17.05.2015 / 15:40

Слепата не перашкодзіла дзяўчыне з шастом заваяваць бронзу 3

Сляпая 17-гадовая скакуха з шастом Шарлота Браўн заваявала бронзавы медаль на турніры ў штаце Тэхас сярод сярэдніх школ.

Ёй скарылася вышыня ў 3,5 метра. Для атрымання ўзнагароды юная спартсменка паднялася на п'едэстал са сваім сабакам-павадыром Вэйдарам.

Шарлота нарадзілася з добрым зрокам, але да 16 тыдняў у яе развілася катаракта, і дактары былі вымушаныя імплантаваць у яе вочы штучныя крышталікі.

Цяпер вочы дзяўчыны здольныя адрозніваць толькі святло ад ценю.

«Гэтая гісторыя не толькі пра мяне. Яна пра ўсіх, хто вымушаны з чымсьці ў сваім жыцці змагацца», — распавяла Шарлота.

Яна ўдзельнічае ў спаборніцтвах ужо два гады. Перш чым дамагчыся бронзавага медаля, яна займала восьмае месца, а затым — чацвёртае.

Дзяўчына пачала займацца скачкамі з шастом (дысцыпліна не з'яўляецца паралімпійскай) у сёмым класе. Ёй хацелася паспрабаваць нешта «небяспечнае і займальнае».

Каб скокнуць, Браўн адлічвае сем крокаў левай нагой і чакае спецыяльнага гукавога сігналу ад устаноўленай на матах прылады.

«Мне спатрэбілася тры гады, каб узысці на п'едэстал, і ў выніку мне гэта ўдалося», — сказала яна.

Раней Браўн прызнавалася, што для яе страшней было б выконваць скачкі, калі б яна ўсё бачыла. «Я не ведаю, як бы я сябе адчувала, убачыўшы сябе на вышыні 3,5 метра над зямлёй», — сказала яна.

0
A. / Адказаць
17.05.2015 / 18:18
Малайчына!
0
belariy / Адказаць
17.05.2015 / 19:11
фігасе...
0
Мордехай В. / Адказаць
18.05.2015 / 00:50
Вось каго трэба ў тэлевізары паказваць.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру