Па адбітках пальцаў праграма беларускіх навукоўцаў можа вызначыць тып характару і нават падказаць, якім спортам і ў якім амплуа займацца, перадае АНТ з Брэста.

Для вызначэння характару, сцвярджае аўтар, дастаткова прыкласці дзесяць пальцаў да сканера — праз хвіліну праграма выдасць вынік. Такі тэст прапанавалі прайсці беларускім школьнікам.

Сяргей Макарэвіч, афіцыйны прадстаўнік кампаніі «Генетык-тэст», сцвярджае, што адбіткі пальцаў маюць сувязь з псіхічнымі і фізічнымі характарыстыкамі чалавека, а тэст дае 80-90% праўдзівай інфармацыі. Тэст носіць рэкамендавальны характар, прызнае распрацоўшчык, радыкальна мяняць сваё жыццё ад вынікаў тэсту не абавязкова.

На самой справе, «Генетык-тэст» у Беларусі — філіял расійскай кампаніі, што прызнаецца на афіцыйным сайце. Метад запатэнтаваны ў Расіі, але крытыкуецца Камісіяй па барацьбе з лжэнавукай Расійскай акадэміі навук.

На сайце даюцца шматлікія спасылкі на рэпартажы расійскіх СМІ і шэраг знакамітых людзей, якія нібыта прайшлі тэсты. Але спасылак на навуковыя працы, апублікаваныя ў сур’ёзных часопісах, няма. Затое ёсць цана: 350 тысяч за тэст для аднога чалавека.

Па малюнках на адбітках пальцаў нельга вызначыць не тое, што характар чалавека, але нават пол.

Аўтары тэсту спасылаюцца на навуку дэрматагліфіку, што вывучае адбіткі пальцаў, тыповыя ўзоры і іх падабенства. Але дэрматагліфіка, у адрозненні ад хірамантыі, не бярэцца прадказваць характар ці лёс чалавека. Прынамсі, ніводнага даследавання, якое даказвала бы сувязь тэмпераменту і адбіткаў пальцаў, у сур’ёзных навуковых часопісах не апублікавана.

Па накаторых узорах на адбітках пальцаў з пэўнай ступенню дакладнасці (ніколі не роўнай 100%) можна распазнаць генетычныя хваробы кшталту сіндому Даўна ці шызафрэніі. Але, напрыклад, нельга вызначыць алкагалізм.

Але дэрматагліфіка не можа вызначыць нават пол — іначай крыміналісты маглі бы лягчэй шукаць злачынцаў па адбітках пальцаў. Сёння па адбітках пальцаў можна вызначыць пол з дакладнасцю ў 85%, але не па малюнку, а па рэчывах на паверхні скуры, што застаюцца на адбітках. Такім жа чынам па адбітках пальцаў прапануюць распазнаваць наркаманаў. Адбіткі пальцаў фармуюцца пад уздзеяннем у тым ліку выпадковых фактараў, яны розныя нават у генетычна амаль ідэнтычных аднаяйкавых блізнятаў.

Беларускі закон пра рэкламу забараняе рэкламаваць прадказанне лёсу з дапамогай звышнатуральных здольнасцей. Але ніякі закон не забараняе праводзіць тэсты без навуковага абгрунтавання вынікаў.

Паверыць у згаданыя 80-90% супадзення вынікаў аналізу характару па адбітках пальцаў лёгка — людзі нярэдка адзначаюць, што праўдзівымі аказаліся прагнозы гадалак, астролагаў і хірамантаў. Аказанне імі платных паслуг у Беларусі не забароненае (нельга «прадказваць будучыню», але можна прапаноўваць «псіхалагічныя кансультацыі»), а астралагічныя прагнозы прапануюць у тым ліку дзяржаўныя выданні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?