13.05.2015 / 16:58

У Еўрапарламенце створаная група падтрымкі беларускіх палітвязняў

Шэсць дэпутатаў Еўрапарламента ўвайшлі ў нефармальную групу апекуноў беларускіх палітвязняў, паведаміла Марына Адамовіч, жонка палітыка Мікалая Статкевіча, які знаходзіцца ў магілёўскай турме. 

«Кожнаму з беларускіх палітвязняў, якіх такімі вызначаюць нашы праваабаронцы, знайшоўся свой апякун сярод еўрапарламентарыяў», — сказала Адамовіч, зазначыўшы, што стварэнне групы 12 мая «з'яўляецца актам салідарнасці і яркім пацвярджэннем таго, што беларускія палітвязні не забытыя і тэма парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі таксама не забытая ў Еўрапарламенце, нягледзячы на геапалітычныя ўзрушэнні». 

Паводле яе слоў, еўрадэпутаты будуць сачыць за лёсам апанентаў беларускай улады, якія знаходзяцца ў зняволенні, дзейнічаць у іх абарону і падтрымку. 

Адамовіч нагадала, што ў мінулым складзе Еўрапарламента ўжо існавала такая група, дзе найбольшую актыўнасць праяўлялі дэпутаты Марак Мігальскі і Мары-Луізе Бек. «Мы ім па сённяшні дзень удзячныя», — сказала яна. 

Новая група створаная з ініцыятывы праваабарончай арганізацыі Freedom House і еўрадэпутата ад Літвы Пятраса Аўштравічуса. У яе ўвайшлі прадстаўнікі самых розных фракцый Еўрапейскага парламента, уключаючы найбуйнейшыя — кансерватыўную Еўрапейскую народную партыю (ЕРР) і сацыял-дэмакратычны Прагрэсіўны альянс сацыялістаў і дэмакратаў (S&D). 

Наколькі актыўна будзе працаваць група, пакуль цяжка сказаць, зазначыла жонка зняволенага палітыка, бо гэта залежыць ад актыўнасці кожнага з яе членаў. Першым крокам еўрадэпутатаў стала сімвалічная акцыя салідарнасці — адпраўка паштовак на адрас палітвязняў са словамі падтрымкі.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру