Авантурыст, таленавіты тактык партызанскай вайны, генэрал розных арміяў — спрэчкі вакол ягоных асобы і дзейнасьці ня сьціхнуць яшчэ доўга. 10 лютага споўнілася 125 гадоў з дня народзінаў Станіслава Булак‑Балаховіча.

Ён мог бы стаць расейскім героем першай усясьветнай вайны — зрэшты, і стаў, пачаўшы службу ніжнім чынам і меўшы ў 1917 г. ужо ранг паручніка, атрымаўшы Георгіеўскі крыж, тры ступені і тры ордэны Сьв.Ганны. Ён мог стаць героем антыбальшавіцкага расейскага супраціву — зрэшты, і стаў, прывёўшы 2 лістапада 1918 г., яшчэ ротмістрам, два дывізіёны (каля 800 шабель) ад «чырвоных» у Пскоўскі корпус «белых». У чэрвені 1919 г. ён атрымаў ранг палкоўніка, а ў ліпені 1919 г. на прапанову генэрал‑лейтэнанта Арсеньнева камандуючы Паўночна‑Заходняй арміяй генэрал‑лейтэнант Радзянка надаў Станіславу Булак‑Балаховічу ранг генэрал‑маёра за пасьпяховае вызваленьне ад бальшавікоў Пскова. Пэўна, заслужаны ён перад Эстоніяй і Латвіяй, бо яго часткі ўжо як Асобныя аддзелы БНР у Балтыі ў канцы 1919 — пачатку 1920 г. займалі пазыцыі пад Ізборскам на антыбальшавіцкім фронце паміж эстонскай і латыскай арміямі. Перамовы ўрадаў Эстоніі і Латвіі з Савецкай Расеяй зрабілі непажаданым знаходжаньне ўзброеных аддзелаў Булак‑Балаховіча ў Балтыі.

Так некалі і з камандаваньнем «белага» руху на паўночным захадзе ў яго не склаліся адносіны, нягледзячы на пасьпяховыя вайсковыя апэрацыі. Балаховіч зь юнацтва быў блізкі да эсэраў. Галоўнакамандуючы ж Паўночна‑Заходняй арміяй генэрала ад інфантэрыі Мікалай Юдзеніч, хоць і сам меў беларускае паходжаньне, але цьвёрда стаяў на прынцыпах расейскага манархізму і адмаўляў права «іншародцам» на самастойнае існаваньне. Гатоўнасьці Балаховіча да службы ў беларускім войску, безумоўна, паўплывала на яго адхіленьне ў канцы 1919 г., паводле загаду Юдзеніча, ад камандаваньня корпусам. Ужо ў ноч на 28 студзеня 1920 г. Балаховіч сам арыштаваў Юдзеніча.

Афіцыйную дэклярацыю пра беларускае грамадзянства і просьбу прыняць яго на беларускую службу генэрал склаў 14 лістапада 1919 г. Яшчэ раней, у кастрычніку 1919 году, пад час канфэрэнцыі балтыйскіх краінаў, Украіны і Беларусі ў эстонскім Тарту на прапанову шэфа Беларускай Вайскова‑Дыпляматычнай Місіі палкоўніка Кастуся Езавітава перайсьці на службу БНР Балаховіч адказаў, што ідэя барацьбы за незалежнасьць Беларусі для яго значна бліжэй, чым удзел у акцыях «белых» генэралаў.

Вельмі цяжка сачыць за календаром падзеяў у 1917—20 г. — настолькі імкліва тады зьмянялася вайсковая і палітычныя сытуацыя, абвяшчаліся цэлыя дзяржавы ды зьнікалі ўрады. Праект БНР у гэтых варунках выглядаў вельмі няпэўна — ён меў такога адназначнага ворага, як бальшавіцкая Расея; яму не магла спрыяць ні кайзэрская, ні рэспубліканская Нямеччына, што мела абавязкі перад чырвоным Крамлём; на яго вельмі падазрона глядзелі краіны Антанты, бо сваім фактам існаваньня БНР нібы парушала з расейскага боку антынямецкі фронт хаўрусьнікаў (хіба толькі амэрыканская місія, яшчэ падчас знаходжаньня корпусу Балаховіча ў Балтыі, перадала яму вайсковы шпіталь і мэдыкамэнты). Беларускую карту маглі разыграць толькі Пілсудзкі і літоўскі ўрад у Коўне. У такім выпадку прыняцьцё боку БНР было сапраўдным выбарам. Сярод мора хаосу, у які ператварылася Ўсходняя Эўропа і ўся Расея, выбар свайго апірышча, сваёй мэты дазваляў ратавацца — не пераўтварыцца проста ва ўзброены кантынгент, якому патрэбныя сродкі выжываньня, і ня стаць усяго толькі камандай вайсковых наймітаў, попыт на якія рэзка ўзрос.

Дзякуючы Палескаму паходу 1920 г., Усходняе Палесьсе таксама было далучана да гісторыі змаганьня за Беларускую Народную Рэспублікі.

У 1920 г. у Балаховіча будуць яшчэ хаўрус з Барысам Савінкавым і Палескі паход. 7 лістапада 1920 г. у Тураве адбылася ўрачыстасьць пераняцьця Беларускім Палітычным Камітэтам з рук генэрала Булак‑Балаховіча цывільнай улады «над вызваленай зямлёй Беларускай Народнай Рэспублікі». На тураўскім рынку сталі ў шыхтах беларускія атрады. На ўрачыстасьць зьехалася шмат жыхароў навакольных вёсак і прысутнічалі дэлегацыі хрысьціянскага і габрэйскага насельніцтва. Прыехаў таксама Барыс Савінкаў. Пасьля багаслужбы, падчас якой былі ўзьнесеныя малітвы за БНР і посьпех яе зброі, Булак‑Балаховіч прысягнуў на нацыясьцягу, што «не складзе зброі, пакуль ня вызваліць роднага краю ад узурпатараў». Калі ўжо 12 лістапада Булак‑Балаховіч прыбыў у Мазыр, ва ўсім горадзе з гэтай нагоды былі вывешаныя бел‑чырвона‑белыя сьцягі.

Як адзначаюць гісторыкі, не кранаючы чыста мілітарных аспэктаў, паход генэрала Булак‑Балаховіча меў адзін вельмі важны вынік. У Асобным беларускім аддзеле Балаховіча з 1919 г. служылі ўраджэнцы роднай генэралу Дзісеншчыны і Дзьвіншчыны. Падчас баёў на Заходнім Палесьсі летам 1920 г. да Беларускай Народнай Арміі, як тады называўся аддзел генэрала Булак‑Балаховіча, сталі далучацца палешукі. У час фармаваньня арміі ў Тураў прыйшлі атрады зь Беластоку, Слуцку і Менску. У Мазыры далучыліся мясцовыя добраахвотнікі. Такім чынам, армія набыла агульнанацыянальны характар. Дзякуючы намаганьням беларускіх жаўнераў, Усходняе Палесьсе таксама было далучана да гісторыі змаганьня за незалежную Беларускую Народную Рэспубліку.

Як бы мы ні ацэньвалі важнасьць індывідуальнага разьвіцьця, самадастатковасьці і ўласнай адказнасьці, сучасная арганізацыя грамадзтва патрабуе, каб чалавек і народы мелі ўласную дзяржаву. Асаблівая безабароннасьць індывіда робіцца адчувальнай у крызысныя пэрыяды. Генэрал Булак‑Балаховіч імкнуўся служыць дзяржаве, шукаў яе, спрабаваў стварыць. Гэтыя пошукі і спараджаюць поле для дыскусіі пра яго асобу. Але мы ведаем, што свой выбар ён зрабіў.

Алег Дзярновіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0