Арцём Небакаткін

У Арцёмкі Небакаткіна ад народзінаў быў пастаўлены жахлівы дыягназ — «паталёгія — атрэзія жоўцевых хадоў». У дзіцёнка разьвіўся незваротны біліярны цыроз печані. Цёму патрэбная была новая печань. У Беларусі такіх апэрацый не рабілі. Хлопчыка згадзіліся праапэраваць у Маскве. Перасадка печані каштавала агромністых грошай — каля 120 тысяч даляраў. Грошы для хлопчыка зьбіралі ўсёй грамадою. І сабралі 162 мільёны беларускіх рублёў. Гэтых грошай было малавата, але маскоўскія дактары пайшлі насустрач і праапэравалі дзіцёнка за гэтую суму.

— Цяпер Арцёмку ўжо два гадкі, пачуваецца хлопчык добра, і па росьце і вазе нават амаль дагнаў сваіх аднагодкаў, ходзіць, нават бегае, — распавядае мама Ала Аляксандраўна. — Вось толькі аказалася, што сабраная сума абкладаецца падаткам — 45 мільёнаў, плюс пеня за пратэрміноўку плацяжу і штраф за несвоечасовую падачу дэклярацыі — яшчэ каля чатырох мільёнаў.

У Міністэрстве па падатках і зборах Але Аляксандраўне параілі напісаць заяву пра вызвальньне ад падаткаў у мясцовы выканкам.

— Я напісала, і мяне вызвалілі на 80 адсоткаў. Засталося заплаціць 9 мільёнаў. Але для нас гэта — агромністая сума! Муж за год столькі не зарабляе! — кажа Ала. — Ма пазычылі грошай, заплацілі. На дабрачынны рахунак нам працягвалі паступаць грошы. Арцёмку кожныя тры месяцы трэба езьдзіць у Маскву на агляд, купляць дарагія лекі. Грошы вельмі прыдаліся б!

Але цяпер зьняць грошы з рахунку не дае банк. Кажуць, мэта дасягнутая, апэрацыя праведзеная. Што рабіць з грашыма на рахунку, у банку пакуль ня вырашылі. А тым часам Але трэба плаціць падатак з тых грошай, якія ёй не аддаюць — 15 мільёнаў. Цяпер жанчына зноў зьвяртаецца ў мясцовы райвыканкам у горадзе Сяньне.

— Тэрмін аплаты ў іх да 15 траўня. Калі ў выканкаме будзе прынятае рашэньне пра вызваленьне ад падаткаў, вызвалім. Час у іх яшчэ ёсьць, — сказалі нам у падаткавай інспэкцыі Сянна.

— У Арцёма Небакаткіна была мэтавая дамова на адкрыцьцё дабрачыннага рахунку тэрмінам на год. Дамова скончылася, і таму мы часова прыпынілі рахунак. Цяпер прымаецца рашэньне, што рабіць з грашыма. Хутчэй за ўсё, іх усё ж аддадуць маці, але прасочаць, каб яны пайшлі на рэабілітацыю ці лекі для хлопчыка, — сказалі ў банку.

Паводле: Аляксандра Слуцкая, «Комсомольская правда» в Белоруссии»

Глядзі яшчэ:
Маленькага Арцёмку зь Віцебшчыны ратавалі ўсёй грамадой

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0