У прыватных арганізацыях назіраецца схаванае процідзеянне стварэнню прафсаюзных арганізацый, заявіў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда, выступаючы 22 мая на VII з'ездзе ФПБ у Мінску.

Паводле яго слоў, за апошні час федэрацыя стварыла 37 новых прафсаюзных арганізацый на прыватных прадпрыемствах.

Орда распавёў, што прафцэнтр вёў перамовы аб стварэнні прафсаюза ў структуры аператара мабільнай сувязі Velcom, аднак дыялог ні да чаго не прывёў.

«Ёсць схаванае процідзеянне стварэнні прафсаюзаў у прыватных арганізацыях… Калі ўласнік не хоча [каб быў створаны прафсаюз], то і работнікі не будуць рызыкаваць [патрабаваць стварэнне прафсаюза] пад страхам звальнення», — заявіў ён.

Міхаіл Орда звярнуўся да прысутнага на з'ездзе Аляксандра Лукашэнкі з просьбай пасадзейнічаць вырашэнню гэтага пытання.

Кіраўнік ФПБ прапанаваў удакладніць заканадаўства і ўвесці адміністрацыйную адказнасць у дачыненні да наймальніка ў выпадку, калі ён не стварае ўмовы або перашкаджае арганізацыі прафсаюза на прадпрыемстве.

***

Пытанне аб стварэнні прафсаюзаў у прыватным сектары эканомікі ўжо абмяркоўваўлася на сустрэчы Орды і Лукашэнкі ў снежні 2014 года. Тады кіраўнік дзяржавы запатрабаваў ад ФПБ завяршыць фарміраванне прафсаюзных ячэек на прыватных прадпрыемствах.

«Трэба больш актыўна заняцца канчатковым фарміраваннем прафсаюзных арганізацый у прыватным сектары. У нас там таксама праблем нямала. Калі на дзяржпрадпрыемствах мы яшчэ сфакусавалі увагу і трымаем у поле зроку, то там (на прыватных) у нас часта з'яўляюцца праблемы, а людзі маюць патрэбу ў падтрымцы і абароне», — заяўляў Лукашэнка. На яго думку, «у сучасных умовах без прафсаюзаў — ні туды і ні сюды».

«Асабліва мне, паколькі гэта мой народ, гэта мае выбаршчыкі, і я вымушаны шукаць тыя арганізацыі, якія будуць мне дапамагаць у гэтай сітуацыі, абараняць інтарэсы і правы нашых людзей. Гэта без усялякіх усмешак і намёкаў. Сапраўды, гэта вельмі важна», — казаў Лукашэнка на снежаньскай сустрэчы з кіраўніком ФПБ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?