8 лютага ў кінатэатры «1 мая» берасьцейскія прыхільнікі рэгі і Боба Марлі адзначылі дзень нараджэньня пачынальніка рэгі‑культуры ў сьвеце. Канцэрт, які сабраў поўную залю гледачоў, пачаў «ДалайЛама Бэнд». Як зазначылі хлопцы, яны ня граюць сонечную музыку рэгі, але ж вельмі любяць яе і паважаюць Боба Марлі. Му́зыка трыё з басэтляй (кантрабасам), флейтай і барабанам нагадвала хутчэй усходнія матывы, з крыху афрыканскім адценьнем, але ж спадабалася гледачам, аб чым сьведчыла пранікнёная цішыня падчас гучаньня музыкі і гарачыя аплядысмэнты пасьля яе сканчэньня.

Дзякуючы таму, што канцэрт праходзіў ў памяшканьні кінатэатра, гледачам, з дапамогай вялікага экрана, на якім зьявілася постаць Боба Марлі нагадалі, з якой нагоды яны сюды прыйшлі. Наступным быў берасьцейскі гурт ці лепш сказаць рэгі‑ансамбаль «Растение мудрости», які складаецца зь лепшых маладых музыкаў Берасьця (між іншым, туды ўвайшлі бубнач і вакаліст гурта «Сьцяна»). «Растение мудрости» прадэманстраваў яскравы рэгі, гучалі як уласныя песьні, так і кавэры на Боба Марлі і творы з даробку расейскага культавага гурта «Джа Дивижн». Не выпадкова, што пад растаманскія гукі ўсе ўдзельнікі канцэрту, як музыкі, так і слухачы пачалі павольна рухацца, успрымаючы пазытыўную вібрацыю ад музыкі рэгі.

Павал Белавус, Берасьце, «Тузін Гітоў»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0