Сёньня ў Сьмілавічах Чэрвеньскага раёну адкрываецца экспазыцыя вядомага мастака Хаіма Суціна.

Некалькі дзесяткаў рэпрадукцыяў карцін мастака разьмешчаныя ў двух залях Дзіцячага дому творчасьці. Як паведаміла Радыё Свабода мэтадыстка Сьвятлана Хасіневіч, адна з заляў прысьвечаная сьмілавіцкаму пэрыяду жыцьця і творчасьці мастака, другая — францускаму.

«Француская» заля аформленая ў стылі парыскай кавярні, дзе наведнікі змогуць выпіць кавы з філіжанак пазначаных надпісам «Прастора Суціна». Гэткім жа надпісам пазначаная іншая мэбля «кавярні».

На выставе зьмешчаныя таксама фотаздымкі ваколіцаў Сьмілавічаў, дзе колісь стаяў дом бацькоў Хаіма Суціна, біяграфічныя зьвесткі пра мастака і гісторыю Сьмілавічаў. Гэта першая сталая экспазыцыя на радзіме сусьветна‑вядомага мастака, якая зьявілася пры падтрымцы Нацыянальнага мастацкага музэю і ЮНЭСКА.

***

Хаім Суцін нарадзіўся ў Сьмілавічах у 1893 годзе, жывапісу вучыўся ў Менску і Вільні. З 1913 і да сьмерці ў 1943 годзе жыў у Парыжы. Сусьветна вядомы мастак, адзін са славутых майстроў нацюрморту. Ягоныя работы захоўваюцца ў прыватных калекцыях сям’і Чаплінаў, Шагалаў, Коппалаў.

Галіна Абакунчык, Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0