Кіраўнікі еўрапейскіх краін на саміце Усходняга партнёрства ў Рызе, Беларусь прадстаўлена міністрам Макеем, фота з фэйсбука Далі Грыбаўскайце

Кіраўнікі еўрапейскіх краін на саміце Усходняга партнёрства ў Рызе, Беларусь прадстаўлена міністрам Макеем, фота з фэйсбука Далі Грыбаўскайце

Лукашэнка: Беларусь прынцыпова не падпіша дакументы саміта Усходняга партнёрства з антырасійскімі выказваннямі. Пра гэта кіраўнік Беларусі заявіў сёння на з'ездзе Федэрацыі прафсаюзаў у Мінску.

«Украінскія падзеі павінны былі ўсіх навучыць, як трэба берагчы мір. Трэба глядзець на галоўнае, вырашаць гэтую праблему, у тым ліку і ва Украіне, іншых дзяржавах. Не, сабраліся на «Усходняе партнёрства». І што?

У кожным дакуменце кляймяць ганьбай Расію, не проста, дык ускосна», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Мы заўсёды былі катэгарычна супраць таго, каб Усходняе партнёрства было супраць некага, — падкрэсліў Лукашэнка. — Але Расія не ўдзельнічае ва Усходнім партнёрстве, чаму завочна без Расіі мы яе павінны дубасіць, у тым ліку за Крым і так далей? Не, у выніковую дэкларацыю хочуць гэта ўціснуць і выступіць супраць Расіі», — адзначыў ён.

«І на нас крыўдзяцца, што мы гэта не падтрымалі. Гэта мая прынцыповая пазіцыя: «Усходняе партнёрства», іншыя арганізацыі не павінны быць накіраваны супраць кагосьці. Мы павінны адстойваць свае інтарэсы. Чаму мы павінны быць супраць Расіі? Больш за тое, мы ж з'явіліся месцам міру ў пытанні па Украіне. Тут сабраліся кіраўнікі сусветных дзяржаў, каб спыніць вайну», — сказаў беларускі лідар.

«Кажуць, давайце выступім разам супраць Расіі. Так што гэта тады за нейтральная сусветная дзяржава? Гэта супярэчыць нашым унутраным перакананням і цяперашняму стану рэчаў. Але хіба гэтага не бачаць вядучыя заходнія дзяржавы, у тым ліку Германія, Францыя?» — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

На думку Лукашэнкі, ні ў якім разе нельга сёння, калі вельмі далікатны свет, спрабаваць кагосьці абвінаваціць. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў пачатку трэба вырашыць праблему, а потым разбірацца, хто мае рацыю, а хто вінаваты. «Не. Спрабуюць уцягнуць Беларусь. Мы не можам падтрымаць такую пазіцыю, бо галоўнае — не абвінаваціць сёння кагосьці, ужо хапае абвінавачванняў, трэба мір падарыць гэтай краіне і людзям», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Мы не хочам ўвязвацца ні ў якія авантуры. Мы хочам, каб, у тым ліку, і з нашай зямлі зыходзіў мір. У гэтым сутнасць нашай палітыкі. Здавалася б, усіх гэтая вайна навучыла, трэба быць вельмі асцярожнымі, акуратнымі, трэба вырашаць галоўную праблему», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

***

Саміт Усходняга партнёрства праходзіць сёння ў Рызе. На саміт з'ехаліся 28 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін ЕС, а таксама прадстаўнікі шасці краін — удзельніц Усходняга партнёрства (УП) — Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны. Арменія, Малдова і Украіна прадстаўлены на ўзроўні прэзідэнтаў, Грузія — прэм'ер-міністра. 

Ад Беларусі і Азербайджана ў саміце ўдзельнічаюць міністры замежных спраў.

Па выніках саміту плануецца прыняць сумесную дэкларацыю краін ЕС і УП. Праект дакумента афіцыйна не публікаваўся, але, як паведаміла агенцтва Рэйтэр са спасылкай на дыпламатычныя крыніцы, Беларусь і Арменія адмовіліся падпісваць першапачатковы варыянт дэкларацыі з-за наяўнай там фразы аб анексіі Крыма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0