20.05.2015 / 15:19

Прадстаўнік Міністэрства інфармацыі Беларусі «адпаліў» на медыяфоруме ў Рызе 8

У Рызе сёння праходзіць 1-ы медыяфорум «Усходняга партнёрства». Некалькі сотняў журналістаў з Беларусі, Украіны, Малдовы, Грузіі, Азербайджана, Арменіі, а таксама краін Еўрасаюза сабраліся разам, каб абмеркаваць сітуацыю ў сферы СМІ.

Выступае Юрый Бябешка

Сёння ўдзельнікаў канферэнцыі віталі прадстаўнік АБСЕ па свабодзе СМІ Дуня Міятавіч, былая прэзідэнт Латвіі Вайра Віке-Фрэйберга. У сваёй прамове Міятавіч згадала такія краіны, як Азербайджан і Беларусь, дзе журналістаў арыштоўваюць і затрымліваюць за іх публікацыі.

«Трэба казаць проста, не павінна быць супрацоўніцтва з краінамі, якія парушаюць правы чалавека. Свабода СМІ ёсць базавым правам і мы маем дачыненні з урадамі, якія сістэматычна гэтае права парушаюць», — сказала Міятавіч.

Вялікая частка дакладаў была прысвечаная расійскай прапагандзе, а таксама сродкам супрацьстаяння ёй.

Дырэктар Асацыяцыі незалежнай прэсы Малдовы Петру Макавей нават прапанаваў, каб Еўрасаюз націснуў на ўрады краін «Усходняга партнёрства», каб яны больш актыўна супрацьстаялі расійскай прапагандзе.

На думку Макавея, улады Малдовы недастаткова ўвагі ўдзяляюць гэтаму пытанню. А вынікі апошнім парламенцкіх і мясцовых выбараў у Малдове сведчаць пра ўзмацненне прарасійскіх настрояў.

Гэтую ж самую тэму закранула і былая старшыня БАЖ Жанна Літвіна. Яна адзначыла, што крызіс дзяржаўных СМІ ў Беларусі праявіўся падчас падзей на Майдане і баявых дзеянняў ва Украіне, калі падкантрольныя ўладай СМІ трапілі ў своеасаблівы ступар і не ведалі, як асвятляць гэтыя падзеі без падказкі з верху.

«Мы засталіся ў савецкасці. З тых часоў у нас засталося стаўленне да медыяў як да рухавікоў дзяржаўнай ідэалогіі, абслугоўваючы персанал»,— заявіла Жанна Літвіна.

Эксперт зазначыла, што Беларусь – гэта найбольш уразлівая краіна. «Расійская прапаганда ў Беларусі падае ва ўдзячную глебу, - сказала Літвіна. – Дзве траціны беларусаў давяраюць расійскім СМІ. Па дадзеных сацыёлагаў, больш за 60% жыхароў Беларусі станоўча паставіліся да анексіі Крыма».

На думку Літвіной, найменш падпадаюць расійскай прапагандзе з’яўляюцца чытачы і гледачы незалежных СМІ. Таму падтрымка незалежных павінна быць прыярытэтнай у палітыцы Еўрасаюза.

Не абышла Жанна Літвіна і цякучыя пытанні функцыянавання СМІ ў Беларусі. Напрыклад, што многія журналісты працуюць без акрэдытацыю, якую адмаўляецца выдаваць Міністэрства замежных справаў. Гаворка ішла і пра новы Закон аб СМІ, які ад 1 студзеня ўступіў у сілу, паводле якога дзяржава можа блакаваць няўгодныя сайты.

Уступіў у дыскусію з Літвіной намеснік начальніка ўпраўлення прававой і кадравай работы Міністэрства інфармацыі Юрый Бябешка.

Ён адзначыў, што беларускае заканадаўства развіваецца «з улікам нацыянальных асаблівасцяў». А пра манапалізацыю сферы СМІ няма чаго казаць, бо 70% усіх зарэгістраваных у Беларусі СМІ – недзяржаўныя. Праўда, варта адзначыць, што з іх грамадска-палітычных — мінімум. Гэта газеты пра сад і агарод, ці зборнікі крыжаванак.

Таксама Бябешка даў лічбы, што ад 1 студзеня па ініцыятыве Міністэрства інфармацыі было заблакавана 18 сайтаў. 15 з іх распаўсюджвалі наркотыкі, адзін – з дзіцячай парнаграфіяй, а яшчэ два – за табуяваную лексіку.

На думку чыноўніка, гэта не супярэчыць сусветным тэндэнцыям. Але нічога не было сказана пра снежаньскую блакіроўку незалежных інфармацыйных рэсурсаў.

Адзін з гасцей Форума, армянскі журналіст Барыс Навасардзян у выніку прапанаваў вырашыць праблему беларускіх СМІ радыкальна — зачыніць Міністэрства інфармацыі. На што атрымаў сваю порцыю апладысментаў.

Зміцер Панкавец, Рыга

0
Мордехай В. / Адказаць
20.05.2015 / 16:02
А Бябешка быў з Арбузікам?
0
Убогость и серость / Адказаць
20.05.2015 / 16:05
«с учетом национальных особенностей» - кто пояснит, а это как?
0
Клоўн / Адказаць
20.05.2015 / 16:07
Усе прадстаўнікі афіц.дэелегацый ад дзярж.ворганаў дзеляцца на тры тыпы: 1)тыя ў каго ёсць нейкі розум, яны разумеюць, што адбываецца, але ведаюць, што лепей у такой сітуацыі прамаўчаць каб не абастраць сітуацыю. 2)тыя хто вераць у дзярж.ідэалогію ўсім сэрцам на мяжы сіндрома ватніка і гатовыя рваць глотку за сваіх генералаў. 3) проста безмозглыя ідыёты
Паказаць усе каментары/ 8 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру