На Данбасе затрыманыя два жыхары Брэсцкай вобласці, якія збіраліся ваяваць на баку сепаратыстаў, паведаміў 24 мая кіраўнік Луганскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Генадзь Маскаль на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук».
«На блокпасту пры выездзе з Лісічанска затрымалі двух грамадзян Беларусі — 37-гадовага і 34-гадовага мужчын з Брэсцкай вобласці, — напісаў чыноўнік. — Спрабавалі прабрацца на акупаваную тэрыторыю і ваяваць на баку тэрарыстаў. Адзін — былы дэсантнік, другі не служыў, але лічыцца ў рэзерве на воінскім уліку».
Паводле слоў Маскаля, беларусы нелегальна перайшлі мяжу Украіны ў Валынскай вобласці, а потым цераз Шацк, Ковель, Кіеў і Харкаў дабраліся да Луганскай вобласці.
«Спачатку тлумачылі, што хочуць трапіць у акупаваны Перавальск нібыта да сваякоў, але потым прызналіся, што насамрэч ехалі ваяваць на баку «лнр», канкрэтна — да Мазгавога ў Алчэўск. Знайшлі аўтарытэта! Яго нават «свае» не ўспрымалі, таму і забілі», — зазначыў кіраўнік адміністрацыі.
Затрыманыя «дэталёва напісалі пра ўсё ад рукі і расказалі на відэазапіс». Яны хацелі ваяваць «не з ідэалагічных меркаванняў за нейкі там «рускі свет», а каб зарабіць грошай», пры гэтым «не забыліся ўзяць з сабой ваенныя білеты».
«Гэтае затрыманне фактычна выратавала «зарабітчан» ад вялікага глупства, а можа, і ад смерці. Такіх, хто ваюе на тым баку за грошы — забіваюць нашых хлопцаў, знішчаюць інфраструктуру і жыллё, — вельмі многа. Гэтыя два не паспелі зрабіць нічога такога, таму проста вышлем іх на радзіму. Няхай з імі разбіраюцца свае сілавікі. А за тое, што ехалі забіваць украінцаў, — Бог ім суддзя», — заключыў Маскаль.