15.05.2015 / 13:44

57-гадовы кіраўнік «Саюза беларускай моладзі Віленшчыны» падтрымаў Лукашэнку 25

Газета Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі «Советская Белоруссія» ў нумары ад 14 мая надрукавала паласное інтэрв’ю з Валерыем Савянковым, якога гучна прэзентавалі як «кіраўніка Саюза беларускай моладзі Віленшчыны». Толькі не звярнулі ўвагі, што кіраўніку «Саюза моладзі»… 57 гадоў. Паленаваліся і праверыць інфармацыю пра мінулае гэтага чалавека, які сядзеў у турмах і ў СССР, і ў Беларусі, і, нарэшце ў Літве — за крадзеж і незаконнае захоўванне зброі. 

Савянкоў сам звярнуўся ў выданне з прызнаннем, што перагледзеў свае погляды. Савянкоў у інтэрв'ю прадстаўляецца як чалавек, што ў 1994-м быў даверанай асобай Зянона Пазняка, а ў пачатку 90-х прадаваў незалежныя выданні.

«Беларусь захавала сваю незалежнасць. Гэта стала настолькі відавочна! Мы з Літвы бачым — у Мінску моцны лідар, ён ужо патрыярх, ён выстаяўся ў сваёй палітыцы, ніякіх рэзкіх рухаў цела, усё, што ні кажа, усё настолькі ўзважана і лагічна.

Самае цікавае, што беларускі прэзідэнт умее стварыць прымальныя адносіны і з Пуціным, і з Назарбаевым, і з усімі астатнімі. Так, у вас стабільны рух без рэзкіх скокаў», — хваліць Савянкоў.

Калі ў эмігранта спыталіся пра розніцу паміж Беларуссю і Літвой, ён адказаў так: «Розніцу мы бачым. Я з гэтым сутыкаюся, калі бачу,

як шмат літоўцаў, нашых камерсантаў, імкнуцца ў Беларусь працаваць. А потым мяне трошачкі здзіўляе, чаму ж так шмат беларусаў прыязджае ў нашы крамы «Акропаліс».

Калі ў выходны туды пойдзеш, то палова машын з беларускімі нумарамі. Значыць, у нас ім танней атаварвацца. «Акропаліс» таму і выжывае, што мае 12 мільёнаў наведвальнікаў і з іх дзве траціны беларусаў».

Нібы па метадычцы, прайшоўся Савянкоў і па беларускай апазіцыі. Маўляў, нічога новага ад яе не чакае. «Ніхто, зразумела, не дапусціць Майдану. Мы цяпер убачылі, што ідзе за Майданам. І, дарэчы, успамінаючы той выпадак на апошніх прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі, калі быў брутальна разагнаны мітынг, многія з нас падумалі: а можа быць, гэта было і апраўдана?

Азіраючыся на Украіну … Так, гэта рэал-палітык. Ад гэтага нікуды не падзецца».

А чым жа займаецца ў Літве гэты дзеяч? «Я ў літоўскіх судах проста жыву. Правёў да 100 справаў, калі агулам падлічыць». Сапраўды, у 2008 годзе быў вельмі гучны выпадак, калі грамадзянін Савянкоў праз Страсбургскі суд па правах чалавека даказаў, што яго прыніжалі ў літоўскай турме.

Справа ў тым, што ў 1999 годзе Валерый Савянкоў быў асуджаны за крадзеж і незаконнае захоўванне зброі. У прыватнасці, ён скраў з мэрыі Вільні гістарычны сцяг горада работы Фердынанда Рушчыца з мэтай прадаць яго гораду пасля. Ён прабыў у зняволенні 5 гадоў і 10 месяцаў. 

Савянкоў звярнуўся ў суд, бо лічыў, што ў Лукішскай турме ў Вільні яго ўтрымлівалі ў нялюдскіх умовах: ён знаходзіўся ў камеры, дзе сусед курыў, не было туалетнай паперы, а замест яе прыходзілася карыстацца старымі газетамі, а прыбіральні не гарантавалі канфідэнцыйнасці зняволеных. 

Страсбургскі суд стаў на бок Савянкоў, абавязаўшы літоўскую дзяржаву сплаціць былому зняволенаму 5 тысяч еўра, хаця сам пазоўнік патрабаваў 2 мільёны еўра. Вядома, што такім выракам ён задаволены не быў. Пазней у літоўскіх СМІ яшчэ не раз з’яўляліся паведамленні, што беларус Савянкоў судзіцца з літоўскай дзяржавай.

Валерый Савянкоў у сваіх інтэрв’ю прызнаваўся, што раней сядзеў у турме і ў СССР, і ў Беларусі.

Яму 57 гадоў, але нават у такім паважаным узросце працягвае ўзначальваць арганізацыю «Саюз беларускай моладзі Віленшчыны». Цікава, да якога ўзросту можна лічыцца моладзевым лідарам? І ці ёсць у арганізацыі яшчэ хоць адзін удзельнік, акрамя лідара?

Узнікае пытанне, няўжо «Советская Белоруссія» не можа знайсці іншых прапагандыстаў сённяшняга ладу, што гатовая даваць слова такім асобам?

Зміцер Панкавец

0
Дугін. / Адказаць
15.05.2015 / 14:00
Тыя, хто выконвае заказ "рускава свету", ад яго могуць потым больш за іншых пацярпець.
0
Мікола ))) / Адказаць
15.05.2015 / 14:18
"Савецкая Беларусь" - за нязначным выключэннем - зборышча фрыкаў і дылетантаў.
0
Мордехай В. / Адказаць
15.05.2015 / 14:43
А ён выпадкова не брат таго казака, з 20 нібыта медалямі?
Паказаць усе каментары/ 25 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру