Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» будзе вылучаць кандыдатам у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2015 года свайго старшыню Сяргея Калякіна. Такое рашэнне прынятае 24 мая на XVIII справаздачна-выбарным з`ездзе партыі, які праходзіць у Мінску.

Фармат удзелу ў выбарах, а таксама мэтазгоднасць вылучэння свайго кандыдата дэлегаты з`езда абмяркоўвалі ў закрытым рэжыме. Галасаванне па пытанні аб вылучэнні Калякіна кандыдатам было пайменным. У падтрымку ўдзелу свайго лідара ў прэзідэнцкай кампаніі выказаліся большасць дэлегатаў з`езда — 105 чалавек са 160 прагаласаваўшых. Супраць выказаліся 39, 16 дэлегатаў устрымаліся.

У інтэрв`ю журналістам Сяргей Калякін назваў вынікі галасавання «вельмі адказным рашэннем, якое будзе вызначаць далейшы лёс партыі». «Зараз нам трэба даказаць, што мы ідзём на выбары не проста ад партыі, а для таго, каб выконваць волю тых, хто хоча перамен», — сказаў ён.

Як раней паведамлялася, у першы дзень працы з`езда, 23 мая, Калякін выступіў з дакладам, у якім праінфармаваў пра рашэнне цэнтральнага камітэта партыі рэкамендаваць дэлегатам прыняць рашэнне аб поўнамаштабным удзеле «Справядлівага свету» ў выбарчай кампаніі 2015 года, уключаючы вылучэнне старшыні партыі кандыдатам у прэзідэнты.

Сяргей Калякін браў удзел у прэзідэнцкіх выбарах у якасці прэтэндэнта на пасаду кіраўніка дзяржавы ў 2001 годзе, аднак яго ініцыятыўная група не набрала неабходную для рэгістрацыі кандыдатам колькасць подпісаў.

Чарговыя прэзідэнцкія выбары павінны прайсці ў Беларусі не пазней за 20 лістапада. Найболей верагоднай датай іх правядзення ў ЦВК назвалі 15 лістапада.

Пра намер вылучацца кандыдатамі ў прэзідэнты ўжо заявілі старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч і Аб`яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, першы намеснік старшыні грамадскага аб`яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» (ТБМ) Алена Анісім, а таксама актывістка кампаніі «Гавары праўду», член Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Таццяна Караткевіч.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?