А. Лукашэнка сёньня выступіў перад студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту з дакладам на тэму «Беларусь у сучасным сьвеце». Ён абвінаваціў Захад у перадзеле сьвету і прызнаў, што выпусьціў «некаторых зьняволеных, да якіх Захад мае асаблівыя пачуцьці».

Казуліна ня выпусьцяць?

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што датэрміновае вызваленне некаторых вязьняў у краіне абумоўлена гуманнасцю і зьяўляецца адным з крокаў насустрач нармалізацыі адносінаў з ЭС:

«Мы пайшлі насустрач. Я маю на ўвазе датэрміновае ці ўмоўнае вызваленне некаторых вязьняў, да якіх мае Захад асаблівыя пачуцці. Іх вызваленне ніякім чынам не зьвязана з апраўданнем здзейсненых злачынстваў, а толькі гуманнымі меркаваннямі.

Паводле Лукашэнкі, «мы загарнулі гэтую балючую старонку у адносінах з Захадам і першымі прапануем рух наперад». «Цяпер чарга ЕС дэманстраваць свае добрыя намеры у адносінах да беларускага народа».

Пра «карту паляка»

Прыняцце Соймам Польшчы закона «Аб карце паляка» не зможа нанесці адчувальнай шкоды Беларусі, сказаў ён. «Нашы добразычліўцы ўжо не раз рабілі спробу ўмяшацца ва ўнутраныя справы краіны, разыгрываючы нацыянальную карту, штучна раздуваючы «польскае» і «яўрэйскае» пытанне. Свежы прыклад — прыняцце Соймам Польшчы закона «Аб картцы паляка». Не так даўно Венгрыя спрабавала ўвесці такую ж картку для сваіх дыяспар. Аднак адразу ж загучалі рэзкія пратэсты ад Румыніі, Славакіі і Аўстрыі. Тады міжнародныя арганізацыі прызналі такую практыку парушэннем правоў чалавека», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На жаль, цяпер такой дружнай і ўзгодненай пазіцыі ад еўрапейскіх краін пакуль не было, канстатаваў прэзідэнт. «І нам чарговы раз даводзіцца сутыкацца з двайнымі стандартамі ў адстойванні сваіх законных правоў і інтарэсаў».

Пра апазыцыю

Аляксандр Лукашэнка назваў існуючую на замежныя грошы апазіцыю баявымі атрадамі па правядзенні чужых інтарэсаў і палітыкі ў Беларусі.

Пра бізнэс і прадпрымальнікаў — т.зв. спэкулянтаў

Беларусі павінны дзейнічаць аднолькавыя падыходы да вядзення бізнесу прадпрымальнікамі і прадпрыемствамі, паведаміў прэзідэнт Беларусі.

«Яшчэ не так даўно прадпрымальнікам, так званым спекулянтам, не было куды дзецца, не было арганізаваных гандлёвых месц. Тады я паспрабаваў усё гэта прывесці ў цывілізаванае, нармальнае рэчышча. Мы далі ім істотныя льготы, прэферэнцыі на некаторы час, абаранілі іх», — расказаў кіраўнік дзяржавы. Прадпрымальнікам гэта спадабалася, яны прывыклі і асобныя з іх пачалі працаваць па шэрых схемах, дадаў ён. А ў выніку, напрыклад, беларускім прадпрыемствам легпрама, якія выпускаюць якасную прадукцыю, даводзіцца канкурыраваць з прадпрымальнікамі, якія ўвозяць у краіну тавары сумнеўнай якасці.

Пра грамадзянскую супольнасьць

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў Беларусі ўжо створана грамадзянская супольнасьць. «Заходнія СМІ любяць папракаць нас у тым, што мы, быццам бы, перашкаджаем развіццю грамадзянскага грамадства. Але давайце паглядзім, што адбываецца на самой справе. У краіне працуе больш як 2 тыс. грамадскіх аб’яднанняў, дзейнічае 15 палітычных партый. Ці ж гэта не лепшы доказ?» — падкрэсліў Лукашэнка.

Пра нацменшасьці і канфэсіі

«У Беларусі ніколі не будзе дапушчаны раскол грамадства па рэлігійнай або нацыянальнай прыкмеце. Любыя праявы нецярпімасці, распальвання варожасці і экстрэмізму сустрэнуць рашучы адпор»

У Беларусі, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, высока цэніцца ўклад усіх канфесій і нацыянальнасцей у фарміраванне агульнай культуры беларускага народа. «Усе мы складаем адзіную гістарычную супольнасць — беларускі народ. У нас агульныя мэты і задачы: умацаванне суверэнітэту краіны, развіццё эканомікі, павышэнне дабрабыту людзей. Менавіта ў адзінстве народа наша сіла і залог паспяховага руху наперад», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Як адзначыў прэзідэнт, кожны, хто жыве ў рэспубліцы, павінен разумець, што ён перш за ўсё грамадзянін Беларусі і толькі потым — беларус, рускі, украінец або яўрэй, вернік або атэіст.

Пра дыялог з краінамі Захаду

«Беларусь зацікаўлена ў дыялогу з краінамі Захаду». «Нашы падыходы крайне канструктыўныя: патрэбны не дыктат, а дыялог! Мы вельмі зацікаўлены ў супрацоўніцтве з краінамі Захаду, асабліва Еўрапейскага саюза», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён дадаў, што на долю Еўрасаюза прыпадае каля 40 працэнтаў беларускага экспарту. Рынак ЕС з’яўляецца для рэспублікі другім па значнасці пасля расійскага. Эканамічнае партнёрства з краінамі гэтага рэгіёну садзейнічае прыцягненню ў Беларусь інвестыцый, сучасных тэхналогій, мадэрнізацыі вытворчасці. З другога боку, гандаль з Беларуссю і ўдзел у забеспячэнні беларускага транзіту з’яўляецца адным з найважнейшых элементаў эканамічнай, а значыць, і сацыяльнай устойлівасці для нашых бліжэйшых суседзяў — Польшчы і балтыйскіх дзяржаў, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Пра АЭС і радыёфобію

«Будаўніцтва АЭС дасць магчымасць амаль на трэць знізіць патрэбнасць Беларусі ў імпартных энерганосьбітах», ‑‑ заявіў Аляксандар Лукашэнка.

«Будаўніцтва сучаснай, надзейнай атамнай электрастанцыі дапаможа гарантавана забяспечыць краіну больш таннай электраэнергіяй, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. ‑‑ Нашы апаненты спрабуюць зарабіць палітычныя дывідэнды, спекулюючы на радыяфобіі часткі беларускіх грамадзян. Яны наўмысна замоўчваюць тое, што сучасныя атамныя электрастанцыі на некалькі парадкаў перасягаюць Чарнобыльскую АЭС па ўзроўню надзейнасці. Пры гэтым яны наносяць значна меншы ўрон навакольнаму асяроддзю, чым цеплаэлектрастанцыі».

Пра тое, што выкарыстанне АЭС — справа бяспечная і выгадная, сведчыць прыклад Францыі, дзе больш як 80 працэнтаў электраэнергіі забяспечваюць менавіта атамныя станцыі. Цяпер многія краіны — ЗША, Вялікабрытанія, Германія, Швецыя, Японія, Расія, Кітай — інтэнсіўна развіваюць ядзерную энергетыку, і Беларусь не можа адставаць ад сусветных тэндэнцый, лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Пра Вэнэсуэлу і Уга Чавэса

«Беларуска-венесуэльскія адносіны - гэта рэальны ўклад у фарміраванне шматпалярнага свету... Разам мы ўяўляем сілу, не лічыцца з якой не могуць нават звышдзяржавы», - сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь самастойна выбірае сяброў-саюзнікаў, не пытаючыся парады амерыканскіх "мудрацоў". Наша краіна супрацоўнічае з Кітаем, Іранам, Венесуэлай і іншымі дзяржавамі, чым выклікае раздражненне ЗША.

Беларусь пачала дынамічна супрацоўнічаць з Венесуэлай і, вобразна кажучы, "прасекла акно" ў Паўднёвую Амерыку, атрымала доступ да вельмі багатых нафтавых рэсурсаў, адкрыла новы рынак для сваіх тавараў і паслуг, падкрэсліў прэзідэнт. "Мы набылі надзейнага палітычнага саюзніка ў асобе венесуэльскага лідэра Уга Чавеса", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Аб прадстаўніцтве Эўракамісіі

«Перагаворы аб стварэнні ў Беларусі прадстаўніцтва Еўрапейскай камісіі знаходзяцца ў завяршальнай стадыі», -- сказаў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы перад студэнтамі Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

Паводле яго слоў, з такім прадстаўніцтвам Беларусь звязвае асаблівыя надзеі ў развіцці ўзаемавыгаднага партнёрства з Еўропай.

Прэзідэнт таксама падкрэсліў, што апошнім часам рух на восі Брусель - Мінск значна актывізаваўся. Адбылося некалькі раундаў палітычных кансультацый паміж Беларуссю і ЕС, фарміруецца прамы дыялог у галіне энергетыкі, транспарту, транзіту і экалогіі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёння існуе рэальная ўзаемная цікавасць Беларусі і Еўрасаюза да развіцця сапраўды партнёрскіх адносін ва ўсіх галінах супрацоўніцтва. "Мы заўсёды зыходзілі з таго, што асновай такога партнёрства павінны быць узаемапавага, раўнапраўе, улік інтарэсаў адзін аднаго і неўмяшанне ва ўнутраныя справы, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Сёння колькасць прыхільнікаў менавіта такога прагматычнага падыходу значна расце ў палітычных і эканамічных колах дзяржаў - членаў ЕС"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?