Палітыка Беларусі ў адносінах да ЭС застаецца пераважна функцыяй таго, што адбываецца ў беларуска-расейскіх адносінах, а палітыка Эўразьвязу да Беларусі па-ранейшаму зьяўляецца ня больш чым рэакцыяй на дзеяньні афіцыйнага Менску. Пішуць Дзяніс Мельянцоў і Віталь Сіліцкі.

Беларуска-расейскія дачыненьні ў чарговы раз уваходзяць у пэрыяд няпэўнасьці, калі пад пытаньне ставіцца ня толькі іх далейшы лёс, але і мэты асноўных гульцоў. Нягледзячы на, здавалася б, глыбокую інстытуцыяналізацыю і нават руціннасьць практычна ўсіх аспэктаў беларуска-расейскага саюзу шэраг пытаньняў застаецца нявысьветленным. Да іх адносяцца цэны на энэрганосьбіты, пра перагляд якіх дэ факта заявілі некаторыя расейскія чыноўнікі, лёс магчымых прыватызацыйных праектаў і, нарэшце, лёс самога палітычнага праекту, вядомага пад назвай “саюзная дзяржава”.

Новы віток няўпэўненасьці

На наш погляд, новы віток няпэўнасьці зьвязаны з карэкціроўкай абвешчанага ў 2006 годзе курсу на “маркетызацыю” беларуска-расейскіх эканамічных адносінаў, які зьдзейсьніла расейскае кіраўніцтва ў другой палове 2007 году. Пры гэтым беларуска-эўрапейскія адносіны усяго толькі адлюстроўваюць шэраг пэртурбацыяў і пацяпленьняў у адносінах паміж афіцыйнай Масквой і Менскам.

Выдзяленьне ў сьнежні 2007 году стабілізацыйнага крэдыту памерам 1,5 мільярда даляраў ЗША і абвяшчэньне аб плянах новага крэдыту памерам 2 мільярды даляраў ЗША адзначыла фактычны канец накрэсьленага ў 2007 годзе курсу на перавод адносінаў паміж Расеяй і Беларусяй на рынкавыя рэйкі. Пагадзіўшыся ўзяць на сябе новыя абавязкі па падтрымцы беларускай эканомікі, расейскае кіраўніцтва пазбавіла афіцыйны Менск матывацыі да правядзеньня эканамічных рэформаў, якія шырока абмяркоўваліся ў Беларусі цягам мінулага году.

Ад візытацыі ў Менску да аўдыенцыі ў Сочы

Вынікі перамоваў 14-15 сьнежня 2007 году ня толькі засьведчылі аб захаваньні геапалітычнага патранажу Расеі над афіцыйным Менскам, але і аб гатоўнасьці апошняга яго прыняць. Суворыя выракі шэрагу палітычных апанэнтаў беларускіх уладаў у сьнежні 2007 – студзені 2008 і пачатак новага шэрагу крымінальных справаў азначалі, на думку многіх экспэртаў, канчатковы правал спробаў дыялёгу паміж Беларусяй і Эўрасаюзам, у якім афіцыйны Менск больш ня меў патрэбы.

На тое, што адносіны паміж Беларусяй і Расеяй вяртаюцца ў фармат, вядомы яшчэ з дапуцінскіх часоў, паказвалі і выказваньні вышэйшых кіраўнікоў РФ, такіх, як прэм’ер-міністар Расеі Валеры Зубкоў, які абяцаў, пры падпісаньні пагадненьня аб стабілізацыйным крэдыце, «не дать Беларусь в обиду».

У студзені 2008 году Менск наведаў міністар замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў. Падчас візыту бакі дамовіліся аб сумесных дзеяньнях і агульнай зьнешнепалітычнай стратэгіі. На практыцы такое пагадненьне выглядала як гарантыі з боку Масквы афіцыйнаму Менску аб безумоўнай страхоўцы апошняга перад дэмакратызуючымі памкненьнямі Захаду.

Нарэшце, прэзыдэнт Беларусі А.Лукашэнка атрымаў беспрэцэдэнтную (калі ўлічыць амаль гадавую адсутнасьць кантактаў паміж першымі асобамі перад сьнежнем 2007) аўдыенцыю ў Сочы ў лютым 2008 г, падчас якой вышэйшыя кіраўнікі Расеі і імаверны будучы прэзыдэнт РФ Дзьмітры Мядзьведзеў не саромеліся на знакі ўвагі прэзыдэнту Беларусі.

Сытуацыя, аднак, пачала атрымліваць новы абарот у канцы студзеня 2008 году зь нечаканым пачаткам працэсу вызваленьня палітычных зьняволеных – працэсу, лёгіка якога не адпавядала таму, што адбывалася ва ўнутранай палітыцы Менску з часоў сьнежаньскага саміту.

Яшчэ больш нечаканай стала сустрэча беларускага лідэра з паслом ФРГ Гебхардтам Вайсам пры канцы сьнежня 2007 году. Вызваленьне аднаго з найбольш вядомых палітзьняволеных Артура Фінькевіча (прысуд якому ў сьнежні 2007 г. сыгналізаваў, здавалася б, канец “пацяпленьню” у беларуска-эўрапейскіх адносінах) канчаткова пацьвердзіў імавернасьць сур’ёзнага гандлю паміж Беларусяй і ЭЗ, што падняло пытаньне, якім чынам на час пачатку і зьмест гэтага гандлю паўплывалі новыя павароты ў беларуска-расейскіх адносінах і якая магла б быць прырода гэтых паваротаў.

Лукашэнкаўцы прызналі відавочнае

Распаўсюджаныя афіцыйным агенцтвам навінаў БЕЛТА дадзеныя сацыялягічнага апытаньня, зробленага інфармацыйна-аналітычным цэнтрам Адміністрацыі прэзыдэнта РБ, сьведчаць аб нечувана нізкай падтрымцы сярод беларусаў ідэі аб’яднаньня з Расеяй у адзіную дзяржаву (толькі каля 3 %). Большасьць рэспандэнтаў (43,7 %) лічаць, што Беларусь павінна застацца незалежнай дзяржавай і будаваць свае адносіны з Расеяй на аснове міжнародных дамоваў, і толькі 42 % выступаюць за саюз незалежных дзяржаваў. Пры гэтым НІВОДНЫ аспэкт беларуска-расейскага аб’яднаньня ня мае большасьці ў беларусаў. Так, за супольную сыстэму абароны выказаліся толькі 21,2% апытаных, за адзіную валюту — 20,4%, за адзінае грамадзянства — 17,8%, за стварэньне супольнай сыстэмы сацыяльнага забесьпячэньня — 11,8 %, за адзінае падатковае заканадаўства — 6,5 % і за адзіную інфармацыйную прастору — 6,4 %. Дадзеныя афіцыйнага аналітычнага цэнтру – самая нізкая ацэнка ўзроўню падтрымкі беларуска-расейскага саюзу ЗА ЎВЕСЬ ЧАС і сярод усіх аналітычных цэнтраў, разам зь недзяржаўнымі. Фактычна, беларускія ўлады пайшлі на прызнаньне таго факту, што ў беларускім грамадзтве рэальна дасягнуты кансэнсус аб неабходнасьці захаваньня беларускай дзяржавы.

На наш погляд, публікацыя дадзеных апытаньня – неабвержнае сьведчаньне таго, што тэма рэфэрэндуму аб канчатковым аб’яднаньні Беларусі і Расеі сапраўды ўздымалася Крамлём падчас нядаўніх перамоваў. Таксама відавочна, што афіцыйны Менск абазначыў сваё непрыняцьцё такога аб’яднаньня.

Паслаўшы сыгнал аб сваёй гатоўнасьці праваліць рэфэрэндум, нават калі ён будзе навязаны Масквой, Менск фактычна паставіў крыж на палітычным саюзным праекце, бо правядзеньне рэфэрэндуму мае сэнс для Крамлю толькі ў выпадку неаспрэчнай легітымнасьці апошняга.

Чарговае паляпшэньне адносінаў з ЭС выглядае як спроба з боку афіцыйнага Менску мінімізаваць магчымыя непажаданыя наступствы сваёй пазыцыі ў пытаньні далейшага лёсу саюзнага праекту. Беларуска-расейскія адносіны, такім чынам, па-ранейшаму разьвіваюцца па звычным коле – абяцаньне стратэгічнага партнэрства і больш шчыльнай інтэграцыі – незадаволенасьць Крамля цаной эканамічнай падтрымкі Беларусі – канфліктная сытуацыя ў беларуска-расейскіх дачыненьнях – рэвэрансы ў бок афіцыйнага Менску Эўрасаюзу – заклапочанасьць у Крамлі магчымай “стратай Беларусі”.

Масква ня можа, а Менск не жадае

Тое, што Масква ня можа, а Менск не жадае выйсьці з гэтага кола, выклікана глыбіннымі прычынамі, якія ня зводзяцца да палітыкі альбо інтарэсаў канкрэтных палітычных лідэраў.

У сваёй палітыцы адносна Беларусі Крэмль перасьледуе дзьве мэты, што адна другую выключаюць, – па-першае, гэта максымальнае тармажэньне працэсу афармленьня Беларусі як нацыянальнай дзяржавы з уласнай ідэнтычнасьцю і геапалітычнымі інтарэсамі, па-другое – гэта максымальнае зьніжэньне кошту ўтрыманьня Беларусі ў сваёй арбіце. Але адну з гэтых мэтаў немагчыма дасягнуць, не адмовіўшыся ад другой. «Пагоня за двума зайцамі» з боку Крамлю стварае сытуацыю, якую па-майстэрску выкарыстоўвае афіцыйны Менск для вырашэньня сваіх задач.

Пры гэтым палітыка Беларусі ў адносінах да ЭС застаецца пераважна функцыяй таго, што адбываецца ў беларуска-расейскіх дачыненьнях.

Адваротны эфэкт

Падрыхтоўка да новай перамоўнай фазе ў беларуска-эўрапейскіх дачыненьнях азначае для афіцыйнага Менску не выкананьне ўмоваў ЭС (выкладзеных у non-paper Эўрапейскай Камісіі а наадварот, у адыходзе ад іх. У якасьці жэсту добрай волі потым выкарыстоўваецца адмена альбо зьмякчэньне прынятых напярэдадні рэпрэсіўных мераў.

Акрамя таго, ЭС па-ранейшаму ня мае магчымасьці праводзіць цалкам узгодненую замежную палітыку ў рамках Зьвязу. Больш за тое, асобныя краіны-сябры кіруюцца ўласнымі інтарэсамі ў правядзеньні “усходняй палітыкі” (што і было прадэманстравана падчас сустрэчы сп. Вайса з Аляксандрам Лукашэнкам, а таксама падчас прэс-канфэрэнцыі з амбасадаркай Францыі ў Беларусі спадарыняй Мюсо). Спроба надаць дзеяньням нямецкага амбасадара бачнасьць кансалідаванага падыходу эўрапейскіх краінаў (альбо, прынамсі, Францыі і Нямеччыны) можа тлумачыцца як праявай салідарнасці з Нямеччынай, так і інтарэсамі Францыі, напрыклад, яе зацікаўленасцю ў будаўніцтве беларускай АЭС.

Аналізуючы дзеяньні ЭС у адносінах да Беларусі, нельга забываць і яшчэ аб адным немалаважным фактары – працэс адкрыцьця ў Беларусі дэлегацыі Эўрапейскай Камісіі знаходзіцца на этапе заканчэньня і ад дзеяньня і рыторыкі эўрапейскіх чыноўнікаў у дадзены канкрэтны пэрыяд залежыць, калі кіраўнік Беларусі дасьць дабро на падпісаньне дамовы паміж урадам Беларусі і Эўракамісіяй.

Такім чынам, чарговая імітацыя збліжэньня Беларусі з Эўропай дала эўрапейскім палітыкам магчымасьць скарыстацца з такой сытуацыі для вырашэньня ўласных надзённых праблемаў. У рэальнасьць пераарыентацыі Беларусі на Захад ва ўмовах існуючай палітычнай сыстэмы ніхто, відаць, ужо ня верыць. Застаецца, аднак, пытаньне – ці не зьяўляюцца апошнія захады нямецкага і францускага амбасадараў адзінай магчымасьцю дзеля таго, каб знайсьці хоць нейкія рычагі ўзьдзеяньня на афіцыйны Менск, нават калі імавернасьць посьпеху іх дзеяньняў мінімальная.

Дзяніс Мельянцоў і Віталь Сіліцкі — аналітыкі Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0