15.05.2015 / 13:01

Мілінкевіч: Нацыянальны ўніверсітэт можа быць не класічным, а сеткавым 16

З ініцыятывы Аляксандра Мілінкевіча адбыўся круглы стол па пытанні стварэнні новага незалежнага ўніверсітэта.

14 мая 20 навукоўцаў і рэпрэзентантаў грамадскіх арганізацый сабраліся на сядзібе Руху за Свабоду ў Мінску. Ініцыятарам сустрэчы быў Аляксандр Мілінкевіч, а тэмай — стварэнне новага незалежнага ўніверсітэта. Нагодай для сустрэчы стаў зварот 57 дзеячаў культуры і грамадства з прапановай стварыць нацыянальны ўніверсітэт.

На сёння беларускамоўных універсітэтаў няма. Таму мова і можа стаць той «вялікай мэтай», якая з'яднае розных людзей, сказалі на сустрэчы тэолаг Ірына Дубянецкая і фізік Сяргей Мацкевіч. Тую самую думку выказаў старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў: «Трэба аб'яднаць усё тое, што працуе на краіну».

На думку Мілінкевіча, новы ўніверсітэт павінен быць нацыянальным, даследчыцкім і сеткавым. Апошняе азначае, што ён павінен абапірацца на шырокую сетку партнёраў, а жорсткай геаграфічнай лакалізацыі ў яго можа і не быць.

«Трэба пачынаць зверху, з падрыхтоўкі дактароў навук», — мяркуе былы прарэктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Уладзімір Дунаеў.

Праз скайп з Пецярбурга ў круглым стале ўдзельнічаў іншы дысідэнт з ЕГУ, філосаф Андрэй Лаўрухін. Ён падтрымаў і развіў думку Дунаева: «Пачынаць трэба з доктарскіх і магістарскіх праграм».

У той жа час «нельга паўтараць памылак ЕГУ», — засцярог звольнены адтуль культуролаг Максім Жбанкоў.

Сацыёлаг Аляксей Ластоўскі засцярог ад дактрынёрскага падыходу да моўнага пытання пры пабудове ўніверсітэта. «Універсітэт будзе сапраўды беларускім тады, калі беларуская мова будзе падмацавана сілай і ведамі», — зазначыў ён.

«Стварыць і беларускамоўны кірунак архітэктуры, і беларускамоўны кірунак ай-ці цалкам рэальна!» — аптымістычна настроены сацыёлаг і былы лідар Сената ЕГУ Павел Церашковіч.

Думкі Ластоўскага і Церашковіча падтрымаў першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч. На ягоную думку, новы ўніверсітэт павінен рыхтаваць новую эліту нацыі, як бы заезджана гэтае слова не гучала. Шушкевіч захоплены ідэяй Нацыянальнага ўніверсітэта. На ягоную думку, яго стварэнне стане гістарычным дасягненнем. Ён падзяліўся з прысутнымі досведам сваёй супрацы з найлепшымі ўніверсітэтамі свету, у якіх яму даводзілася чытаць лекцыі.

Кіраўнік Таварыства беларускай школы Алесь Лозка звярнуў увагу прысутных, што ў ідэале «нацыянальны ўніверсітэт павінен стварацца на нацыянальны грошы». Таму, на думку Лозкі, трэба яшчэ і яшчэ раз звяртацца да адпаведных інстанцый, каб яго фінансавала беларуская дзяржава. Аднак многія выказалі скепсіс у магчымасці такога. На думку Жбанкова, няма нічога кепскага, калі грошы на такі ўніверсітэт будуць ісці не ад беларускай дзяржавы, а ад прыватных дабарадзеяў і міжнародных фундатараў.

Гаворку падсумаваў Аляксандр Мілінкевіч. Ён выказаў упэўненасць, што ў справе Нацыянальнага ўніверсітэта розныя асяродкі могуць працаваць разам, захоўваючы свой суверэнітэт. Па выніках круглага стала будзе створана Рада па стварэнні ўніверсітэта. 

Мікола Бугай

0
Юрась Беларус / Адказаць
15.05.2015 / 13:26
Усё правільна. Калі беларусы змогуць атрымліваць вышэйшую беларускамоўную адукацыю, гэта будзе вельмі добра. Вітаю стварэнне Рады і пачатак пошуку грошай. Патрэбна распрацоўка канкрэтнага праекта. Зараз у адукацыі назіраецца крызіс старых форм навучання. Таму, на мой погляд, калі пілотны праект, прапанаваны Радай, патрапіць у кропку навейшых адукацыйных тэхналогій, поспех будзе забяспечаны і беларуская мова атрымае моцны штуршок свайго развіцця. Аб сваім пункце гледжання я ўжо неаднойчы казаў: патрэбна для пачтку забяспечыць ДЫСТАНЦЫЙНАЕ навучанне выключна на беларускай мове з перакладам на ангельскую мову некалькі прафесій. Такі падыход, на мой погляд, забяспечыць дастатковую колькасць студэнтаў. Што датычыць распрацоўкі праграмнага забеспячэння, дык некалі ў НН быў размешчаны артыкул аб дзвюх праграмістах, якія скончылі БДУІР, папрацавалі ў АЙ-ці кампаніях, і сышлі адтуль, пачаўшы распрацоўваць беларускамоўны Ай-ці прадукт. Я думаю, што яны будуць толькі рады прыняць удзел у распрацоўцы беларускамоўнага навучальнага Ай-ці прадукта.
0
Юры / Адказаць
15.05.2015 / 13:43
Каго вучыць будзеце? Каго ў эліту залічыце? Далібог, хочацца ўбачыць вынік гэтых ініцыятываў, а не чарговыя ператусоўкі тых жа і сваіх жа.
0
Цаглінка. / Адказаць
15.05.2015 / 13:44
Добра!!! Я веру што ён будзе! Магчыма не заўтра... Толькі ў Гародні паўтара дзесятка выдатных беларускамоўных выкладчыкаў звольнены "мясцовым каралём"па наводцы расслужбаў за апошні час і прыходзіцца ім працаваць па замежжам.А колькі кадраў у Менску і г.д.Але, ці гатова беларуская грамада перайсці ад 20 гадовай гаварыльні да канкрэтнага праекту? Трэба каб ён быў самым сучасным, дзеб працавалі не "знаёмыя" а, адабраныя на конкурснай аснове выкладчыкі з выдатным веданнем прадмета па-беларуску, якія любяць сваю краіну , найперш, а не грошы фундатараў......
Паказаць усе каментары/ 16 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру