Зьвярнула ўвагу на публікацыю Глеба Лабадзенкі «Кастуся Калиновского на самом деле звали Викентием» у «Комсомольской правде в Беларуси», падрыхтаваную паводле гутаркі з гісторыкам Анатолем Грыцкевічам. Там шаноўны прафэсар сьцьвярджае, што сярод беларускай шляхты не было заведзена выкарыстоўваць другое імя, і наш герой (поўнае імя Каліноўскага — Вінцэнт Канстанцін) «заўсёды сябе называў і падпісваўся Вікенціем Каліноўскім».

Сапраўды, пад афіцыйнымі дакумэнтамі ён падпісваўся так, як яго назвалі бацькі і як зарэгістравалі, калі хрысьцілі. А вось як ён сябе называў, паспрабуем разабрацца. Гляджу зборнік матэрыялаў і дакумэнтаў, падрыхтаваных літоўскімі і беларускімі навукоўцамі да 100‑годзьдзя паўстаньня 1863 г. Там паўсюль фігуруе другое імя Каліноўскага — Канстанцін. Так яго называлі і ягоныя паплечнікі (Ільдэфонс Мілевіч, Язэп Каліноўскі, Станіслаў Ажэшка, Франц Канаплянскі), і расейскія ўлады. Толькі Язэп Ямант ужыў ініцыялы В.‑К., а крыху ніжэй, у гэтых жа паказаньнях, К. і В. А вось Франц Канаплянскі засьведчыў пэўна: «Господин этот, назвавшийся Константином (впоследствии я узнал, что он Калиновский), вручил мне…» Канстанцінам пасьлядоўна называе Каліноўскага і першы гісторык паўстаньня Аскар Авэйдэ, знаёмы зь ім яшчэ з часу навучаньня ў Пецярбурскім унівэрсытэце.

Такім чынам, спадар Анатоль Грыцкевіч ня мае рацыі: Каліноўскі, бясспрэчна, карыстаўся ў жыцьці другім сваім імем. Калі б было іначай, сябры і паплечнікі ня звалі б яго Канстанцінам. Відаць, «правіла першага імя» не было абсалютным. Другім імем карыстаўся, напрыклад, і Андрэй Тадэвуш Банавэнтура Касьцюшка.

Думаю, у тым, што Каліноўскі звычайна не ўжываў першага імя, быў і практычны сэнс: яно сугучнае, асабліва ў расейскай форме, зь імем старэйшага брата (Викентий — Виктор), зь якім яны ў сталым узросьце, ад 1855 г., жылі разам — спачатку ў Маскве, а потым у Пецярбургу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?