Роўна 25 гадоў таму, 15 мая 1990 года, распачаў сваю работу Вярхоўны Савет тады яшчэ Беларускай ССР 12-га склікання. З гэтым, абраны на часткова, як прынята цяпер гаварыць, дэмакратычных выбарах, Вярхоўным Саветам большасць насельніцтва рэспублікі звязвала надзеі на лепшую будучыню, выйсце з крызісу. І хаця гэтыя надзеі не спраўдзіліся, тым не менш, Вярхоўны Савет 12-га склікання адыграў велізарную, калі не галоўную ролю ў станаўленні незалежнай Беларусі.

Як вядома, ва ўмовах савецкага грамадска-палітычнага жыцця з яго аднапартыйнасцю, выбары ў Вярхоўны Савет Беларускай ССР на працягу 1938—1985 гг. праходзілі па дакладна вызначаных сцэнарах. Перамогу на гэтых квазівыбарах нязменна атрымліваў «непарушны блок камуністаў і беспартыйных». Дэпутацкія мандаты фактычна размяркоўваліся ў партыйных камітэтах паводле загадзя вызначаных квот, прычым будучыя дэпутаты падбіраліся паводле полаўзроставай, сацыяльнай, прафесійнай і партыйнай прыналежнасці.

Улётка да грамадзян з заклікам прыйсці на мітынг 25 лютага 1990 г.

Улётка да грамадзян з заклікам прыйсці на мітынг 25 лютага 1990 г.

Імітацыя прадстаўніцтва інтарэсаў у Вярхоўным Савеце значыла дэкаратыўнасць яго статусу як вышэйшага заканадаўчага органа. Вярхоўны Савет Беларускай ССР паслухмяна зацвярджаў законапраекты, падрыхтаваныя камуністычнай партыяй рэспублікі, засяроджваўся на абмеркаванні дробных эканамічных і гаспадарчых пытанняў, ператварыўшыся па словах дэпутата Аляксандра Лукашэнкі «в контору, которая считает тарифы, надбавки и так далее».

Магчымасць змяніць сітуацыю з’явілася ў 1990 г. у сувязі з чарговымі выбарамі ў Вярхоўны Савет рэспублікі 12-га склікання.

На гэты момант сітуацыя была іншая. Нягледзячы на тое, што за Беларуссю замацаваўся імідж «Вандэі» перабудовы, тым не менш, працэсы дэмакратызацыі і галоснасці рабілі сваю справу: не выклікала сумненняў, што выбары 1990 г. будуць карэнным чынам адрознівацца ад мінулых.

Праўда, партыйна-дзяржаўнае кіраўніцтва рэспублікі імкнулася з дапамогай прававых інструментаў забяспечыць сябе дамінуючае становішча ў будучым беларускім парламенце. Так, у адпаведным законе аб выбарах народных дэпутатаў БССР ад 27 кастрычніка 1989 г. 50 дэпутатаў абіраліся не па акругах (трэба было абраць 360 парламентарыяў), а на пленумах грамадскіх арганізацый: ветэранаў, інвалідаў, а таксама сляпых і глухіх.

У законе быў прапісаны інстытут акруговых сходаў, які быў своеасаблівым фільтрам, сітам, праз якое можна было прапускаць лаяльных кандыдатаў альбо адштурхоўваць тых, хто ішоў на выбары з празмернай крытыкай у адносінах да ўладаў. Нарэшце, у законе захавалася заганная практыка савецкіх часоў, калі ў бюлетэні можна было ўносіць любую колькасць кандыдатаў. Таму на выбарах мелі месца выпадкі, калі выбары праходзілі на безальтэрнатыўнай аснове: выбаршчыкі галасавалі толькі за аднаго прэтэндэнта, найчасцей, вылучэнца партапарата.

5 снежня 1989 г. дэпутаты зацвердзілі пастанову «О неотложных мерах под укреплению дисциплины и общественного порядка в республике». Галоўны сэнс пастановы заключаўся ў тым, каб «дать отпор экстремистским элементам», якія «допускают грубые нападки на компартию, советский государственный и общественный строй».

Пастанова прадпісвала выключыць правядзенне ў працоўны час сходаў і мітынгаў, не связаных з вырашэннем вытворчых задач. У адваротным выпадку ў дачыненні да парушальнікаў меркавалася ўжыць цэлы набор сродкаў: звальненне, скарачэнне водпуску, перанясенне чаргі на атрыманне жылля і інш.

У гэты ж дзень парламентарыі ўнеслі змены і дапаўненні ў Кодэкс Беларускай ССР аб адміністрацыйных правапарушэннях. Такім чынам, з восені 1989 г. публічныя заклікі да байкоту выбараў, а таксама іншыя парушэнні заканадаўства пры выбарах народных дэпутатаў мусілі карацца штрафам да 50 рублёў ці выпраўленчымі працамі да 2 месяцаў з утрыманнем 20% заробку.

25 студзеня 1990 г. кіраўніцтва рэспублікі падкінула яшчэ адну «горкую пілюлю» магчымым канкурэнтам камуністаў: Прэзідыум ВС БССР выдаў пастанову, паводле якой акруговыя камісіі мелі права дапускаць да ўдзелу ў выбарах кандыдатаў у дэпутаты ад Таварыства спажыўцоў, Беларускага экалагічнага саюза і Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны толькі ў тым рэгіёне ці раёне, дзе гэтыя аб’яднанні ва ўстаноўленым парадку былі зарэгістраваны. Пастанова яўна парушала закон аб выбарах, у якім не было гаворкі пра падобную рэгістрацыю.

Заявы Ганчара і Пазьняка: розныя почыркі — розныя лёсы…

Заявы Ганчара і Пазьняка: розныя почыркі — розныя лёсы…

Менавіта паводле гэтай пастановы акруговая выбарчая камісія Мірашнічэнкаўскай выбарчай акругі № 33 г. Мінска адмовіла ў рэгістрацыі гісторыку і археолагу Алегу Трусаву, кандыдатуру якога 22 студзеня 1990 г. вылучыла рада ТБМ сталічнага Савецкага раёна, бо ў Савецкім раёне г. Мінска аддзяленне ТБМ не мела рэгістрацыі. А. Трусаў 31 студзеня 1990 г. накіраваў пратэст у Цэнтральную камісію па выбарах народных дэпутатаў, у якім даказваў незаконнасць рашэння. Улады вымушаны былі зарэгістраваць А. Трусава кандыдатам у дэпутаты.

Кіраўніцтва кампартыі дзеля падвышэння рэйтынгу абвясціла пэўныя карэктывы. З гэтага часу камуністы на аснове марксізму-ленінізму выступалі за пабудову «гуманнага грамадства», за розныя формы ўласнасці, умацаванне дысцыпліны, канструктыўны дыялог з усімі грамадскімі аб’яднаннямі і групамі. Адначасова, гаварылася ў платформе Камуністычнай партыі Беларусі да выбараў народных дэпутатаў Беларускай ССР, апублікаванай ў студзені 1990 г., партыя будзе «адхрышчвацца ад двурушнікаў, усіх тых, хто здрадзіў ёй».

Дык што ж гэта былі за экстрэмісцкія элементы, якім трэба было забараніць шлях у новы Вярхоўны Савет? Безумоўна, у першую чаргу, гэта грамадскі рух БНФ «Адраджэнне», устаноўчы з'езд якога з супраціву беларускіх уладаў адбыўся ў чэрвені 1989 г. в «столице братской Литвы и дорогом белорусскому сердцу городе Вильнюсе». Пытання ўдзелу або няўдзелу ў выбарах у рэспубліканскі Вярхоўны Савет перед рухам не стаяла. Фронт рашуча быў настроены на атрыманне як мага большай колькасці мандатаў.

9 снежня 1989 г. была зацверджана перадвыбарная праграма БНФ пад назвай «Галасую за Беларусь!» У ёй сцвярджалася, што Беларусь за гады знаходжання ў складзе СССР ператварылася ў паўкалонію. У праграме таксама канстатаваў заняпад у Беларускай ССР ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, а таксама прапаноўваліся захады для выйсця з такога становішча. Канчатковая мэта, абвешчаная ў праграме, заключалася ў поўным і рэальным суверэнітэце рэспублікі.

Дэпутаты ад грамадскіх аб’яднанняў ветэранаў і інвалідаў былі абраны ў Вярхоўны Савета 12-га склікання ў лютым 1990 г. Калі прыгадаць прозвішчы найбольш актыўных дэпутатаў, то гэта Надзея Якаўлеўна Ізвалава, Барыс Гаўрылавіч Гетц (менавіта ён стаў аўтарам фармулёўкі артыкула 17 першай рэдакцыі Канстытуцыі 15 сакавіка 1994 г. — аб беларускай мове як дзяржаўнай з кампрамісным запісам аб рускай мове як мове міжнацыянальным зносін), Анатоль Іванавіч Нятылькін (20 ліпеня 1994 г. Нятылькін параіць на інаўгурацыі прэзідэнту А. Лукашэнку «слушать всех, но делать всё по-своему»), Міхаіл Арцёмавіч Качан (у маі 1993 г. прапанаваў унесці ў парадак дня сесіі Вярхоўнага Савета Беларусі пытанне аб забароне БНФ) і інш.

Так пачынаўся шлях будучага беларускага прэзідэнта у вялікую палітыку.

Так пачынаўся шлях будучага беларускага прэзідэнта у вялікую палітыку.

Самі выбары па 310 выбарчых акругах былі прызначаны на 4 сакавіка 1990 г. На 310 дэпутацкіх мандатаў прэтэндавалі 1427 чалавек самых розных узростаў і прафесій, сацыяльнага паходжання і нацыянальнасцяў.

Некаторыя выбарчыя акругі (Ленінская №1 і Старажоўская №17 у Мінску) здзіўлялі колькасцю — 17 — зарэгістраваных кандыдатаў. Меліся і безальтэрнатыўныя акругі, на якіх найчасцей, вылучаліся прадстаўнікі дзяржапарата і наменклатуры.

4 сакавіка 1990 г. было абрана 98 дэпутатаў. У другім туры 17-18 сакавіка 1990 г. запаветныя мандаты атрымаў яшчэ 131 чалавек. У выніку ў сакавіку 1990 г. новы Вярхоўны Савет налічваў 229 дэпутатаў, што было недастаткова для пачатку працы новага парламента: паводле тагачаснай дзеючай Канстытуцыі БССР 1978 г. Вярхоўны Савет лічыўся правамоцным пры абранні не менш двух трацін дэпутатаў. Пры колькасці ў 360 гэта лічба складала не менш 240 чалавек.

Рэч у тым, што існавала норма, што дэпутаты лічыліся абранымі толькі ў акругах, дзе на ўчасткі прыйшло больш за 50% выбарцаў і дзе адзін з кандыдатаў атрымаў больш за 50% галасоў. У выніку гэта прывяло да неабрання дэпутатаў у многіх гарадскіх акругах з іх палярызацыяй думак. Што, у сваю чаргу, давала яшчэ большую вагу 50 дэпутатам, прызначаным ад арганізацый ветэранаў і інвалідаў.

Дадатковыя выбары прайшлі 22 красавіка 1990 г. (у 18 акругах) і 5 мая 1990 г. (у 63 акругах). Парламент папоўніўся яшчэ 38 дэпутатамі. У выніку паўторнага галасавання з 10 па 14 мая 1990 г. былі выбраны яшчэ 11 дэпутатаў.

Усяго ў вясеннюю кампанію 1990 г. да адкрыцця 1-й сесіі Вярхоўнага Савета 12-га склікання (15 мая) у парламент трапілі 278 дэпутатаў. Разам з вылучэнцамі ад грамадскіх арганізацый агульная колькасць парламентарыяў склала 328 чалавек.

Перадвыбарная ўлётка Аляксея Марачкіна.

Перадвыбарная ўлётка Аляксея Марачкіна.

Перадвыбарная кампанія праходзіла даволі актыўна. Рэспубліка зазнала невядомыя раней прыёмы палітычнай барацьбы. Так, 25 лютага 1990 г. галоўным чынам высілкамі БНФ у Мінску быў арганізаваны шматлікі мітынг, на якім, як сцвярджалі ягоныя арганізатары, узялі ўдзел не менш за 100 тыс. чалавек. Рэзалюцыя мітынгу была накіраваная супраць беларускіх уладаў, а лідар БНФ Зянон Пазьняк атрымаў 15-хвілінны тэлеэфір — упершыню.

У перыяд выбараў мела месца такая паліттэхналагічная з’ява, як чорны піяр. У найбольш класічным выглядзе гэта ўвасобілася ў артыкуле аднаго з карэспандэнтаў «Вечернего Минска» — органа Мінскага гаркома КПБ. У артыкуле пад назвай «Запевалы закулисного хора» жорсткай крытыцы падвергся прыезд у Мінск айца Аляксандра Надсана ў сакавіку 1990 г. і яго сустрэча з актывістамі БНФ. У 1995 г. Сяргей Навумчык сцвярджаў, што менавіта гэты артыкул «праваліў» у другім туры шматлікіх прадстаўнікоў Фронту ў сталіцы.

Калі закрануць тых, хто стаў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання, дык успамінаецца Дзмітрый Булахаў, Віктар Ганчар, Мікалай Дземянцей, Мечыслаў Грыб, Вячаслаў Кебіч, Віктар Кучынскі, Аляксандр Лукашэнка, Анатоль Лябедзька, Зянон Пазняк, Пятро Пракаповіч, мітрапаліт Філарэт, Васіль Шаладонаў, Віктар Шэйман…

Перадвыбарны плакат Вінцука Вячоркі.

Перадвыбарны плакат Вінцука Вячоркі.

Многія вядомыя і цяпер у рэспубліцы асобы так і не атрымалі дэпутацкі мандат. Гэта мастак Аляксей Марачкін, цяперашні кіраўнік Нацбанка Павел Калаўр, цяперашні губернатар Міншчыны Сямён Шапіра, былы прэм’ер-міністр Уладзімір Ярмошын, галоўны прадпрымальнік Уладзімір Карагін, эканаміст Леанід Злотнікаў, рэжысёр, нябожчык Міхаіл Пташук, палітык Уладзімір Някляеў, спартоўца Аляксандр Мядзведзь і інш.

Перадвыбарная эпапея не скончылася толькі маем 1990 г., а працягвалася надалей. У некаторых акругах выбары адбываліся ў астатніх месяцах 1990 г., а таксама на працягу 1991—1993 гг. Прычыны, па якіх праводзіліся гэтыя выбары, былі самыя розныя. Сярод іх — датэрміновае складанне дэпутацкі паўнамоцтваў па асабістым жаданні, па стане здароўя, прызначэнні ў выканаўчыя структуры. Дарэчы, масавы дэпутацкі зыход з Вярхоўнага Савета адбыўся неўзабаве пасля прэзідэнцкіх выбараў і фармавання прэзідэнцкіх структур.

Перадвыбарны плакат Лявона Дзейкі.

Перадвыбарны плакат Лявона Дзейкі.

Адной з прычынаў датэрміновага складання дэпутацкіх паўнамоцтваў стала грамадзянства іншай краіны, у прыватнасці, Расійскай Федэрацыі. 28 верасня 1994 г. з гэтай нагоды былі спыненыя дэпутацкія паўнамоцтвы генерала Віктара Самойленкі, а 20 сакавіка 1995 г. — лётчыка-касманаўта Уладзіміра Кавалёнка.

Фізічная смерць дэпутата таксама была падставай для спынення дэпутацкіх паўнамоцтваў. Прычым у гісторыі Вярхоўнага Савета 12-га склікання адзіны такі выпадак звязаны з гвалтоўнай смерцю, калі кіраўніка Гродзеншчыны, дэпутата Дзмітрыя Арцыменю 20 верасня 1993 г. забілі ля ўласнага дома. У снежні 1993 г. на месца Арцымені ў Вярхоўны Савет быў абраны Сямён Домаш.

Аднак 14 дэпутацкіх месцаў за гады існавання Вярхоўнага Савета так і засталіся вакантнымі.

Па некаторых параметрах склад Вярхоўнага Савета гэтага склікання істотна адрозніваўся ад мінулых. Напрыклад, у Вярхоўным Савеце 12-га склікання налічвалася мізэрная — 11 — колькасць жанчын. Затое новы парламент выйграваў у плане адукацыі: вышэйшую адукацыю мелі 93,9% дэпутатаў. У складзе новага беларускага парламента аказаліся 11 юрыстаў, 25 кандыдатаў і дактароў навук.

Як і ў папярэдніх скліканнях, у Вярхоўным Савеце дамінавалі беларусы — 242 чалавекі. У Вярхоўны Савет папалі таксама рускія, украінцы, палякі і адзін яўрэй.

За гады сваёй дзейнасці Вярхоўны Савет правёў 18 сесіяў, з іх 2-я, 5-я, 6-я, 8-я, 11-я, 14-я, 17-я былі нечарговымі.

Пры неабходнасці Вярхоўны Савет рабіў закрытыя пасяджэнні: пры ратыфікацыі Дамовы аб звычайных узбраеннях у Еўропе (кастрычнік 1992 г.), пры ратыфікацыі Дамовы СССР і США аб скарачэнні стратэгічных наступальных узбраенняў (люты 1993 г.), па пытанні аб’яднання грашовых сістэм Беларусі і Расіі (сакавік 1994 г.) ды інш.

Перадвыбарны плаката Яўгена Новікава, аўтара знакамітай легенды пра пацукоў, якіх ядуць у ЗША.

Перадвыбарны плаката Яўгена Новікава, аўтара знакамітай легенды пра пацукоў, якіх ядуць у ЗША.

Рэальным апошнім днём працы гэтага Вярхоўнага Савета лічыцца 8 верасня 1995 г. Юрыдычна паўнамоцтвы Вярхоўнага Савета 12-га склікання скончыліся 9 студзеня 1996 г., калі распачалася праца Вярхоўнага Савета 13-га склікання.

У Вярхоўным Савеце 12-га склікання былі створаны 22 пастаянныя камісіі: камісія па заканадаўстве (Дз. Булахаў), камісія па эканамічнай рэформе, дасягненні эканамічнай самастойнасці і суверэнітэту рэспублікі (Л. Козік), камісія па аграрных пытаннях, прадуктах харчавання і сацыяльным развіцці сяла (Ул. Гаркун) і інш.

Старшыня пастаяннай камісіі аўтаматычна станавіўся членам Прэзідыума. У пастаяннай камісіі меўся намеснік, сакратар. Сама камісія налічвала прыкладна 10—15 членаў. Найбольшую колькасць — 21 чалавек — налічвала «аграрная» камісія. Адзін дэпутат мог быць членам не больш як дзвюх пастаянных камісій.

У красавіку 1992 г адбылася рэарганізацыя Вярхоўнага Савета: некаторыя камісіі (Мандатная, па таварах народнага спажывання, па справах моладзі і інш.) былі скасаваныя і ўвайшлі ў склад іншых камісій. Таксама у красавіку 1992 г. была створаная Кансультатыўная Рада, якая складалася з дэпутатаў, што працавалі ў парламенце на прафесійнай аснове. Задача Кансультатыўнай Рады палягала ў экспертызе прадстаўленых законапраектаў.

У Вярхоўным Савеце 12-га склікання былі створаны і часовыя камісіі. Яны павінны былі вырашыць тое ці іншае незвычайнае пытанне, здарэнне ці заняцца пэўнай праблемай. У 1990 г. узніклі часовыя камісіі: па прывілеях (І. Герасюк), па выкарыстанні псіхіятрыі ў палітычных мэтах (Ул. Заблоцкі), па дэпутацкай этыцы (мітрапаліт Філарэт). У 1993 г. узнікла часовая камісія па вывучэнні дзейнасці камерцыйных структур, якія дзейнічаюць пры рэспубліканскіх і мясцовых органах дзяржавы і кіравання (А. Лукашэнка).

Часовы статус мела Канстытуцыйная камісія, якая была павінна распрацаваць праект Асноўнага Закона краіны. Старшынёй Канстытуцыйнай камісіі станавіўся Старшыня Вярхоўнага Савета.

Усяго за гады сваёй дзейнасці Вярхоўны Савет 12-га склікання прыняў 1571 заканадаўчы акт, з іх — 351 закон і 1220 пастаноў. Найбольш важныя з іх — Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі (27 ліпеня 1990 г.), Канстытуцыя краіны (15 сакавіка 1994 г.) і г.д.

Сам Вярхоўны Савет працаваў паводле Часовага Рэгламенту, які быў зацверджаны 31 мая 1990 г. У гэтым дакуменце былі прапісаны парадак разгляду законапраектаў, выбрання кіраўніцтва Вярхоўнага Савета, стварэння пастаянных і часовых камісій, выступлення дэпутатаў.

31 студзеня 1991 г. дэпутаты зацвердзілі Палажэнне аб Сакратарыяце Вярхоўнага Савета. Галоўная задача Сакратарыята палягала ў матэрыяльна-тэхнічным і інфармацыйным забеспячэнні парламенцкіх сесій.

У Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання было тры кіраўнікі. Першым Старшынёй Вярхоўнага Савета 18 мая 1990 г. абралі Мікалая Дземянцея, які да гэтага ўзначальваў Прэзідыум Вярхоўнага Савета папярэдняга склікання. Яму ўдалося мінімальнай большасцю галасоў абысці кандыдатаў ад апазіцыі Станіслава Шушкевіча (ён сабраў 102 галасы) і Уладзіміра Кавалёнка (47 галасоў). У якасці кампрамісу Шушкевічу была прапанаваная пасада першага намесніка старшыні.

Мікалай Іванавіч Дземянцей, абвінавачаны ў падтрымцы путчыстаў, вымушаны быў зысці з пасады 25 жніўня 1991 г.

18 верасня 1991 г. Старшынёй Вярхоўнага Савета быў абраны Станіслаў Шушкевіч. Выбранне праходзіла надзвычай цяжка. На пасаду кіраўніка парламента прэтэндавалі некалькі чалавек. У другі тур выйшлі Станіслав Шушкевіч і Старшыня Савета Міністраў Вячаслаў Кебіч. Аднак абодва ў другім туры не змаглі здабыць патрэбную колькасць галасоў. Між іншым Часовы Рэгламент забараняў паўторнае вылучэнне на пасаду кіраўніка Вярхоўнага Савета тых асоб, якія не здолелі быць абранымі раней. Тады пад ціскам Дзмітрыя Булахава адпаведныя палажэнні Часовага Рэгламента былі зменены. Кебіч зняў сваю кандыдатуру, а фармальную альтэрнатыву Шушкевічу склаў старшыня камісіі па эканамічнай рэформе, дасягненні эканамічнай самастойнасці і суверэнітэту рэспублікі Леанід Козік.

Шушкевіч пратрымаўся на сваёй пасадзе да 26 студзеня 1994 г. У гэты дзень ён быў адкліканы. Пэўную ролю ў гэтым адыгралі дэпутаты Булахаў, Ганчар і Лукашэнка.

28 студзеня 1994 г. на пасаду Старшыні парламента быў абраны міліцэйскі генерал Мечыслаў Грыб.

За гады існавання Вярхоўнага Савета ў ім узнікалі розныя дэпутацкія групоўкі з пэўнымі акрэсленымі палітычнымі мэтамі. У ліпені 1990 г. было абвешчана аб стварэнні дэпутацкай групы БНФ (З. Пазняк), а таксама групы камуністаў-партыйцаў (М. Качан). У чэрвені 1991 г. узнікла дэпутацкая група «Камуністы Беларусі — за дэмакратыю» (А. Лукашэнка), а таксама група сяброў Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады (БСДГ).

У сакавіку 1992 г. стварылася найбольш буйная па колькасці (спачатку 125, а на максімуме — 207 чалавек) дэпутатцкая група «Беларусь» на чале з Генадзем Казловым. Гэта групоўка адстойвала пазіцыі прэм'ера В. Кебіча ў Вярхоўным Савеце і аб'ядноўвала прыхільнікаў былога савецкага ладу.

У чэрвені 1993 г. у Вярхоўным Савеце было абвешчана пра стварэнне дэпутацкай групы «Згода» (Л. Сечка).

Моцную дэпутацкую групоўку імкнуўся сфармаваць Анатоль Лябедзька. У лютым 1994 г. ён абвясціў аб стварэнні групы «Новыя імёны-новая палітыка», а у верасні 1994 г. — «Грамадзянская згода».

Цяпер, праз чвэрць стагоддзя можна па-рознаму ацэньваць Вярхоўны Савет 12-га склікання. Але, нягледзячы на ўсе свае заганы і слабасці, Вярхоўны Савет Беларусі 12-га склікання даказаў сваю жыццяздольнасць, а ў пэўныя перыяды свайго існавання — нават гатоўнасць да рэформ, дзякуючы чаму быў закладзены фундамент незалежнай Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?