24 мая ў Лас-Вегасе беларус Андрэй Арлоўскі ў рамках турніру UFC 187 перамог Трэвіса Браўна з ЗША. Бой быў сапраўды захапляльным — беларус накаўтаваў амерыканца напрыканцы першага раўнда пасля шалёнага размену ўдарамі ў стойцы. Паядынак быў абраны «найлепшым боем турніру».

Варта адзначыць, што гэта была ўжо трэцяя запар перамога Андрэя па вяртанні ў наймацнейшую ў свеце ММА-арганізацыю, якой з’яўляецца UFC (Ultimate Fighting Championship). Цяпер Арлоўскі з рахункам у 24 перамогі пры 10 паразах падняўся на чацвёртую пазіцыю ў спісе байцоў у цяжкай вазе. Арлоўскаму цяпер 36 гадоў.

Арлоўскі і Браўн — добрыя сябры. Спартоўцы тры гады трэніравалася разам, а некаторы час Андрэй нават жыў у доме свайго сябра. Арлоўскі спрабаваў нават папрасіць прабачэння ў Браўна за такі жорсткі бой, на што той адказаў: «Не трэба ніякіх прабачэнняў, ты рабіў сваю працу».

Варта ўзгадаць таксама і яшчэ пра адно сяброўства Арлоўскага: ён быў у вельмі добрых стасунках з хакеістам Русланам Салеем, які загінуў у авіякатастрофе ў 2011 годзе. Яны пазнаёміліся за тры гады да гэтай трагедыі, калі Салей яшчэ гуляў за «Анахайм» у НХЛ, а Арлоўскі рыхтаваўся там да бою. «Пасля пахавання я паабяцаў яго сыну, што ў наступны раз у Лос-Анджэлесе пайду з ім разам на каток. Спецыяльна для гэтага я наняў персанальнага трэнера і тры разы на тыдзень катаўся на каньках. Гэтая трагедыя падштурхнула мяне да заняткаў хакеем». Арлоўскі нават двойчы выходзіў на баі ў хакейных швэдарах з прозвішчам Салея.

Андрэй Арлоўскі — не толькі баец, але і акцёр. Знакаміты спартовец браў удзел у здымках трэцяй і чацвёртай частак фільма «Універсальны салдат», дзе здымаўся разам з Жан-Клодам Ван Дамам.

«Ван Дам — нармальны, кампанейскі, таварыскі чалавек. Аднойчы Ван Дам спрабаваў мне нейкія ўдары паказваць. Ішлі з ім разам у Балгарыі. Быў сакавік — бруд, снег, золь. І ён стукнуў нагой па маёй дарагой куртцы. Я яму проста сказаў: «Яшчэ раз ўдарыш — адкажу». Проста я вельмі беражліва стаўлюся да сваіх рэчаў».

«Я — пыхлівы і карыслівы чалавек. Адназначна, — не хавае Арлоўскі. — Не верце тым, хто кажа, што ён б’ецца за тытулы, паясы, граматы і медалі. Я ўсё гэта прайшоў. Усе хочуць зарабляць. Я не выключэнне. Грошай заўсёды мала».

Цяпер беларус стаў больш абачлівым у сваім жыцці: «Усё ідзе ў сям’ю. Таго вар’яцтва, якое я сабе мог дазволіць у маладосці, ужо не дапускаю».

Пра сваю сям’ю, дарэчы, Арлоўскі амаль нічога не расказвае. Ён жыве з жонкай і трохгадовым сынам у Чыкага, а трэніруецца ў Альбукерке, што ў штаце Нью-Мехіка. На радзіму ў Бабруйск Арлоўскі прыязджае тры-чатыры разы на год, але ніколі сваіх візітаў не афішуе, таму заспець яго практычна немагчыма.

Яшчэ адна важная дэталь яго сямейнага дабрабыту і не толькі — пітбуль Максімус. Паколькі Арлоўскі носіць мянушку Пітбуль, то сабака з’яўляецца яго талісманам — пастаянным спадарожнікам на трэніроўках і разнастайных медыйных акцыях. Андрэй актыўна прасоўвае гэты брэнд, нават на баі выходзіць з капай з ікламі, як у сабакі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?