаваны сход, на які будуць запрошаны прадстаўнікі гарадской падатковай службы, гарвыканкама і сацзабеспячэння. ІП маюць намер перадаць у гарвыканкам рэзалюцыю сённяшняга мітынгу.

Паводле слоў М.Чарнавуса, падчас акцыі намеснік начальніка Баранавіцкага РАУС Аляксандр Сакута паведаміў яму, што на 12 лютага ён выкліканы ў аддзяленне міліцыі. Прадпрымальнік не выключае, што на яго можа быць складзены пратакол за арганізацыю несанкцыянаванага мітынгу.

Натальля Кароткая, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0