Як аказалася, у расейскіх праваслаўных ёсць свая сацыяльная сетка, якая налічвае амаль 34 тысячы карыстальнікаў. Больш за тое, зусім нядаўна ёй споўніўся год. «Наша Ніва» высветліла, па якіх правілах стасуюцца праваслаўныя, за каго яны моляцца, і ці ёсць праваслаўны гумар. 

Што такое «Еліцы»?

Пра гэта распавядае галоўная старонка сайта, якая са старту сустракае цябе словамі: «Шукайце сяброў, з якімі будзеце маліцца, а не пляткарыць».

Сацыяльная праваслаўная сетка «Еліцы» створана па блаславенні Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі для аб'яднання праваслаўных хрысціян. Вы як праваслаўны карыстальнік можаце знайсці тут аднадумцаў, сяброў для зносін, атрымаць параду ад святара, паўдзельнічаць у саборнай малітве, розных царкоўных і міжпарафіяльных мерапрыемствах, паўдзельнічаць у абмеркаванні падзей праваслаўнага свету і не толькі.

Асноўны профіль

Акрамя прозвішча, імя і даты нараджэння вас просяць пазначыць нябеснага апекуна (чыё імя вам далі пры хрышчэнні) і сямейнае становішча. Тут жа можаце пазначыць, гатовыя вы да зносін ці не.

Сацыяльная сетка дае магчыма зарэгістравацца не толькі простым прыхаджанам, але і ў якасці святара, але тады прыйдзецца прайсці верыфікацыю і запоўніць графы «духоўная ўстанова», «дата пострыгу», «тытул», «дата хіратоніі» і гэтак далей. Каб зарэгістравацца як «місіянер», трэба паказаць званне і прыкласці скан дыплома.

Пасля вы можаце знайсці свой храм на мапе і дадаць сваю парафію.

Далей усё як звычайна: падпісваецеся на вядомых асоб і знаходзіце сяброў-вернікаў.

Тут, дарэчы вельмі не любяць замежныя словы, часам дапісваюць перад ягоным ужываннем слова «прабачце». Нават слова «аватар» выклікае сваркі, бо яно не рускае, а асабліва крэатыўныя прапаноўваюць замяніць яго на «лік» ці «вобраз». 

З кім размаўляць?

Агулам тут зарэгістравана каля 34 тысяч карыстальнікаў. Хоць большасць акаўнтаў забытыя і закінутыя. Усяго ў сацсетцы зарэгістравана каля 600 святароў, але наўпрост пытанне задаць можна пакуль толькі для 17 з іх. У іх ёсць свой рэйтынг — па старшынстве сану і ліку адказаў. З анлайн-бацюшкаў самы цікавы, напэўна, КіберПоп — папулярны святар і відэаблогер Андрэй Фядосаў, інструктуе і адказвае на пытанні ў стылі YouTube-аглядаў.

З самых вядомых персон у «Еліцы» зарэгістраваны Патрыярх Кірыл. На старонцы яго можна пабачыць розныя відэазвароты пра недапушчальнасць грэшнага ладу жыцця і фота з царкоўных мерапрыемстваў.

Ёсць тут і мясцовы Дураў — Валерый Чапухалін, які посціць на сваёй старонцы малітвы за Украіну і Рускі шлях. Чапухалін распавёў у інтэрв'ю Meduzа, што свабоды слова ў ягонай сацсетцы няма. І, мяркуючы па ўсім, сайт прытрымліваецца даволі адназначных палітычных поглядаў. Прыйдзецца здавольвацца цытатамі з Бібліі на кожны дзень і рэцэптамі смачнай і здаровай ежы.

Суполкі

Гэта самае цікавае. Палітыкі тут няма. Ёсць пара суполак, якія рэтранслююць афіцыйную пазіцыю Расіі ў поглядах на свет. У некаторых з іх нават прамова Лаўрова выглядае як выступ бацюшкі падчас службы. Як яны гэта робяць, не зразумела. Для тых, хто засумаваў па палітыцы, то на «Еліцы» поўна пляцовак для гутарак на свецкія тэмы: «Наваросія і свет», «тэрыторыя патрыятызму», «Пуцін і праваслаўе».

Тут часам можна прачытаць пра Пуціна як святога чалавека, малітвы за яго і Вялікую Расію з вялікай літары. Сярод каментароў пад выступамі прэзідэнта можна сустрэць і такое: «Цікава даведацца, колькі часу ў графіку прэзідэнта адводзіцца на малітву і чытанне Св. Пісання і на вывучэнне царкоўна-славянскай мовы?

Ці вось:

Найбольш займальныя – гэта малітвы ў суполках. Тут любяць маліцца за мір ва Украіне ці забітых і распятых дзяцей.

Вось адзін з варыянтаў, у якім просяць вызваліць душы і розум украінцаў ад д'ябла і панавання над імі амерыканскіх гаспадароў.

Але хапае тут і тых, хто асцярожна выказваецца пра палітыку Пуціна і не зусім упэўнены ў правільнасці ягонага шляху. Праўда, такія выказванні лічацца грэшнымі і робяцца звычайна з пазнакай: «Я не магу судзіць». Бо ўся ўлада ад Бога.

 

Ёсць тут прастора і для хобі, розныя паблікі для аўтамабілістаў, спартсменаў, аматараў кіно і паэзіі. На добрым рахунку супольнасці накшталт «Праваслаўныя жартуюць» з анекдотамі і мемами на царкоўныя тэмы. Ну і коцікі, вядома, коцікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?