Спектрометр высокіх гармонік. Выява: ETH Zurich

Спектрометр высокіх гармонік. Выява: ETH Zurich

Міжнародная група навукоўцаў на чале са швейцарцам Гансам Вёрнерам і расійцам Алегам Талстохіным у рэальным часе праназірала рэкордна кароткі працэс. Аб іх артыкуле ў часопісе Nature Communications распавядае N+1.

Электроннае воблака ў малекуле перастройваецца за атасекунды — 10-18 секунды. Гэта адзін з самых хуткіх працэсаў, вядомых чалавецтву.

Наўпрост назіраць такія паводзіны электронаў забараняюць законы квантавай механікі, але па аналізе спектру выпраменьвання можна «аднавіць» працэсы.

Адзін лазерны імпульс выстройваў у вакуумнай камеры малекулы метылфтарыду і метылбраміду. Па абстрэле малекулы паглыналі фатоны і іанізаваліся (выкідалі электрон), а затым электроны рэкамбінавалі (злучаліся назад) з іонам ды выкідалі «лішні» фатон.

Спектр апошняга складніка працэсу паказаў навукоўцам цэлы працэс. Гэтаму дапамагла тэорыя Талстохіна — асімптатычная тэорыя тунэльнай іанізацыі малекул на выпадак звыродных электронных станаў. Навукоўцы пабачылі, як электроннае воблака мігруе па малекуле.

Назіранне такіх хуткіх працэсаў дапаможа даследаваць тонкія хімічныя працэсы ў малекулярнай біялогіі і шэрагу іншых працэсаў.

Чалавецтва ведае і больш хуткія працэсы — ядзерныя рэакцыі адбываюцца за зептасекунды (10-21 секунды), нестабільныя элементарныя часцінкі зараджаюцца і распадаюцца за іоктасекунды (10-24 секунды).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?