Украіна дабілася адмовы ад цьмяных пасярэднікаў у пастаўках газу і абавязалася сплаціць бягучую запазычанасьць.

Расея ня стала адключаць газ Украіне. Кіеў пачне пагашаць запазычанасьць перад «Газпрамам» зь чацьвярга. Такія дамоўленасьці былі дасягнутыя на сустрэчы прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі і прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна.

На пачатку лютага паміж Украінай і Расеяй разгарэўся чарговы газавы канфлікт. Яго справакавала Юлія Цімашэнка: сваімі спробамі арганізаваць пабудову газаправоду з Туркменіі ў абыход Расеі, а найперш – дабіцца, каб Масква адмовілася ад пасярэдніка ў форме няясна каму належнай структуры RosUkrEnergo і пачала прадаваць газ Кіеву наўпрост, паводле прамых дамоваў паміж «Газпромам» і «Нафтагазам Украіны». Пры гэтым падвышэньне цаны на газ Цімашэнка прапаноўвала кампэнсаваць павышэньнем тарыфу на яго транспарціроўку праз тэрыторыю Ўкраіны.

Украінскі ўрад ад словаў пра ліквідацыю пасярэднікаў перайшоў да справаў. Спачатку Кабінэт міністраў абмежаваў прысутнасьць «УкрГаз-Энэрга» (даччынай структуры RosUkrEnergo і НАК «Нафтагаз Украіны») на ўнутраным рынку. А 6 лютага ануляваў сваё распараджэньне аб стварэньні «УкрГаз-Энерго».

У адказ у панядзелак «Газпром» прыгразіў з аўторка на чвэрць скараціць падачу расейскага газу ва Ўкраіну. Падставай стала запазычанасьцm па бягучых плацяжах у памеры 1,5 млрд даляраў. Прэс-сакратар старшыні праўленьня ААТ «Газпром» Сяргей Купрыянаў суправадзіў ультыматум адпаведнай статыстыкай: 1 млрд 700 млн кубамэтраў расейскага газу «аселі» ва Ўкраіне за студзень — люты 2008 году, даводзіў ён.

Выканаць патрабаваньні ўкраінскаму боку прапаноўвалася акурат у дзень прыезду прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі ў Маскву.

Напярэдадні паездкі В.Юшчанкі ў Маскву ўкраінскія ўлады ня мелі адзінства. Ю.Цімашэнка выступала за больш радыкальны падыход, прэзыдэнт Украіны настойваў на кампрамісе. Урэшце ўкраінцы пагадзіліся на часовае існаваньне RosUkrEnergo — на пераходны пэрыяд, пакуль ня будуць выпрацаваныя новыя ўмовы кантрактаў. Разьлік расейцаў на кампрамісны настрой Юшчанкі апраўдаў сябе: у часе аўторкавай сустрэчы прэзыдэнтаў Расеі і Ўкраіны была дасягнутая дамоўленасьць аб пагашэньні Кіевам запазычанасьці па бягучых плацяжах пачынаючы з чацьвярга. «Мы шкадуем, што пастаянна ўзьікаюць такія праблемы, — сказаў Пуцін. — Мы дамовіліся пра далейшыя прынцыпы супрацоўніцтва і пра ўмовы пагашэньня доўгу. «Газпром» яны задавальняюць».

Пры гэтым за пастаўкі 2008 г. Украіна будзе плаціць па-ранейшаму $179 за тысячу кубамэтраў. Расейскі кіраўнік зазначыў таксама, што «Газпром» і «Нафтагаз» стварылі рабочую групу для арганізацыі прамых стасункаў. «Мы зацікаўлены, каб нашае супрацоўніцтва было б гранічна празрыстым», — заявіў У. Пуцін.

У сераду ў Навасібірску першы віцэ-прэм’ер Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў, што пры пастаўках сярэднеазіяцкага газу ва Ўкраіну пасярэднік захаваецца. Гэта датычыцца ўжо падпісаных кантрактаў.

Схема паставак туркменскага газу па газпромаўскіх газаправодах, але праз пасярэдніцкую кампанію RosUkrEnergo была навязаная Ўкраіне ў 2005 годзе. RosUkrEnergo — структура настолькі таямнічая, што дагэтуль ніхто да канца ня ведае, хто за ёю стаіць. Асобныя СМІ пісалі, што яе прыбыткамі распараджаюцца асобы, блізкія да Пуціна. Іншыя сьцьвярджалі, што В.Юшчанка таксама мае да RosUkrEnergo дачыненьне.

Сёлетні газавы канфлікт нагадаў ранейшыя сутыкненьні Расеі з Украінай і Беларусьсю. Узьнікненьне такіх сытуацый было б немагчымае, калі б беларускі і ўкраінскі ўрады выпрацавалі супольную стратэгію дачыненьняў з манаполіяй.

Па словах аглядальніцы газэты «Белорусы и рынок» Тацяны Манёнак, пэўныя перамовы вяліся цягам апошніх гадоў. «Паміж краінамі былі апрабаваныя адпаведныя захады і яны мелі эфэкт — маю зьвесткі, што Расею гешэфты Беларусі і Ўкраіны ў сфэры транзыту вельмі напалохалі» — кажа Т. Манёнак. Але пакуль відавочна, што кожны бок аддае перавагу сэпаратным перамовам з Расеяй. Беларусь пры гэтым кіруецца дамоўленасьцямі, дасягнутымі пры канцы 2006 г. Тое, што цана газу для Беларусі на І квартал бягучага году была агучаная пасьля візыту ў нашу краіну Ўладзімера Пуціна, яшчэ раз сьведчыць, што пытаньне вырашалася ў палітычнай плоскасьці. Беларускі бок карыстаецца перадвыбарчай сытуацыяй у Расеі вельмі актыўна. Гэта зьвязана з ростам цаны на нафту і, адпаведна, непазьбежным ростам цаны газу.

Паводле папярэдніх зьвестак, па стане на 1 студзеня 2009 г. расейскі газ можа каштаваць для беларусаў каля $203 за тыс. куб. м. На апошніх перамовах, што адбыліся з санкцыі кіраўніка расейскага ўраду Віктара Зубкова, беларуская дэлегацыя выступала за перагляд гэтай лічбы. Перамовы пакуль скончыліся безвынікова і маюць аднавіцца ў сакавіку. Беларускі бок кіруецца кароткатэрміновымі пэрспэктывамі атрыманьня ад «Газпрому» саступак — фіксаваньня няхай і на кароткі тэрмін цэнаў, «пэрсанальнай» формулы разьліку цаны на газ і г. д.

Урад карыстаецца тым, што расейцы не гатовыя да газавай вайны на два фронты, але і сам намагаецца не злаваць манаполію, зважаючы на багаты выбар у апошняй спосабаў уплыву на нашую эканоміку.

«На жаль, энэргетычная залежнасьць Беларусі, і без таго татальная, яшчэ больш паглыбляецца, і ў кароткай пэрспэктыве не выпадае чакаць на супольную з украінцамі стратэгію дачыненьняў з манапалістам», — зазначыла Т. Манёнак.

Позна ўвечары ў аўторак зьявілася інфармацыя, што «Газпром» і «Нафтагаз» створаць дзьве новыя кампаніі для паставак газу ва Ўкраіну. «Ствараецца новая структура паставак ва Ўкраіну газу», – сказаў кіраўнік расейскага газавага холдынгу Аляксей Мілер. Па словах Мілера, будуць створаныя новая збытавая кампанія (замесь «Росукрэнэрга») і новая кампанія для паставак на ўнутраным рынку (замест «Укргазэнэга), у якіх «Газпрому» й «Нафтагазу» будзе належаць наўпрост па 50 %.

Чарговая нічыя ў газавай вайне гэтым разам азначае перамогу лініі Юліі Цімашэнкі і канец непразрыстых схемаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?