Аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» не будзе вылучаць свайго кандыдата на прэзідэнцкую кампанію 2015 года і таксама не будзе падтрымліваць непасрэдна ніводнага з кандыдатаў.
Разам з тым БХД гатовая да супрацы з тымі дэмакратычнымі сіламі, якія блізкія па пазіцыях, поглядах і каштоўнасцях да беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў. Такое рашэнне на сваім пасяджэнні 16 мая прыняла Нацыянальная рада аргкамітэта БХД, паведамляе прэс-служба.
«Партыя не ўдзельнічае ў «выбарах» - бо як можна ўдзельнічаць у тым, чаго няма? Але мы правядзем кампанію падтрымкі экс-кандыдата ў прэзідэнты, палітвязня Міколы Статкевіча і іншых палітвязняў, а таксама масавы збор подпісаў і прэзентацыю праграмнай альтэрнатывы «Урад для народу»», — пакрэсліў сустаршыня Павал Севярынец.