25.05.2015 / 19:01

Спрашчэнне візавых працэдур з ЕС: засталіся тэхнічныя моманты 9

Беларусі і Еўрасаюзу засталося ўзгадніць толькі некаторыя тэхнічныя моманты па спрашчэнні візавых працэдур.

Пра гэта паведаміў сёння начальнік галоўнага консульскага ўпраўлення Міністэрства замежных спраў Беларусі Ігар Фісенка ў час анлайн-канферэнцыі «Адпачынак за мяжой: як пазбегнуць праблем» на сайце БЕЛТА.

«Перагаворы падыходзяць да завяршэння, але застаўся шэраг тэхнічных момантаў, якія маюць патрэбу ва ўзгадненні. Пакуль ніякіх часавых рамак я не ўстанаўліваў бы. Праца працягваецца», — сказаў Ігар Фісенка.

Ён таксама растлумачыў, што размова ідзе менавіта пра спрашчэнне візавых працэдур. Прадугледжваюцца невялікае зніжэнне візавага збору, упарадкаванне пераліку дакументаў, неабходных для атрымання візы.

«Таксама гэта ўзаемная дамоўленасць, што пэўная колькасць віз для ўдзельнікаў розных абменаў, гуманітарных кантактаў і гэтак далей будзе выдавацца бясплатна», — сказаў Ігар Фісенка. Ён нагадаў, што з лістапада 2014 года паміж Беларуссю і ЕС адбылося тры раўнды кансультацый па праектах пагадненняў аб спрашчэнні візавых фармальнасцей і аб рэадмісіі. Бакі таксама правялі канструктыўную работу па ўзгадненні дэкларацыі «Партнёрства дзеля мабільнасці», накіраванай на ўмацаванне ўзаемадзеяння ў міграцыйнай сферы.

«Беларусь паслядоўна адстойвае ідэю прымянення з боку ЕС у разглядаемых дакументах па візавых пытаннях стандартных недыскрымінацыйных умоў, такіх жа, якія прымяняюцца Еўрасаюзам у адносінах да іншых дзяржаў — удзельніц «Усходняга партнёрства». Адначасова вядзецца работа па паглыбленні супрацоўніцтва з ЕС у галіне процідзеяння незаконнай міграцыі і эфектыўнага кіравання працоўнай міграцыяй. Гэтыя кірункі вельмі важныя для нашай краіны, і мы зацікаўлены ў больш хуткім фармаванні прававых інструментаў узаемадзеяння па гэтай тэматыцы», — дадаў прадстаўнік МЗС.

0
Skilled Expert / Адказаць
25.05.2015 / 20:07
«Беларусь паслядоўна адстойвае ідэю прымянення з боку ЕС у разглядаемых дакументах па візавых пытаннях стандартных недыскрымінацыйных умоў, такіх жа, якія прымяняюцца Еўрасаюзам у адносінах да іншых дзяржаў — удзельніц «Усходняга партнёрства». ======================= Vy spačatku stvarycie dlia svaich hramadzian unutry krainy takija samyja umovy, jak u inšych dziaržau-udzieļnic UP, a potym damahajciesia niečaha ad EZ, kalchazany.
0
Беніта Фэрэра-Вальднэр / Адказаць
25.05.2015 / 20:37
Не верым! Гэта ўсё нахабны падман простых людзей! Усе выдатна разумеюць, што пакуль зачос не зыйдзе(увогуле ў свет іншы, паколькі ён намераны кіраваць вечна) ён не пойдзе на адмену віз! Усе ведаюць, што калі спросціцца візав рэжым усе наўпрост рвануць у Польшчу і Вільню, змятаючы ўсё запар! Таму зачос не пойдзе на самагубства! Гэта факт!
0
ха-ха! / Адказаць
25.05.2015 / 20:53
Беніта Фэрэра-Вальднэр, дык яны шчыруюць можа за тых, хто пад санкцыямі. Грошай да фіга, а прабірацца на Захад трэба па-партызанску. Некалі паведамлялі, што некаторыя курыцы прозвішчы мянялі!
Паказаць усе каментары/ 9 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру