Аляксандар Зьдзьвіжкоў |
Маці журналіста «Згоды» Аляксандра Зьдзьвіжкова паведаміла , што днямі пойдзе ў ізалятар на Валадарскага, каб высьветліць, чаму ён ня піша дамоў.
Разгляд касацыйнай скаргі былога намесьніка рэдактара газэты «Згода» Аляксандра Зьдзьвіжкова адбудзецца ў Вярхоўным судзе 22‑га лютага. Пра гэта паведамілі ў канцылярыі Менскага гарадзкога суду.
Суд прызнаў Аляксандра Зьдзьвіжкова вінаватым у распальваньні рэлігійнай варожасьці за тое, што два гады таму той перадрукаваў з дацкай газэты карыкатуры на прарока Мухамэда. Журналіст абскардзіў прысуд і зараз утрымліваецца ў менскім сьледчым ізалятары ў чаканьні разгляду скаргі. Мне ўдалося датэлефанавацца да маці Аляксандра Зьдзьвіжкова Ганны Анатольеўны, якая пэўны час была ў ад’ездзе. Жанчына распавяла, што бачыла сына яшчэ да суду ў ізалятары КДБ і ў той час ён дасылаў ёй шмат лістоў.
«А як пасьля суду яго перавялі ў ізалятар на Валадарскага, ліставаньне спынілася.»— непакоіцца Ганна Зьдзьвіжкова.
Днямі жанчына зьбіраецца прыехаць з Барысава ў Менск і пайсьці ў ізалятар.«Па‑першае, трэба перадаць яму перадачу, а па‑другое, высьветліць, што зь ім», ‑‑ кажа Ганна Анатольеўна.
«Чакаю ад яго паведамленьня, што яму патрэбна. Да суду перадавала яму цёплыя рэчы, кнігі і ўсё, што трэба, не лічачы харчоў, а зараз ня ведаю, што трэба. Даслала яму 50 тысяч на капэрты, думала, яму перададуць, але ад яго ўсё роўна ніякіх зьвестак».
Маці Аляксандра Зьдзьвіжкова таксама абураецца жорсткасьцю прысуду, які вынесьлі яе сыну. Яна сказала, што абавязкова прыйдзе на разгляд скаргі ў Вярхоўны суд, але ня ведае, ці пусьцяць яе. Нагадаю, працэс над Аляксандрам Зьдзьвіжковым у Менскім гарадзкім судзе быў закрытым.
Учора, 13‑га лютага дацкія газэты зноў зьмясьцілі на сваіх старонках скандальныя карыкатуры на прарока Мухамэда. «Гэта тлумачыцца імкненьнем мэдыяў «выступіць супраць фанатызму, у абарону свабоды друку і свабоды думак», — патлумачылі дацкія журналісты. А як журналісты ў Беларусі ўспрынялі прысуд Аляксандру Зьдзьвіжкову?
Вядомы газэтны карыкатурыст Алег Папоў бачыў карыкатуры на Мухамэда ў інтэрнэце. «Як прафэсіяналу мне гэтыя карыкатуры ня вельмі спадабаліся. Тым больш я б ня стаў маляваць на гэтую тэму», — шчыра зазначыў карыкатурыст. Але і пакараньне журналісту турмой Алег Папоў не ўхваліў.
«Прычым тут турма? Разумею, калі караюць за парнаграфію, нейкія заклікі… Але таксама не турмой, а звальняюць ці даюць выданьню папярэджаньне. А тое, што за карыкатуры пакаралі турмой — гэта занадта».
Беларускія праваабаронцы і шмат хто ў сьвеце патрабуюць вызваленьня Аляксандра Зьдзьвіжкова, якога лічаць вязьнем сумленьня.