У сакавіку 2015 года Камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама зацвердзіў канцэпцыю развіцця гарадоў-спадарожнікаў Мінска. Згодна з ёй, а таксама з пажаданнямі Аляксандра Лукашэнкі аб спыненні інтэнсіўнай забудовы беларускай сталіцы, да 2030 года больш за 120 тысяч жыхароў Мінска мусяць засяліць 6 гарадоў-спадарожнікаў. Для перспектыўнага развіцця абраныя Смалявічы, Лагойск, Фаніпаль, Дзяржынск, Рудзенск і Заслаўе.

Цэнтральная плошча Смалявічаў - Незалежнасці.

Цэнтральная плошча Смалявічаў — Незалежнасці.

Тыповы краявід жылой забудовы ў Смалявічах.

Тыповы краявід жылой забудовы ў Смалявічах.

Смалявічы ў праграму гарадоў-спадарожнікаў унесеныя ў 2010 годзе. Перспектыўнае развіццё гэтага райцэнтра плануецца сумесна з Кітайска-беларускім індустрыяльным паркам. Распрацоўка генплана парка прайшла пад знакам пратэстаў жыхароў раёна, у якіх пад парк мусілі забраць зямельныя надзелы. Але ад саміх Смалявічаў кітайска-беларускі праект размешчаны за дзясятак кіламетраў і ніяк не ўплывае на сталую забудову райцэнтра.

Побач з горадам — вадасховішча.

Побач з горадам — вадасховішча.

Без машыны — ніяк

Транспартнае размяшчэнне Смалявічаў мае свае выгоды — з двух бакоў горад атачаюць дзве рэспубліканскія шашы, паміж якімі праходзіць яшчэ і чыгунка. У прынцыпе, развіццё Смалявічаў як горада і пачалося пасля закладкі чыгуначных вузлоў.

Даезд да Мінска чыгункай займае каля гадзіны — для прыгарада Мінска гэта не так і мала. Маршруткі ў Мінск даязджаюць за паўгадзіны. Аўтобусных маршрутаў у Смалявічах усяго чатыры, а інтэрвал руху — каля гадзіны. Таму жыццё без машыны тут няпростае.

Старая драўляная забудова ў Смалявічах.

Старая драўляная забудова ў Смалявічах.

Каб дабірацца пехатой да школы, садка ці бальніцы мясцовым жыхарам трэба нямала часу — ад паўгадзіны да гадзіны. Сучасны чыгуначны вакзал месціцца на ўскрайку горада, а другая станцыя і асноўная для Смалявічаў, Зарэчнае, больш нагадвае прыпыначны пункт для дачнікаў.

Старыя Смалявічы

Чыгунка ўмоўна дзеліць Смалявічы на паўночную і паўднёвую часткі. У паўночнай частцы — адміністрацыйны цэнтр, шматпавярховая і прыватная забудова, у паўднёвай — пераважна прыватная забудова і прамысловая зона. На плошчы Незалежнасці размешчаны райвыканкам з помнікам Леніну.

У двары драўлянай хаты.

У двары драўлянай хаты.

Крама і касцёл на ўзгорку.

Крама і касцёл на ўзгорку.

Старая забудова Смалявічаў — тыповы райцэнтр з шырокай, пераважна драўлянай, прыватнай забудовай, паміж якой размешчаны асноўныя будынкі інфраструктуры. Нягледзячы на гэта, якасць дарог тут не выклікае пытанняў. Гарадская інфраструктура не вельмі развітая і раскінутая паміж прыватнымі сектарамі.

Шмат у каго на прыватных падворках месцяцца грады і сады.

Шмат у каго на прыватных падворках месцяцца грады і сады.

З турыстычных цікавостак у Смалявічах часткова прыцягльная драўляная забудова, помнік Святому Валянціну ля аднайменнага касцёла і турыстычны патэнцыял двух вадасховішчаў побач з горадам.

Квартал для менчукоў і новыя Смалявічы

Квартал пад забудову дамоў для менчукоў выдзелены на ўскрайку Смалявічаў, побач з маляўнічым вадасховішчам і трасай Р53, якая вядзе ў Мінск.

Ад цэнтра горада да «мінскага квартала» ідуць дзве паралельныя вуліцы — Сацыялістычная і Камсамольская. Будаўніцтва квартала пачалося ў чыстым полі. На дадзены момант цалкам здадзены адзін яшчэ не заселены дом, а другі толькі ўзводзіцца. На будаўнічай пляцоўцы — толькі адзін кран. Побач з будаўніцтвам месцяцца новыя спальныя раёны і «элітны» для Смалявічаў прыватны сектар.

Асноўная праблема для гэтага раёна новых Смалявічаў і «квартала для менчукоў» — адсутнасць камунікацый і інфраструктуры. Да найбліжэйшай школы адсюль — 40 хвілін пехатой, да паліклінікі — паўгадзіны.

З усіх выгодаў — толькі нядаўна пабудаваны дзіцячы садок і прадуктовая крама.

Кошты на кватэры ў новым доме: двухпакаёўка (58 кв. м.) — 32,5 тыс. даляраў, трохпакаёўка (81 кв. м.) — 45,7 тысячы.

Забудова «квартала для менчукоў» толькі пачынаецца.

Забудова «квартала для менчукоў» толькі пачынаецца.

Чыгунка паралізуе рух

Вялікай праблемай для Смалявічаў з’яўляецца, як ні дзіўна, чыгунка. Горад мае толькі адзін пераезд, а чыгуначная магістраль дзеліць горад на дзве часткі. На час праходу цягнікоў аўтамабільны і транспартны рух з адной у другую частку горада паралізуецца на дзесяць-пятнаццаць хвілін.

Здараецца, што пажарныя ці хуткая дапамога спазняюцца па выкліках — бальніца і пажарная частка месцяцца ў розных канцах горада. Грамадскасць Смалявічаў ужо дзясятак год дамагаецца будаўніцтва моста над чыгункай, каб вырашыць гэтую праблему.

Мясцовыя жыхары на пытанне пра развіццё Смалявічаў як горада-спадарожніка рэагуюць па-рознаму. Нехта бачыць у гэтым негатыў — нявырашаныя транспартныя і інфраструктурныя праблемы з павелічэннем колькасці жыхароў толькі ўскладняцца.

А нехта радуецца таму, што горад будзе расці і паступова змяняцца ў лепшы бок, бо з ростам насельніцтва з’явяцца новыя працоўныя месцы, а інфраструктура горада пры гэтым будзе толькі развівацца.

Калі падсумоўваць канцэпцыю развіцця Смалявічаў як горада-спадарожніка, то варта адзначыць, што гэта мае вялікі патэнцыял да развіцця сумежных з Мінскам гарадскіх прастораў.

Больш за 20% насельніцтва Беларусі пражывае ў Мінску, і такі паказчык характэрны для слабаразвітых эканомік. У той жа час сумежныя са сталіцай рэгіёны адчуваюць вялікі недахоп інвестыцый для развіцця сваёй інфраструктуры і мясцовай эканомікі.

Увогуле, развіццё гарадоў-спадарожнікаў, якія ўтвараюць з метраполіяй (у нашым выпадку гэта Мінск) агламерацыю, — тэндэнцыя для развітых капіталістычных эканомік. Калі заможны сярэдні клас паступова пераязджае з перанасычанай сталіцы ў прыгарады.

Але ці пажадаюць менчукі перабірацца на сталае месцажыхарства хоць і ў новыя мікрараёны, але ў не развіты горад-райцэнтр са слабой інфраструктурай і транспартнымі праблемамі — вялікае пытанне і выклік для распрацоўшчыкаў канцэпцыі гарадоў-спадарожнікаў.

Краявіды Смалявіцкага краю.

Краявіды Смалявіцкага краю.

На беразе вадасховішча.

На беразе вадасховішча.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?