Аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» збірае неабходныя дакументы для падачы заяўкі ў Кнігу рэкордаў Гінэса ў катэгорыі «Самая вялікая колькасць адмоў у рэгістрацыі партыі», паведамляе прэс-служба арганізацыі. 

Прадстаўнікоў Кнігі рэкордаў Гінэса плануецца таксама запрасіць на ўстаноўчы з'езд БХД 13 чэрвеня. Арганізацыя такім чынам хоча прыцягнуць увагу да праблемы нерэгістрацыі палітычных партый і грамадскіх арганізацый у Беларусі. Так, апошняя партыя ў Беларусі была зарэгістраваная ў 2000 годзе. 

«Немагчымасць зарэгістраваць партыю ці грамадскае аб'яднанне — адно з галоўных парушэнняў грамадскіх свабод у Беларусі, — адзначыў сустаршыня БХД Георгій Дзмітрук. — Рэгістрацыя партыі — гэта як выдача пасведчання пра нараджэнне чалавека, прызнанне таго, што такая партыя існуе. А што з ёй будзе далей, пакажа час. Але дзяржава замест таго каб зарэгістраваць БХД, паступае несправядліва, недэмакратычна і нелагічна. Утварэнне партыі БХД — факт, прызнаны ўсімі, акрамя ўлад Беларусі. Настаў час пераадолець страхі, справіцца з фобіямі і перавесці ўзаемадзеянне з БХД у нармальнае рэчышча ў межах закона». 

Як раней паведамлялася, аргкамітэт падаваў заяўкі на арэнду памяшкання для з'езда ў 13 арганізацый, аднак усе адмовілі. У выніку ў Мінгарвыканкам была пададзеная заяўка на правядзенне ўстаноўчага з'езда на плошчы Свабоды ў Мінску. 

Гэта ўжо пятая спроба зарэгістраваць БХД. Першы ўстаноўчы з'езд прайшоў у 2009 годзе, у 2010-м — яшчэ два. Апошняя спроба рэгістрацыі была зробленая ў снежні 2011 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?