Беларуская зьмешаная эстафэтная зборная ўзяла сёньня «срэбра» на чэмпіянаце сьвету па біятлёне ў швэдзкім Эстэрсундзе. На першых двух этапах нашу каманду прадстаўлялі Людміла Калінчык і Дар’я Домрачава, а на трэцім і чацьвёртым Рустам Валіўлін і Сяргей Новікаў.

Беларусы не адносіліся да фаварытаў гонкі, бо вынікі гэтага сэзону зусім ня цешылі заяўзятараў. Нашы хлопцы і дзяўчаты нават ні разу ня трапілі ў першы дзесятак індывідуальных гонак на этапах Кубку сьвету гэтага сэзону.

Посьпех у Эстэрсундзе стаў магчымы найперш дзякуючы дакладнай стральбе. Беларусы выкарысталі толькі чатыры дадатковы патроны. Прычым, два на апошняй «стойцы». За два з паловай кілямэтры да фінішу Сяргей Новікаў выйграваў 14 сэкунд у расейца Ярашэнкі і швэда Бэргмана. Было адчуваньне, што супернікі ўсё ж нагоняць беларуса, але Новікаў вытрымаў гэтыя месцы дыстанцыі. У выніку эстафэту выйгралі немцы, срэбра ў беларусаў, бронза — у расейцаў.

Беларускія біятляністкі не выйгравалі мэдалёў на чэмпіянатах сьвету ад 2005 году, мужчыны — увогуле з 2003 году.

Зьміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0