У Беларусі фарміруецца сучаснае гарадское асяроддзе, у якім беларуская мова становіцца элементам прэстыжу, заявіў старшыня «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» (ТБМ) Алег Трусаў, выступаючы 28 мая на VI Міжнародным кангрэсе беларусістаў у Мінску. 

Ён звярнуў увагу на тое, што такія тэндэнцыі ў першую чаргу характэрныя для моладзі. Пра гэта сведчаць «шматлікія моўныя курсы, два моўныя варыянты энцыклапедыі Wikipedia», а таксама «актыўная дзейнасць беларускіх пісьменнікаў і грамадскіх дзеячаў, гісторыкаў і краязнаўцаў». 

«Пасля сумна вядомых падзей ва Украіне кансалідацыя беларускай нацыі на глебе нацыянальнай гісторыі і культуры паскорылася. І ў гэтым працэсе вы, шаноўныя спадары, непасрэдна ўдзельнічаеце», — звярнуўся Трусаў да прысутных на кангрэсе. 

Старшыня ТБМ заўважыў, што за час свайго існавання ў беларускай мовы «былі як перамогі, так і паражэнні». У XIV—XVI стагоддзях «назіраўся яе ўздым як дзяржаўнай мовы ВКЛ і мовы міжнацыянальных зносін усёй Цэнтральнай і Усходняй Еўропы». Са стварэння Рэчы Паспалітай пачалася «шматгадовая паланізацыя, якая прывяла да таго, што з 1697 года дзяржаўнай мовай ВКЛ стала толькі польская». «Пасля паўстання 1863—1864 гадоў надышлі часы татальнага русіфікавання, якія працягваліся да рэвалюцыі 1905 года, — сказаў Трусаў. — Тым не менш у гэтых надзвычай неспрыяльных умовах беларуская мова не загінула, але развівалася і неўзабаве стала мовай навучання, атрымала статус сучаснай літаратурнай мовы». 

Дваццатае стагоддзе для беларускай нацыі адзначылася дзвюма хвалямі нацыянальнага адраджэння — у 1920-х і 1990-х гадах. Тым часам мове тытульнай нацыі аддавалася перавага на дзяржаўным узроўні. Аднак у сярэдзіне 1990-х гадоў, нагадаў ён, адбыўся «сумна вядомы рэферэндум», на якім «52% грамадзян Беларусі прагаласавалі за роўнасць рускай і беларускай моў». «Спытайце ў беларускіх улад, дзе гэта гарантаваная роўнасць, за якую выказаўся талерантны беларускі народ? Колькі ў нас беларускамоўных школ працуюць у вялікіх гарадах, колькі ўніверсітэтаў выкладаюць на дзяржаўнай беларускай мове?» — задаў пытанні старшыня ТБМ. 

«Таму мы вельмі рады, што вас зацікавіла наша беларуская мова, карані якой сыходзяць у II тысячагоддзе да нашай эры. Невыпадкова яна захавала некаторыя прыкметы старажытнага санскрыту, найперш слова «веды». Пакуль вы збіраеце веды пра Беларусь, яе мову і культуру, яна застанецца незалежнай дзяржавай на карце Еўропы і свету», — падсумаваў Трусаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?