23.05.2015 / 07:43

Ад сярпа і молата да мальтыйскага крыжа — узнагароды «беларускага казацтва» 13

Таямніцы казачых медалёў раскрывае альбом «Фалерыстыка Беларусі». 

Альбом Аляксандра Вялічкі, выдадзены сёлета «па замове і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі РБ» – цікавая спроба распавесці пра медалі незалежнай Беларусі.

Разам з тым суседства пад адной вокладкай, няхай і ў розных раздзелах, Ордэна Францішка Скарыны, і медалёў мінскіх ралевікоў-рэканструктараў вайны 1812 года, альбо медалі «90 лет Октябрьской революции» (КПБ) выклікае ўсмешку. Гартаючы альбом, лёгка можа скласціся ўражанне пра раўназначнасць гэтых узнагарод…

Асобна і ад дзяржаўных узнагарод, і ад адзнак грамадскіх аб’яднанняў стаяць медалі і крыжы «Беларускага казацтва». Чаму асобна? Цяжка сказаць, бо сам аўтар у прадмове да «казацкага» раздзела піша пра тры юрыдычна зарэгістраваныя ў Беларусі менавіта аб’яднанні казакоў.

У кнізе аўтар узгадвае 14 казацкіх узнагародаў. У перадумовах для ўзнагароды ў большасці выпадках ідзецца пра адраджэнне казачых традыцыяў і службу казацтву. Ёсць, аднак, і арыгінальныя матывацыі. Напрыклад, медаль «За заслугі» выдаецца не толькі за адраджэнне звычаеў, але і за «…смелыя і решучыя дзеянні (…) у барацьбе са злачыннасцю». Са злачыннасцю звычайна змагаецца МУС, дык да чаго ж тут казакі?

Семантыка ўзнагародаў — асобная тэма. Большасць вытрымана ў традыцыйным для казакоў стылі Царскай Расіі альбо Белага руху: крыжы, шаблі, цярновыя вянцы. Але ёсць і выключэнні: медаль «За працу» (дарэчы, адзіны з надпісам па-беларуску) змяшчае як мальтыйскі крыж, так і серп з молатам. І нашым, і вашым, як кажуць…

А вось ордэн «Мальтыйскага крыжа» — самая загадкавая ўзнагарода з шэрагу. Як адзначана ў анатацыі, гэта «…адна з найвышэйшых узнагарод Міжнародных міратворчых сіл казацкай гвардыі». Праўда, такіх сілаў нідзе не існуе ў свеце, і гвардыі таксама. А вось ордэны ёсць. Ордэн «Дзеля дабра айчыны» той жа «казацкай гвардыі» — рэч зусім эксклюзіўная: зроблены з каштоўных металаў у колькасці… 10 штук. Праўда, каму і за што даюць гэтыя ордэны «міратворцы» — застаецца таямніцай.

Да кур’ёзаў можна аднесці медаль «200 лет Отечественной войне 1812 г.» Справа ў тым, што на яе зваротным баку напісаны знакаміты дэвіз часоў Царскай Расіі, які выкарыстоўваўся на медалях і манетах: «Не намъ, не намъ, а Имени Твоему» — гэта цытата са 113-га Біблійнага псалму. Вось толькі «имени твоему» сучасныя казакі пішуць з маленькіх літар, хоць зварот адрасаваны Богу. Можа кіраўнікі РГА «Беларускае казацтва» маюць на ўвазе кагосьці іншага?..

Колькасць вырабленых узнагарод, згодна з тэкстам, вагаецца ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх сотняў (медаль «За працу» — 500 шт.), што дазваляе рабіць высновы пра шчыльнасць шыхтоў беларускіх казакоў. Паўтысячы — даволі салідны тыраж для медаля, пры гэтым варта памятаць, што частка пойдзе на «сяброўскія» узнагароды, а частка будзе наўпрост вывешаная на сайтах для калекцыянераў-аматараў.

АК

0
Знаёмы / Адказаць
23.05.2015 / 10:27
у гэтай книзе вельми багата памылак ,недакладнастей.
0
Зміцер / Адказаць
23.05.2015 / 13:09
Больш падобна на Фаларыстыку
0
Генэрал Голад / Адказаць
23.05.2015 / 14:00
Знаёмы, там столькі ж памылак, як і ў вашай нататцы... ) Няўжо цяжка ўключыць бел. мову на клавіятуры?
Паказаць усе каментары/ 13 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру