Цэны на сучасныя офісныя плошчы на другасным рынку Мінска знізіліся з пачатку года прыкладна на 20%, паведаміла кіраўнік праектаў па адміністрацыйнай нерухомасці кампаніі «Твая сталіца. Нерухомасць для бізнесу» Наталля Новікава. 

Паводле яе слоў, «лішак офісных плошчаў і нізкі ўзровень попыту робяць націск на ўзровень цэн». Найбольш зніжаецца цана на адміністрацыйныя аб'екты C-класа, якія звычайны адстаюць ад іншых бізнес-цэнтраў у якасці і месцаразмяшчэнні. Іх уласнікі вымушаныя зніжаць цэны, каб прыцягнуць пакупнікоў. У выніку з пачатку года сярэдняя цана прапановы такіх аб'ектаў знізілася больш як на 20% — да 1.740 долараў за 1 кв. метр з ПДК. 

Эксперт адзначыла, што бізнес-цэнтры класа B таксама адчуваюць цяжкасці з прыцягненнем пакупнікоў — цэны на іх у сярэднім знізіліся на 14%. Цяпер за офісныя памяшканні ў такіх аб'ектах просяць у сярэднім 2.030 долараў за 1 кв. м. «Пры гэтым у B-класе сабраныя розныя аб'екты — ад стандартных офісных будынкаў у спальных раёнах да ўнікальных комплексаў з удалым месцаразмяшчэннем і арыгінальнай канцэпцыяй», — адзначыла Новікава. 

Цэны здзелак прыкладна на 10-15% ніжэйшыя за прапанову. Кошт для аб'ектаў класа В знаходзіцца ў дыяпазоне 1.850—1.900 долараў за 1 кв. метр з ПДК, класа С — 1.500—1.550. «Пры гэтым усё больш уласнікаў прыходзяць да рынкавых цэн, таму памер сярэдняга дысконту будзе паступова зніжацца», — адзначыла эксперт. 

«У Мінску з'явіліся раней нехарактэрныя для рынку прапановы. Асобныя забудоўшчыкі, якія маюць адразу некалькі аб'ектаў, гатовыя прадаваць офісныя плошчы практычна па сабекошце, робячы стаўку не на маржу, а на аб'ёмы продаж. Паказальны прыклад бізнес-цэнтра B-класа «Арлан», у якім перад адкрыццём цэны знізіліся на траціну — да 1.340 долараў. Рынак цяпер на баку пакупніка, і дэвелаперы гэта ўсведамляюць», — адзначыла Новікава. 

Паводле яе слоў, «на рынку злёгку ажывіліся пакупнікі — кампаніі набываюць офісы як для ўласных патрэб, так і з інвестыцыйнымі мэтамі». «Цяпер, калі офісныя памяшканні прыкметна патаннелі, набываць іх стала больш выгадна. Праз паўтара-два гады цэны павінны пайсці ўверх, а за гэты час можна атрымліваць стабільны рэнтны даход. Падагравае цікавасць шырокі выбар офісаў на любы густ і кашалёк», — лічыць кіраўнік праектаў. 

Змены закранулі і долевае будаўніцтва бізнес-цэнтраў у Мінску, сказала Новікава. Асноўная тэндэнцыя — збліжэнне цэн на аб'екты класаў B і C. На пачатковых этапах будаўніцтва яны блізкія, а на апошніх стадыях розніца складае ўсяго 12%. «Сёння дольнікі аддаюць перавагу памяшканням у бізнес-цэнтрах B-класа. Уваходзіць у долевае будаўніцтва офісаў класа С стала менш выгадна», — звярнула ўвагу эксперт. Цэны для дольнікаў зараз вар'ююцца ад 1.300 да 2.500 з ПДК за 1 кв. метр у залежнасці ад аб'екта. 

Усяго ў Мінску будуецца прыблізна 30 бізнес-цэнтраў, амаль 50% якіх адносяцца да класа В. Сярод найбольш цікавых аб'ектаў — 26-павярховы офісны будынак у МФК «Тытан», бізнес-цэнтр са SPA Riviera Plaza, «Арлан», Kiroff, а таксама комплексы Mercure і Premier Palace. Усё больш аб'ектаў спалучаюць офісную прастору з гандлёвымі, забаўляльнымі або рэкрэацыйнымі плошчамі, што павышае іх прывабнасць, садзейнічае фарміраванню пазітыўнага іміджу, адзначыла эксперт. 

Усё больш бізнес-цэнтраў у Мінску будуецца адзіным уласнікам з наступнай здачай у арэнду. «Гэта сведчыць пра рост прафесійнага ўзроўню дэвелапераў, якія могуць вытрымаць высокі тэрмін акупнасці. Дробныя фірмы, якія жывуць ад праекта да праекта, вымушаныя развівацца або саступаць месца больш паспяховым кампаніям», — падсумавала прадстаўнік «Тваёй сталіцы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?