Падрыхтоўка да першага спаткання выклікае часам не меншае хваляванне, чым маючы адбыцца экзамен або адказная прэзентацыя для начальства. Каб рандэву з новым прыхільнікам было прыемным і не было азмрочана непатрэбнымі канфузамі, варта запомніць тэмы, якія на першым спатканні лепш не абмяркоўваць.

favim.com

favim.com

Стасункі з былымі

Каб першае спатканне не ператварылася ў вечар успамінаў і шкадаванняў пра мінулае, пазбягайце размоў пра экс-каханых. Ранейшыя стасункі — важная тэма, якую вы зможаце абмеркаваць, калі (і калі наогул) прыйдзе час, а пакуль мае сэнс засяродзіць увагу на вашым спадарожніку, не адцягваючыся на зданяў мінулага. Калі ж ваш візаві будзе з настойлівай цікаўнасцю распытваць пра былыя раманы, мякка дайце зразумець, што час адкрытых гутарак пакуль не прыйшоў: «Я думаю, што нам пакуль рана дзяліцца адно з адным гісторыямі пра мінулае. Давай лепш пагаворым пра тое, што адбываецца ў нашым жыцці цяпер».

Рэлігія і палітыка

Уласна кажучы, з пункту гледжання этыкету гэтыя дзве тэмы наогул непажадана закранаць у зносінах з недастаткова блізкімі людзьмі — а ўжо тым больш на першым спатканні (калі толькі вы не пазнаёміліся на факультэце паліталогіі, у перадвыбарчым штабе або ў дыскусійным клубе). Калі ж адзінства светапоглядаў для вас пытанне першачарговае, то на дапамогу прыйдуць сацсеткі: часцяком досыць бегла праглядзець стужку пастоў і пералік суполак, на якія падпісаны ваш візаві, каб зразумець, наколькі падобныя вашыя ўяўленні пра свет.

Грошы

Дакучлівыя роспыты пра стан банкаўскага рахунку і памеры зарплаты мала каму дастаўляюць задавальненне, а ўжо на першым спатканні яны дакладна недарэчныя. Красамоўна дзяліцца інфармацыяй пра уласныя крыніцы даходу або скардзіцца на тое, як скокі курсаў валют пахіснулі ваша фінансавае становішча, таксама не варта — абмеркаванне грашовых пытанняў наўрад ці дадасць вашаму спатканню рамантыкі.

Сэкс

Заводзіць на першым спатканні дыскусіі на інтымныя тэмы наўрад ці стала б нават гарачая штучка Саманта з «Сэксу ў вялікім горадзе», нават калі б яе задачай было спакушэнне чарговага прыгажунчыка. Як ні парадаксальна, ад такіх гутарак не выйграе ні спатканне, ні ўласна сэкс: гэта прыкладна як з'явіцца перад мужчынам у адкрытым міні з красамоўным дэкальтэ — для першага рандэву занадта прамалінейна і… сумна.

Сямейныя праблемы

Нават калі на першым жа спатканні вы разумееце, што перад вамі «ваш чалавек», якому хочацца расказаць пра ўсё на свеце, не спяшайцеся гаварыць адкрыта і дзяліцца набалелымі перажываннямі, звязанымі з жыццём вашай сям'і, выхаваннем дзяцей і канфліктамі са сваякамі. Калі стасункам і праўда наканавана адбыцца, мужчына з часам абавязкова стане вашым галоўным сябрам, дарадцам і верным плячом — але навязваць яму гэтую ролю пры першай сустрэчы адназначна не варта.

Здароўе

У кожнай трэцяй рамантычнай камедыі гераіня, якая шукае каханне, трапляе на спатканне з персанажам, які ўвесь вечар дзеліцца з ёй сваёй гісторыяй хваробы, у падрабязнасцях апісваючы ўражанні ад калацця і з гонарам дэманструючы вынятыя з нырак камяні. Нават са скідкай на схільнасць кінематаграфістаў да перабольшання, асноўную думку варта запомніць: размовам пра перанесеныя хваробы і стан здароўя месца ў кабінеце лекара — але ўжо ніяк не на першым спатканні.

Глабальныя планы на будучыню

Пытанні ў духу «Кім ты бачыш сябе праз 5 гадоў?» і «Якія ў цябе мэты ў жыцці?» выдатна ўпішуцца ў размову — калі вы з'яўляецеся прадстаўніком службы персаналу, а ваш суразмоўца — кандыдатам у супрацоўнікі. Як бы вам ні хацелася высветліць ступень сур'ёзнасці намераў новага знаёмага, дайце сабе і яму час і не прыспешвайце падзеі. Нават калі перад вамі мужчына вашай мары — не патрабуйце ад яго неадкладнай дэкларацыі намераў: дайце магчымасць скарыць вас і даказаць свае пачуцці ўчынкамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?