15 мая рэгулярным рэйсам «Белавія» з Прагі ў Мінск прыляцела зборная Беларусі па хакеі.
Трэнер Дэйв Льюіс і старшыня федэрацыі Ігар Рачкоўскі пакуль засталіся ў чэшскай сталіцы для ўдзелу ў штогадовым кангрэсе ІІХФ.
На чэмпіянаце свету ў Чэхіі беларуская зборная пераадолела папярэдні этап, увайшла ў лік васьмі найлепшых і ў чвэрцьфінале разгромна ўступіла канадцам 0:9.
Капітан зборнай Аляксей Калюжны: «Чэмпіянат быў вельмі моцны, і можна паглядзець, па складзе зборныя сабралі вельмі добрыя каманды. А ўвогуле для нас ён склаўся ўдала, мы задаволеныя збольшага тым, як гулялі.
Усе матчы мелі прынцыповае значэнне. І пачаць чэмпіянат з перамогі над славенцамі было важна, і далей мы не мелі права спатыкнуцца, калі хацелі трапіць у васьмёрку. Мы выканалі задачу.
Былі непрыемныя моманты, калі не змог Міша Грабоўскі прыехаць, іншыя хлопцы. Але гэта праблемы, якія нас толькі аб'ядналі, згуртавалі і надалі сіл.
Складана гаварыць, што мы гулялі няўдалыя гульні. Былі гульні, у якіх не пайшло, што называецца».
— А ці не крыўдна пасля добрага ў цэлым чэмпіянату чуць крытыку ад прэзідэнта? У прыватнасці, яго ацэнку гульні з Канадай і Расеяй?
— Ведаеце, я толькі прачнуўся, паснедаў і адразу ж адправіўся ў аэрапорт, таму нічога не чытаў.
— Ён назваў «ганьбішчам» пройгрышы Канадзе і Расіі. Ці можна гэтыя матчы называць ганьбай?
— Ну, гэта хто як глядзіць на гульню.