Карыстальнік reddit пад нікнэймам mattsawizard пралічыў, якую адлегласць прайшлі Фрода і Сэм, героі кніг «Уладар Пярсцёнкаў» Дж. Р. Р. Толкіена. Гэтую вандроўку ён наклаў на мапу Вялікабрытаніі.

Сумарная адлегласць вандроўкі ад Шыра да Арадруіна склала 1350 міль — больш за дзве тысячы кіламетраў. Столькі ж, калі ісці наўпрост ад Віцебска да Парыжа.

«Наша Ніва» наклала падарожжа хобітаў на карту Беларусі. Прамой дарогі не выйдзе — не такая вялікая Беларусь, якім вялікім было падарожжа Фрода і Сэма.

Калі ўявіць, што Шыр у нас у Жлобіне, то дарога да Прыгор’я роўная дарозе да Мінска. З Прыгор’я да Рывендэла ісці доўга — каб не выходзіць за межы Беларусі, уявім, што хобіты каля Ліды напаткалі назгулаў і пачалі блытаць сляды (прабач, Гродна). Уздоўж мяжы яны прайшлі праз Астравец (маглі б там і пакінуць злашчасны пярсцёнак!) і дайшлі да Мёраў-Рывендэла.

Адтуль ужо цэлым Братэрствам Пярсцёнка яны пойдуць да Морыі. Такая доўгая дарога давядзе аж да Оршы — Мглістых гор там няма, але кажуць, што месца для бітвы з оркамі пад Оршай добрае. З Морыі эльфы скіруюць братэрства па Андуіне-Дняпры.

Братэрства распадзецца ажно пад Лоевам — адтуль Сэм і Фрода пойдуць да Мордара самі па балотах Палесся. Недзе там яны сустрэнуць Голума, які давядзе іх да Чорнай брамы Турава. Адтуль Голум скіруе іх да крэпасці назгулаў Мінас Моргул. Павучыху Шэлаб яны сустрэнуць недзе пад Іванава.

Па пустынных землях Мордара хобіты дойдуць да самага Брэста. Дзе там Арадруін — невядома. Пэўна, прыйдзецца скідаць пярсцёнак (разам з Голумам і пальцам Фрода) проста з моста ў Мухавец.

А ці прайшлі б вы такую дарогу дзеля ратавання Міжзем’я?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?