Кампанія Electronic Arts анансавала выпуск чарговай відэагульні серыі Need for Speed. Новая частка стане перазапускам серыі ды вяртаннем да тэматыкі стрытрэйсінгу, папулярызаванай Need for Speed: Underground, піша Eurogamer.

Як і ў класічным Underground 2, гонкі будуць праходзіць у адкрытым свеце начнога мегаполіса на стрытрэйсінгавых аўто, якія гульцам дазволяць мадыфікаваць да найдрабнейшых дэталей. Назва новай гульні — проста Need for Speed, без падзагалоўкаў.

Новай гульні абяцаюць і захапляльны сюжэт.

Славутая серыя Need for Speed не была аднародна папулярнай, з 1994 года перажывала ўзлёты і падзенні. Need for Speed: Underground 2003 года і Underground 2 2004-га былі хіба не самымі паспяховымі гульнямі. Таму паспрыяла і папулярнасць фільмаў «Фарсаж» — яны разам з Need for Speed паспрыялі з’яўленню шматлікіх мадыфікаваных і расфарбаваных аўто на вуліцах рэальных гарадоў.

А вось апошняя ў серыі на сёння, Need for Speed: Rivals 2013-га году, была практычна правальнай. Папярэднія гульні таксама не маглі пахваліцца асаблівай папулярнасцю — пасля Underground 2 распрацоўшчыкі сыходзілі ўсё далей ад вулічных гонак ды прасунутага цюнінгу аўто.

Распрацоўкай новай Need for Speed зоймецца кампанія Ghost Games — тая самая, што распрацавала Rivals. Вялікі анонс гульні пройдзе 15 чэрвеня. Гульня мае выйсці ўвосень для Windows, Xbox One і Playstation 4.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?